Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СУДЗЯЦЬ СТВАРАЛЬНІКА САЙТУ PESNIARY.COM


Любоў Лунёва, Менск

Сайт Pesniary.com стварыў малады праграміст Хведар Караленка. Там можна знайсьці інфармацыю пра ансамбль “Песьняры”, паглядзець фатаздымкі й паслухаць песьні ў выкананьні ансамблю, запісаныя з грампласьцінак фірмы “Мелодия”. Хведар атрымаў падзякі ад выканаўцаў, а таксама рэдкія фатаздымкі, таму выклік у міліцыю стаў для яго нечаканым. Судзьдзя Аляксандар Тачкар перанес разгляд справы на 27 красавіка, бо ў суд не прыйшлі прадстаўнікі другога боку.

(Караленка: ) “Я прыйшоў у суд, але суд не адбыўся не па маёй віне. Не прыйшлі тыя, хто падпісалі заяву, каб мяне прыцягнулі да адказнасьці. Мяне зьдзівіла пазыцыя супрацоўніка АБЭЗ, які склаў пратакол толькі на падставе гэтай заявы, без усялякіх пацьверджаньняў, без праверкі фактаў. Абвінавацілі мяне ў распаўсюдзе пірацкай прадукцыі. Я думаю, што яны разумеюць абсалютна дакладна, што ніякіх грошай не атрымаюць. Галоўная мэта — стварыць прэцэдэнт. Прэцэдэнт прыцягненьня да адказнасьці за разьмяшчэньне музычных файлаў у сетцы Інтэрнэт. Упершыню ў Беларусі такі працэс”.

Хведар Караленка думаў убачыць у судзе Ігара Лучанка і Сьвятлану Пенкіну. Але насамрэч заяву ў міліцыю падавала фірма “РУПИС”. Прадстаўнік фірмы Андрэй Шэлест патлумачыў Радыё Свабода, што фірма дзейнічае ў інтарэсах аўтара Ігара Лучанка і ўдавы Ўладзімера Мулявіна Сьвятланы Пенкінай.

(Шэлест: ) “З Лучанком і спадкаемцам Мулявіна нас зьвязваюць дамоўныя адносіны. Мы як іх прадстаўнікі, як аўтарская арганізацыя, якая ахоўвае інтарэсы аўтараў. Яны зьвярнуліся і сказалі, што ёсьць такое парушэньне ў Інтэрнэце. Мы зьвярнуліся ў абласны АБЭЗ. Гэта перш за ўсё выстаўленьне для агульнага ведама, а гэта можна рабіць толькі з дазволу аўтараў. Тое, што са старых пласьцінак фірмы “Мелодия”? А пры чым тут гэта? У яго дамова ёсьць, каб выстаўляць у Інтэрнэце гэтыя творы, каб кожны, хто захоча, мог сабе гэта перапісаць? Так што хай адказвае. Потым, магчыма, падамо яшчэ і грамадзянскі пазоў. Адміністрацыйнае пакараньне не выключае, што потым будзе грамадзянскі працэс”.

Удава Ўладзімера Мулявіна не пацьвердзіла факту звароту ў фірму “РУПИС”.

Магчыма, ініцыятыву фірмы можна патлумачыць тым, што ў 2003 годзе выйшаў альбом з двух дыскаў “Творы Ігара Лучанка ў выкананьні ансамблю “Песьняры”. Выдавец — унітарнае прадпрыемства “РУПИС”. Там выдавец таксама скарыстаўся запісамі фірмы “Мелодия”.

Вось як гэта тлумачыць Андрэй Шэлест:

(Шэлест: ) “Закон і сумежныя правы ў нас ахоўваюць з 1996 году. У нас згодна з заканадаўствам фактычна правам на сумежныя правы карыстаецца дзяржаўны ансамбль “Песьняры”. Зь імі мы пагадзілі ўсе пытаньні”.

На пытаньне, чаму аўтар сайту, скарыстаўшыся запісамі са старых пласьцінак, парушыў сумежныя правы, а фірма “РУПИС”, зрабіўшы тое ж самае — не, Андрэй Шэлест адказаў наступным чынам:

(Шэлест: ) “Мы не вядзем гаворкі пра фанаграмы. Мы кажам пра тэксты і музыку. Пры чым тут “Мелодия”? Мы ўзялі дазвол на распаўсюд у ансамблю “Песьняры”.

Сапраўды, паводле заканадаўства, для распаўсюду трэба заключыць пісьмовую дамову.

Намесьнік дырэктара дзяржаўнага ансамблю “Песьняры” Марына Мулявіна адказала, што ніякіх дамоваў зь фірмай “РУПИС” ансамбль не заключаў, больш за тое, ніякіх прэтэнзіяў да аўтара сайту ня мае.

(Мулявіна: ) “З намі такой дамовы не было. Права… Ну, калі б яны былі аформленыя... Па-мойму, там усе творы, якія Ігар Міхайлавіч выдаў да 1996 году. Наколькі я ведаю, гэты альбом быў заплянаваны яшчэ пры жыцці таты з Ігарам Міхайлавічам”.

Гэтая справа ў выпадку, калі суд прызнае Хведара Караленку вінаватым, створыць судовы прэцэдэнт.
XS
SM
MD
LG