Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“БЕЛАРУСЬ АБВЕСЬЦІЛА НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ ПАД ЗНАКАМ КАЗЯРОГА”


Браніслава Станкевіч, Віцебск

(Краснабаева: ) “Ільву лепей пачынаць сваю справу, калі сонца будзе ў знаку Цяльца. Гэта дзясяты знак ад вашага знаку Задыяку”.

Да нядаўняга часу мае веды ў галіне астралёгіі і абмяжоўваліся хіба тым, што мой задыякальны знак – Леў. І рубрыка “Гараскоп” на апошняй газэтнай старонцы мяне асабліва ніколі не цікавіла, пакуль у віцебскай газэце “Гостинный двор” я выпадкова не натрапіла на зусім ужо дзіўную абвестку: “Віцебскі цэнтар маркетынгу прапануе паслугі бізнэс-астроляга. Гараскоп на Вашае прадпрыемства дапаможа ў Вашым бізнэсе!”

Такім чынам я пазнаёмілася са Сьвятланай Краснабаевай, якая скончыла ў Маскве Вышэйшую школу клясычнай астралёгіі, і цяпер ёсьць пакуль што адзіным у Віцебску бізнэс-астролягам.

(Краснабаева: ) “Я ня проста “зь неба” астроляг. Я маю цалкам нармальны дыплём. Вось у Маскве бізнэс-астралёгія проста “квітнее””.

У Маскве, можа, і квітнее, а вось у нашых невялікіх беларускіх гарадах бізнэс– прагнозы ня дужа запатрабаваныя, дый бізнэс-астролягаў ёсьць усяго некалькі чалавек – Вадзім Чаркасаў у Магілеве, пра якога я даведалася шляхам пошукаў у інтэрнэце, ды вось жа спадарыня Сьвятлана, якая распавядае мне галоўны сакрэт пабудовы бізнэс-гараскопу.
(Краснабаева: ) “Для бізнес-гараскопу трэба ўлічваць дату і час рэгістрацыі фірмы. Звычайна бярэцца дванаццатая гадзіна дня, бо момант рэгістрацыі, калі штамп паставілі, звычайна не вядомы. Калі б гэта ведаць, было б проста ідэальна”.

(Карэспандэнтка: ) “Няўжо з дапамогаю зорак можна прадказаць нават фінансавыя праблемы?”

(Краснабаева: ) “Фінансы залежаць ад Цяльца і Вэнэры”.

(Карэспандэнтка: ) “Дазвольльце нясьціплае пытаньне, таксама пра фінансы. Колькі каштуюць вашыя паслугі?”

(Краснабаева: ) “Пакуль я бяру 20 тысяч. Мне здаецца, гэта няшмат, але ў Віцебску людзі проста ня ведаюць, што можна скласьці гараскоп нейкай арганізацыі, каб потым ёй нешта параіць – калі заключаць дамовы, калі праводзіць імпрэзы. Бо як лядоўня, як прас маюць да сябе інструкцыі, так і гараскоп ёсьць інструкцыяй таксама”.

(Карэспандэнтка: ) “А наколькі гэта складаны працэс – праца над бізнэс-гараскопам?”

(Краснабаева: ) “Так, гэта складаная праца. Гараскоп складае кампутар, а вось каб яго “расшыфраваць”, можа спатрэбіцца і не адзін дзень”.

Паколькі гаворка пра магічны ўплыў зорак закранула цалкам матэрыяльныя кампутарныя тэхналёгіі, то па камэнтар да пачутага я вырашыла зьвярнуцца да яшчэ аднаго адмыслоўца – знаёмага “кампутаршчыка” Сержука Серабра.

(Серабро: ) “Цяпер існуе цэлае мноства камэрцыйных праграмаў, якія зводзяць працу сучасных астролягаў практычна да працы апэратараў ПЭВМ: дастаткова задаць неабходныя парамэтры – час, месца нараджэньня, даўгату, шырату, і кампутар сам “выдасьць” гарскоп паводле замовы астроляга. І гэты заробак нічым ня горшы за набор тэксту, вёрстку або іншую працу на кампутары! Я сам гэтым некалі цікавіўся, зьліў сабе з інтэрнэту праграмку ды атрымаў свой гараскоп за некалькі хвілінаў”.

З давён даўна “пара-навука” астралёгія знаходзіцца ў апазыцыі да астраноміі – навукі выключна матэрыялістычнай. Але вядомы навуковец, адзін з аўтараў упершыню выдадзенага сёлета беларускага падручніка па астраноміі Ўладзімер Голубеў лічыць складаньне бізнэс-гараскопаў заняткам ня столькі антынавуковым, колькі антымаральным.

(Голубеў: ) “Увогуле і астраномія, і астралёгія імкнуцца патлумачыць сувязі чалавека з космасам. І такія сувязі, безумоўна, ёсьць, бо мы ўвесь час адчуваем гравітацыйныя палі, купаемся ў электрамагнітным выпраменьваньні… Скласьці гараскоп можа кожны, хто займаецца астраноміяй. Але вось інтэрпрэтаваць яго, даваць наейкія прагнозы – тут я супраць. Бо ў кожнага чалавека мусіць быць поўная свабода дзеяньняў!”

Падобны погляд на бізнэс-астралёгію выказала і кандыдат псыхалягічных навук Ганна Мяцеліца.Слухаючы яе, я нават зьдзівілася, што акадэмічныя навукоўцы ёсьць часам куды большымі рамантыкамі, чымсьці самі адмыслоўцы-астролягі!

(Мяцеліца: ) “Я лічу, што астралёгія дапамагае чалавеку спазнаць сябе. А спазнаць – гэта значыць самаўдасканальвацца, расьці… Што да бізнэсу, то, я думаю, гэта прыкмета шарлатанства ды злоўжываньня гэтай навукай. Бо ўсім зразумела, што ўсё тут залежыць ад пэўных законаў у грамадзтве, ад якасьцяў заснавальніка… Я б параіла не да астролягаў зьвяртацца, а да тых фірмаў, якія займаюцца разьвіцьцём лідэрскіх якасьцяў”.

Пасьля столькіх разнастайных меркаваньняў нарэшце варта даць выказацца і “галоўным героям” – прадпрымальнікам ды бізнэсоўцам – патэнцыйным кліентам бізнэс-астролягаў.

(Прадпрымальніца: ) “Прыкладна год таму мы з мужам прачыталі ў газэце, што ёсьць жанчына-астроляг, якая складае бізнес-прагнозы. Мы зьвярнуліся да яе, і яна склала гараскоп нашай фірмы, парэкамэндавала, калі лепей рабіць закупку тавару, калі – заключаць кантракты. Усё гэта выдатна, але нашыя эканамічныя варункі дыктуюць свае ўмовы, і той астралягічны прагноз не спраўджваецца”.

(Прадпрымальніца: ) “Вось каб я жыла за мяжой, і ў мяне была б уласная крама, а ня гэты вось кавалачак прылаўка, я, можа, і складала б бізнэс-гараскопы. А з нашай нестабільнай эканомікай, калі кожны дзень выдумляюць новыя законы, ніякая бізнэс-астралёгія нам не дапаможа”.

Паводле меркаваньня бізнэс-астроляга Сьвятланы Краснабаевай, і гэткі недавер беларускіх прадпрымальнікаў да любых эканамічных прагнозаў у нашай краіне таксама могуць патлумачыць зоркі.

(Краснабаева: ) “Проста Беларусь абвесьціла незалежнасьць пад знакам Казярога, калі Сонца і Месяц былі ў апазыцыі адно да аднаго. І калі Сонца ў мунданнай мапе ўвасабляе ўладу, а месяц – народ, то робіцца зразумелым, што беларускі народ будзе ў апазыцыі з урадам. І прымірыць гэтыя два бакі будзе вельмі цяжка”.
XS
SM
MD
LG