Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З МАР’ІНАЙ ГОРКІ ПАД МЕНСКАМ У ІВАЦЭВІЦКІ РАЁН ПЕРАЯЖДЖАЕ ЗЭНІТНАЯ РАКЕТНАЯ БРЫГАДА


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Чым патлумачыць, што цэлая брыгада сілаў супрацьпаветранай абароны кідае даўно засвоенае месца ў цэнтры краіны і пераяжджае на новыя кватэры паблізу заходняй мяжы?

Вайскоўцы спасылаюцца на плян рэфармаваньня войска краіны, прыняты яшчэ некалькі гадоў таму. Маўляў, усе перадысьлякацыі праводзяцца згодна з гэтым плянам, і апошнія падзеі ў блёку НАТО, да якога далучыліся прыбалтыйскія краіны, тут ні пры чым. Аднак пры гэтым у прэсавай службе Міністэрства абароны празналі, што пераезд зэнітчыкаў з Мар’інай Горкі ў Даманава пад Івацэвічамі — выключны выпадак за апошнія два гады. А незалежныя адмыслоўцы перакананыя: перадысьлякацыя зэнітчыкаў — безумоўны сыгнал Эўропе, паказчык таго, што заходні кірунак для Беларусі самы галоўны.

Дарэчы, згадваюць адмыслоўцы і пра расейскі абароны аб’ект, які месьціцца недалёка — пра станцыю радыялякацыйнага сачэньня ў Ганцавічах. Вынікае, што беларускія зэнітчыкі ў Даманава будуць дадатковым шчытом для расейскіх апэратараў радыялякацыйнай выведкі.

Як адбываецца пераезд вайскоўцаў? Афіцыйныя крыніцы заяўляюць, што аўралу ня будзе, усе прадугледжана. Нібыта афіцэраў ужо чакаюць сорак кватэраў, салдатаў — адрамантаваныя казармы. Вайсковую тэхніку ня кінуць пад чыстым небам, а паставяць у боксы, якія ўжо падрыхтаваныя. Паводле рапартаў, першы эшалён з вайскоўцамі і тэхнікай ужо на разгрузцы. Астатнія зэнітчыкі мусяць пераехаць у Даманава да 6 траўня.

Чым ёсьць пераезд для вайскоўца — калі ён добры, а чым небясьпечны? Пра гэта я спытаўся ў былога міністра абароны Беларусі Паўла Казлоўскага:

(Казлоўскі: ) “Вайскоўцы кажуць гэтак — два пераезды роўныя аднаму пажару. Нядаўна я падлічыў, што пераяжджаў за сваю вайсковую кар’еру 23 разы, зьмяніў 23 кватэры. І сапраўды магу засьведчыць, што два пераезды роўныя пажару”.

Акрамя пэўных стратаў маёмасьці Павал Казлоўскі адзначае таксама, што вайскоўцы сумуюць па месцах і людзях, зь якімі разьвіталіся. Але сем’і да афіцэраў далучаюцца не адразу. Што да вайсковай неабходнасьці, то былы міністар абароны Павал Казлоўскі выказваецца за тое, каб беларускія афіцэры часьцей мянялі свае месцы службы. Ён спасылаецца на міжнародны досьвед. Прыкладам, у арміі Францыі для афіцэраў прынятая норма: раз на два гады мяняць гарнізон. У нас гэта немагчыма з-за недахопу грошай — новыя кватэры афіцэрам няма за што будаваць, вось і сядзяць усё жыцьцё ў адным гарнізоне, заўважае Павал Казлоўскі.
XS
SM
MD
LG