Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧАРНОБЫЛЬСКІЯ СЛУХАНЬНІ Ў НАЦЫЯНАЛЬНЫМ СХОДЗЕ: МІНІСТРЫ ХВАЛІЛІСЯ, ДЭПУТАТЫ МАЎЧАЛІ


Уладзімер Глод, Менск

Старшыня чарнобыльскай камісіі Палаты прадстаўнікоў Віталь Кулік патлумачыў такую сытуацыю тым, што чарнобыльскія праблемы ў вачах шмат каго губляюць сваю актуальнасьць:

(Кулік: ) “Цяпер побач з праблемамі радыяцыйнай і сацыяльнай абароны зьявіліся праблема, якую я бы назваў “стомленасьцю ад Чарнобылю”. Гэтая тэндэнцыя ахапіла і міжнародныя структуры і, на жаль, некаторыя нашыя ведамствы: маўляў, колькі яшчэ можна казаць пра Чарнобыль. Нават сярод дэпутацкага корпусу сёньня не было адзінай думкі наконт неабходнасьці правядзеньня сёньняшніх слуханьняў. А аб адносінах да чарнобыльцаў, да чарнобыльскіх праблемаў з боку многіх сяброў Савету Рэспублікі бачна па сёняшьняй зале”.

З асноўным дакладам замест віцэ-прэм’ера Ўладзімера Дражына, які значыўся ў праграме слуханьняў, выступіў старшыня Дзяржкамчарнобылю Ўладзімер Цалко. Ён казаў пра тое, што ў краіне “дакладна дзейнічае сыстэма сацыяльнай абароны насельніцтва”, што “дзяржава робіць шмат для дапамогі ахвярам катастрофы”. Іншыя выступоўцы з розных міністэрстваў разьвівалі гэтыя тэзы. А дэпутаты, за выключэньнем Уладзімера Навасяда, які зьвярнуў увагу на тое, што многія вёскі неабгрунтавана пераходзяць з разраду забруджаных у чыстыя, з гэтым пагаджаліся.

Прадстаўнікі дэпутацкай групы “Рэспубліка”, хаця і былі ў Авальнай залі, не выступалі і пытаньняў не задавалі. Таму я і зьвярнуўся з пытаньнем да кіраўніка групы Сяргея Скрабца: чым выклікана такая пасіўнасьць? Спадар Скрабец лічыць, што парлямэнцкія слуханьні ў Беларусі не адпавядаюць свайму прызначэньню:

(Скрабец: ) “На наш погляд, парлямэнцкія слуханьні на сёньняшні дзень ператварыліся ў нейкую прафанацыю. Яны заарганізаваныя. Дэпутатам пакінулі на іх выступленьні, можа, паўгадзіны, хаця слуханьні цягнуліся амаль чатыры гадзіны. Сёньня на слуханьнях адсутнічае кіраўнік ураду, няма прадстаўнікоў навукі, нават наш сьпікер Папоў паехаў у Мэксыку. На мой погляд, усё гэта робіцца дзеля “галачкі”, дзеля справаздачы. Таму ў такіх умовах проста немагчыма нешта зрабіць. На сёньняшні час ільготы абрэзаныя, яны знаходзяцца ў фондзе прэзыдэнта. Усё вырашае прэзыдэнт. І паколькі гэта сапраўды так, гэтыя слуханьні нічога ня могуць зьмяніць. Дэпутаты гэта разумеюць, таму і маўчаць”.

З вуснаў віцэ-сьпікера Палаты прадстаўнікоў Уладзімера Канаплёва прагучаў папрок на адрас міжнародных арганізацыяў, якія, маўляў, ня хочуць усур’ёз займацца чарнобыльскай праблемай. Кіраўнік офісу АБСЭ ў Беларусі Эбэргард Гайкен, які прысутнічаў на слуханьнях, сказаў нашаму радыё, што ён ня можа адказваць за ўсе міжнародныя арганізацыі. Але менскі офіс АБСЭ дапамагае чарнобыльцам:

(Гайкен: ) “Прычына — гэта сапраўды вялікая катастрофа. І мы павінны зьвяртаць на гэта ўвагу, таму офіс АБСЭ, у прыватнасьці, удзельнічае ў некаторых чарнобыльскіх праектах. Напрыклад, мы падпісалі праграму “Супрацоўніцтва дзеля рэабілітацыі”. Што тычыца мяне асабіста, то я глыбока спачуваю Беларусі, я сачу за гэтай праблемай ужо 18 гадоў, пачынаючы з таго часу, як працаваў у Міністэрстве замежных справаў ФРН у Боне”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG