Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ ПАЧАЎСЯ “ЭКАФОРУМ”


Віталь Сямашка, Менск

Фэст адбываецца без традыцыйнага для такіх мерапрыемстваў патранажу з боку адміністрацыі прэзыдэнта. Заснавальнікам стаў Беларускі саюз кінэматаграфістаў. Воплескамі быў сустрэты Эдмундас Янсас з Латвіі, у якой мясцовыя эколягі дамагліся, каб дыктары ў чыгуначных ды аэравакзалах паўтаралі выраз “Тэрыторыя чыстая не тады, калі яе прыбіраюць, а тады, калі не забруджваюць”. Наогул жа, усе адразу сышліся ў тым, што ні ўлада, ні грамадзтва эколягаў ня чуюць. Гаворыць Алена Цітова, сяброўка журы ды прадусарка экалягічнага кінафэсту “Зялёны погляд”, што дзевяць гадоў адбываўся ў Санкт-Пецярбургу.

(Цітова: ) “Людзям трэба выбірацца з гэтага жаху, і выбірацца самім. Вось вы гаворыце пра вашага прэзыдэнта. Гэта ў мэнталітэце славянскіх народаў — думаць: вось прыедзе дзядзька, дзядзька нас навучыць. А часам і засудзіць. Шмат нашумела эпапэя з нашым падводнікам Нікіціным, які раскрыў зьвесткі аб неперапрацаваных ядзерных адкідах з падводных лодак. Мы паказалі па-за конкурсам фільм пра яго — “Сакрэтны калодзеж”. Была гарачая дыскусія, і ўсе паехалі з касэтамі зь фільмам са словамі “Гэта трэба абавязкова паказаць!” Праз год я паднялася на фэсьце ў Нямеччыне і запыталася: “Спадарства, хто з вас паказаў гэты фільм?” Ніводнай рукі! Чаму? Для камэрцыі гэта “неглядзельна”.

Толькі з раніцы стала вядомае прозьвішча старшыні журы “Экафільму”. Замест польскай рэжысэркі Ёаны Вяржбіцкай, што не змагла прыехаць з Варшавы, узначаліў журы вядомы беларускі кінадакумэнталіст Віктар Шавялевіч:

(Шавялевіч: ) “Самае галоўнае, што гэты фэст народны, таму што права браць у ім удзел мае любы чалавек, у якога баліць душа за экалёгію. Мне здаецца, што Беларусь мае права быць цэнтрам экалягічнага руху Эўропы. Усе мы ведаем, што такое Чарнобыль — SOS, крык душы. Цяпер крык пачуты суседзямі, таксама зь Японіі карціна — там Хірасіма. Невыпадкова гэты фэст упершыню праводзіўся ў Інстытуце Сахарава. Гэта той чалавек, які змагаўся, каб ядзерныя катастрофы мінулі. З таго, што пабачыў, высокі тон зададзены…”

Якраз напярэдадні эфіру прыйшла прыемная навіна зь Нью-Ёрку. 27 красавіка ў Генэральнай асамблеі ААН адбудзецца прэзэнтацыя для дыпляматаў фільму “Сэрца Чарнобылю”, які здымаўся кінадакумэнталістамі кампаніі “Сынэмакс-філмз” у Беларусі і атрымаў ужо ў Амэрыцы дакумэнтальнага “Оскара”. Удзельнікі ж менскага “Экафільму” ўвечары накіруюцца ў адную зь менскіх пратэстанцкіх цэркваў, дзе ўсе фэстывальныя дні іх будуць частаваць адмысловымі экалягічна чыстымі вэгетарыянскімі стравамі.
XS
SM
MD
LG