Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧАМУ Ў ГАЛОЎНЫМ БАСЭЙНЕ БЕЛАРУСІ ВЫПАДАЮЦЬ ШЫБЫ?


Ігар Карней, Менск

Гэтыя кучы шкла адгароджаныя стужкамі з надпісамі: “Асьцярожна! Небясьпечная зона!” Нягледзячы на аварыйную сытуацыю, квіткі ў басэйн прадаюцца без абмежаваньняў.

У Палацы воднага спорту па-ранейшаму шматлюдна. У трох басэйнах стала займаюцца ватэрпалісты, скакуны з трампліну, дайвэры, побач працуе сэкцыя воднай аэробікі. Рэдкія вольныя дарожкі аддалі дзіцяча-юнацкім школам і шараговым наведнікам. І ўсё гэта — у досыць нечаканым антуражы: вакол басэйна стаяць будаўнічыя рыштаваньні, на якія раз-пораз узьбіраюцца будаўнікі зь вялізнымі кавалкамі фанэры. Рэч у тым, што сьцены палацу напалову складаюцца са шкла, і апошнімі днямі шыбы памерам 2 на 2 мэтры самі пачалі выпадаць на падлогу. Некаторыя дзіры забіваюць фанэрай, але ў бальшыні шыбаў пагрозьліва тырчаць шкляныя “зубы”.

Наведнікі кажуць: пасьля трагедыі ў маскоўскім аквапарку “Трансвааль” гэта выклікае непрыемныя пачуцьці. Вось што гаворыць спадарыня Людміла:

(Людміла: ) “З задавальненьнем да нядаўняга часу хадзілі ў басэйн, але цяпер — з асьцярогай. Пасьля рамонту палац гэтак жа нагадвае будаўнічую пляцоўку. І як плывеш на сьпіне, дык можна налічыць болей за дваццаць шыбаў з пабітым шклом. Усе наведнікі адзін у аднаго пытаюцца: што гэта робіцца? Самі ўзьнікаюць асацыяцыі з сумна вядомым “Трансваалем”. Таму хвалюесься і за бясьпеку дзяцей, і за ўласную. Шчыра кажучы, неяк трохі й баімся. Бо невядома, што адбываецца: ці дах прасядае, ці шкло такое няякаснае? Але будаўнікі кожны раз нешта ладзяць”.

У адміністрацыі Палацу воднага спорту ня лічаць сытуацыю экстрэмальнай: маўляў, шкло з часам заменяць. Аднак адзін са штатных загадчыкаў гаспадаркі выказаў меркаваньне, што рэч, хутчэй за ўсё, ня ў шкле. Адрозна ад “Трансваалю”, дзе адна з вэрсіяў трагедыі — кандэнсат ад рэзкага перападу тэмпэратураў, у менскім басэйне падтрымліваецца тэмпэратура пакаёвая. Пэўна, у дадзеным выпадку прычынай ёсьць толькі тэхнічныя пралікі: шкло лопаецца, бо на яго цісьне дах.

Між тым, на другім паверсе Палацу воднага спорту, у кавярні, выстаўлены макет будучага аквапарку, які прыладзяць да асноўнага будынку. Мяркуючы з формы, канструкцыя ледзьве не напалову будзе складацца са шкла. Але на тое, што пераглядаць праект ніхто намеру ня мае, сьведчыць і ўжо выкапаны катлаван пад падмурак. Мая суразмоўца, спадарыня Людміла, кажа, што прынамсі яна не рызыкне весьці дзяцей у гэты аквапарк.

(Людміла: ) “Нават ня ведаем, чаго чакаць ад новага аквапарку. Шыльды зь ягонымі эскізамі ўжо вісяць, зь іх бачна, што канструкцыя будзе сучасная. На жаль, як паказвае досьвед, сучасныя канструкцыі не зусім дасканалыя”.

Палац воднага спорту — не адзіны спартыўны аб’ект, рэканструкцыя якога вялася ў максымальна сьціслыя тэрміны. У часе нядаўняга юніёрскага чэмпіянату сьвету ў хакеі, які праходзіў у Менску, у толькі што адрамантаваным Палацы спорту надзвычайныя здарэньні істотна папсавалі аўтарытэт Беларускай фэдэрацыі хакею і ўсяго Нацыянальнага алімпійскага камітэту. Некалькі дзён запар у часе матчаў на лядовую пляцоўку падала шкло з агароджы вакол хакейнай “скрыні”. Як паказала экспэртыза, прычына зусім ня ў якасьці фінскага шкла (як гэта спрабавалі даводзіць адразу), а ў тэхнічных хібах падчас мантажу канструкцыі.
XS
SM
MD
LG