Лінкі ўнівэрсальнага доступу

21 КРАСАВІКА Ў МЕНСКУ АДБЫЛАСЯ ПРЭЗЭНТАЦЫЯ ДЗЬВЮХ КНІГ ЗЯНОНА ПАЗЬНЯКА


Альгерд Невяроўскі, Менск

На прэзэнтацыю гэтых кнігаў у менскі Палац культуры “Сукно” прыйшло некалькі соцень чалавек. Што гэта за кнігі, я папрасіў патлумачыць аднаго з арганізатараў прэзэнтацыі намесьніка старшыні Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Сяргея Папкова:

(Папкоў: ) “Сёньня прэзэнтацыя дзьвюх кніжак. “Новага стагодзьдзя” яшчэ прэзэнтацыі не было, а тут надышла яшчэ адна кніга — гэта “Гутаркі з Антонам Шукелойцем”. І разам дзьве кнігі прэзэнтуюцца грамадзтву. Кніга “Новае стагодзьдзе” вельмі важная для разуменьня, што адбываецца сёньня, — якія падзеі, як павінны дзейнічаць беларусы. І, у прынцыпе, яна дае пэрспэктыву. І пэўна ж нам вельмі важна ведаць свае карані, сваю гісторыю і культуру. У гэтым пляне кніга “Гутаркі з Антонам Шукелойцем” дае велізарную інфармацыю”.

Кніга Зянона Пазьняка “Новае стагодзьдзе” выдадзеная ў Польшчы ў 2002 годзе, гэта зборнік артыкулаў, што публікаваліся ў бюлетэні “Беларускія ведамасьці” на розныя тэмы грамадзка-палітычнага жыцьця Беларусі. Там выкладзеныя і думкі спадара Пазьняка пра тое, што трэба рабіць, а чаго пазьбегнуць, каб Беларусь была незалежнай, дэмакратычнай краінай.

Новая ж кніга, “Гутаркі з Антонам Шукелойцем”, гэта размовы Зянона Пазьняка зь вядомым лідэрам Беларуска-Амэрыканскага задзіночаньня (БАЗА). У кнізе спадар Шукелойць распавядае пра сваё жыцьцё і палітычную дзейнасьць у часе польскай, савецкай і нямецкай акупацыяў Беларусі, а таксама пра жыцьцё на эміграцыі. Кнігі выдадзеныя ў Варшаве коштам аўтара і ягоных сяброў-дабрадзеяў. Дарэчы, арганізатары прэзэнтацыі да апошняга трымалі ў сакрэце выхад апошняй кніжкі спадара Пазьняка, бо асьцерагаліся, што яе наклад можа быць затрыманы на мяжы. Прэзэнтацыя,у пэўным сэнсе, прымеркаваная да 60-годзьдзя Зянона Пазьняка, які нарадзіўся 24 красавіка.

За восем гадоў знаходжаньня на эміграцыі Зянон Пазьняк выдаў тры ўласныя кнігі. Акрамя ўжо згаданых гэта яшчэ і зборнік паэзіі “Gloria Patria”. Якім чынам яны распаўсюджваюцца ў Беларусі, ці маюць да гэтага дачыненьне дзяржаўныя альбо камэрцыйныя структуры? Я задаў гэтае пытаньне галоўнаму распаўсюдніку кніг Зянона Пазьняка ў Беларусі актывісту КХП БНФ Пятру Шашкелю:

(Шашкель: ) “Такой патрэбы, каб недзе празь дзяржаўныя структуры распаўсюджваць, перад намі не паўставала. Таму, што першая кніга “Gloria Patria”, прэзэнтацыя якой калісьці была ў Беларускім гуманітарным ліцэі, яна практычна разышлася сярод чытачоў. Вялікая колькасьць пайшла па фондах і бібліятэках. Наступная кніга, “Новае стагодзьдзе”, яна распаўсюджваецца толькі праз нашыя структуры па ўсёй Беларусі. Ну, і вось сёньня мы бачым — зьявілася трэцяя кніжка, “Гутаркі з Антонам Шукелойцем”, і думаю, што праблемаў з распаўсюдам у нас ніякіх ня будзе”.
XS
SM
MD
LG