Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК ХАРЧАВАЦЦА, КАБ ВЫВЕСЬЦІ РАДЫЯНУКЛІДЫ?


Іна Студзінская, Менск

Бадай, пры ўсіх без выключэньня захворваньнях, зьнясіленьні арганізму адмыслоўцы раяць добра сілкавацца, есьці паболей садавіны і гародніны, піць натуральныя сокі. Беларусам пасьля Чарнобылю асабліва карысна для вывядзеньня з арганізму радыянуклідаў ужываць, прыкладам, морапрадукты, чорную ды чырвоную ікру, сокі зь мякацьцю, заморскую садавіну — фэйхоа, ківі, авакада, перапёлчыны яйкі. Кошты на іх, мякка кажучы, “зашкальваюць”. Пра морапрадукты і ікру бальшыня беларусаў можа толькі марыць. Фэйхоа, да прыкладу на Камароўцы каштуе 40 тысяч за кіляграм. Нават дробненьнкія перапёлчыны яйкі — 1 тысячу за дзясятак.

Таму для ачышчэньня арганізму ад назапашанай радыяцыі адмыслоўцы прапануюць больш танныя, але ня менш эфэктыўныя сродкі. Вось парады траўніка Валера Лістратава:

(Лістратаў: ) “Адным са сродкаў народнай мэдыцыны, якія спрыяюць вывядзеньню радыянуклідаў, зьяўляецца адвар семя лёну. Для прыгатаваньня адвару бяруць адну трэцюю частку адвару, заліваюць яе адным літрам кіпеню і награваюць на вадзяной лазьні дзьве гадзіны. Затым ахалоджваюць да пакаёвай тэмпэратуры і прымаюць праз розныя прамежкі часу некалькі разоў на дзень — пачынаюць ад 12-й гадзіны, і апошні раз перад сном”.

А вось зёлкамі захапляцца Валер Лістратаў ня раіць. Асабліва ў забруджаных зонах, бо многія расьліны акумулююць радыянукліды. А па-другое, нават чыстыя расьліны не заўсёды карысныя. Напрыклад, той жа сьвятаяньнік (па-расейску “зверобой”), хоць і ачышчае кроў, але падвышае адчувальнасьць скуры да выпраменьваньня.

Валер Лістратаў рэкамэндуе ўжываць часнок. Нашча і вечарам, перад сном, глынаць цалкам два-тры невялікія зубкі часнаку. Пры такім прыёме часнаку, сьцьвярджае спадар Лістратаў, яго пах не адчуваецца.

Другі рэцэпт: 150 грамаў часнаку настойваюць на паўлітры сьпірту тры тыдні й потым прымаюць па 20 кропляў у паўшклянцы малака тройчы ў дзень.

І яшчэ адна парада ад траўніка Валера Лістратава:

(Лістратаў: ) “Эфэктыўна выдаляюць радыянукліды і мэталы з арганізму жмакі, якія застаюцца пасьля выцісканьня сокаў. Адну-дзьве сталовыя лыжкі гэтых жмакаў прымаць і запіваць невялікай колькасьцю вады. Дзецям гэты рэцэпт вельмі карысны. Акрамя таго, жмакі буракоў здымаюць павышаны крывяны ціск”.

У Інстытуце радыяцыйнай бясьпекі “Белрад” беларускія навукоўцы разам зь немцамі распрацавалі пэктынавы дадатак “Вітапэкт”. Ва Ўкраіне “Вітапэкт” вырабляюць сем заводаў, у Беларусі — толькі адна лябараторыя інстытуту. Распавядае дырэктар “Белраду” прафэсар Васіль Несьцярэнка:

(Несьцярэнка: ) “Вітапэкт” — гэта парашок. Вы бераце 100 грамаў цёплай вады альбо ёгурт, распушчаеце адну чайную лыжачку раніцай і ўвечары. І калі вы пап’яце 20 дзён, то 50–70% радыянуклідаў з вашага арганізму будзе выведзена. А калі ўключаюцца толькі біялягічныя працэсы арганізму, калі чалавек адзін раз зьеў забруджаную ежу, трэба 100 дзён, каб выйшла толькі палавіна. Грыбочкі адзін раз добра паеў — і толькі праз год трэцяя частка радыянуклідаў выйдзе”.

“Вітапэкс” параўнальна недарагі. Адзін курс ачышчэньня арганізму (20 дозаў) будзе каштаваць 6 тысяч беларускіх рублёў.

І як бы ні супакойвалі нас, што небясьпекі ўжо амаль няма, трэба думаць пра сваё здароўе, уключаць уласны інтэлект, cамім перасьцерагацца. Безумоўна, імкнуцца зарабляць на добрае харчаваньне — але й прыслухацца і да парадаў народнай мэдыцыны, таннай і даволі эфэктыўнай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG