Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЗЯРЖАЎНЫХ ТАЯМНІЦАЎ У БЕЛАРУСІ ПАБОЛЕЛА


Валер Карбалевіч, Менск

Удзельнікі: старшыня выканкаму грамадзкага аб’яднаньня “Альтэрнатыва ХХІ” Сяргей Балыкін і старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Тацяна Процька

(Валер Карбалевіч: ) “Дзяржаўная таямніца — неабходная ўмова існаваньня любой дзяржавы. Зь іншага боку, аб’ём інфармацыі, якая разглядаецца як дзяржаўныя сакрэты, — важны паказчык ступені адкрытасьці грамадзтва. Закон “Аб дзяржаўных сакрэтах” быў прыняты ў студзені 2003 году. Толькі цяпер выйшаў указ прэзыдэнта, які зацьвярджае пералік зьвестак, якія складаюць дзяржаўную таямніцу. Ён выклікае шмат пытаньняў, а некаторыя пункты нават зьдзіўленьне. Як бы вы пракамэнтавалі гэты ўказ, і на якія пункты зьвярнулі ўвагу?”

(Сяргей Балыкін: ) “Па-першае, указ прэзыдэнта, які зацьвердзіў пералік зьвестак, што складаюць дзяржаўную таямніцу, значна пашырае пералік зьвестак, калі параўнаць з папярэднім аналягічным указам. Яшчэ трэба зьвярнуць увагу на тое, што фармулёўкі ўказу вельмі шырокія і няпэўныя. Закон “Аб дзяржаўных сакрэтах” не зацьвярджае пераліку зьвестак, якія складаюць дзяржаўную таямніцу. Ён надае такія паўнамоцтвы прэзыдэнту. Гэта кепская зьява, бо пералік такіх зьвестак павінен быць зацьверджаны законам, а не прэзыдэнтам”.

(Карбалевіч: ) “А якія пункты гэтага ўказу выклікаюць у вас асаблівыя пытаньні?”

(Балыкін: ) “Напрыклад, дзяржаўнай таямніцай аб’яўленыя стратэгія і тактыка замежнай палітыкі Беларусі. Раней было адзначана, што такія зьвесткі складаюць дзяржаўную таямніцу толькі ў тым выпадку, калі іх папярэдняе распаўсюджваньне можа прывесьці да нейкіх кепскіх наступстваў для дзяржавы. Цяпер фармулёўка стала больш шырокая”.

(Тацяна Процька: ) “Найперш, пералік зьвестак, якія складаюць дзяржаўную таямніцу, істотна перароблены ў параўнаньні з тым, які існаваў да гэтага часу. Цяпер ён складае шэсьць разьдзелаў. У кожным разьдзеле ёсьць “ноў-хаў”. Некаторыя дэфініцыі вельмі шырокія, іх можна трактаваць як заўгодна. Гэта недапушчальна для такога складанага і зь вялікімі наступствамі дакумэнта. Я бы хацела зьвярнуць увагу на першы разьдзел, які тычыцца дзяржаўнай таямніцы ў замежнай палітыцы. Журналісты часта пісалі аб продажы зброі Беларусьсю. Дык вось, згодна пункту 1.7, цяпер гэта зьяўляецца дзяржаўнай таямніцай”.

(Карбалевіч: ) “Я таксама хацеў бы зьвярнуць увагу на некаторыя пункты гэтага ўказу. Так, паводле яго дзяржаўным сакрэтам зьяўляюцца зьмест дзяржаўных дамоваў, колькасьць працоўных грамадзянаў у краіне, вынікі працы праваахоўчых органаў, іх фінансаваньне. Незразумела, чаму фінансаваньне пракуратуры і судоў — дзяржаўная таямніца? Чаму мы не павінны ведаць, колькі грошай выдзяляецца на службу аховы прэзыдэнта? Людзі павінны ведаць, колькі каштуе краіне прэзыдэнт. І такіх прыкладаў шмат. Да якіх наступстваў прывядзе рэалізацыя гэтага ўказу? У палітычных рэжымах такога тыпу, які існуе ў Беларусі, важным чыньнікам зьяўляецца правапрымяненьне. Чаго можна чакаць у гэтым пляне?”

(Балыкін: ) “Па-першае, дзяржава стане больш закрытай. Больш закрытыя стануць дзяржаўныя чыноўнікі, яны менш ахвотна будуць ісьці на кантакт з журналістамі, прадстаўнікамі няўрадавых арганізацыяў. Потым, трэба паглядзець, як стасуюцца нормы гэтага ўказу і іншых нарматыўных актаў, напрыклад Крымінальнага кодэксу. Напрыклад, шпіянажам у нас лічыцца збор зьвестак, якія складаюць дзяржаўную таямніцу, і перадача іх замежным дзяржавам альбо замежным арганізацыям. І журналіст, які працуе на замежны СМІ, можа быць прыцягнуты да крымінальнай адказнасьці за шпіянаж. У Расеі ўжо не адзін такі прыклад”.

(Процька: ) “Хачу зьявярнуць увагу на наступнае. Сёньня ў Беларусі дзейнасьць спэцслужбаў — “тэра інкогніта” для грамадзянаў. Цяпер гэтая зьява атрымлівае юрыдычны грунт. Дрэнныя наступствы могуць быць для навукоўцаў. Навука цяпер — зьява глябальная. І гэты ўказ можа стаць падставаю для пакараньня навукоўцаў за парушэньне дзяржаўнай таямніцы.

Магчымыя нэгатыўныя наступствы для СМІ. Верагоднае ўзьнікненьне цэнзуры. Цяжка сказаць, якая будзе практыка прымяненьня гэтага ўказу. Бо суд у нас несвабодны. Напрыклад, дзяржаўная тэлевізія можа парушаць законы, і ёй нічога ня будзе. А іншага чалавека могуць судзіць за парушэньне ўказу”.

(Балыкін: ) “Калі казаць пра навуку, то можна зьвярнуць увагу і на такі момант. Гэтым указам істотна пашыраны пералік зьвестак аб стане навуковых дасьледаваньняў, якія складаюць дзяржаўную таямніцу. Але калі нехта будзе крытыкаваць нашую навуку, казаць пра марнаваньне дзяржаўных грошай, абгрунтоўваць гэта тэхнічнымі падрабязнасьцямі, то ён можа быць прыцягнуты да адказнасьці”.

(Карбалевіч: ) “Хацеў бы зьвярнуць увагу на тое, што законы ў Беларусі дзейнічаюць выбарча. Як ужо адзначыла спадарыня Процька, на адных яны распаўсюджваюцца, на іншых — не. У такой неправавой дзяржаве вялікае значэньне мае ня толькі сам закон, але і рэальная практыка яго прымяненьня. І яшчэ адна важная акалічнасьць. Спадар Балыкін ужо адзначыў, што пералік зьвестак, якія складаюць дзяржаўную таямніцу, пададзеныя не ў законе, а ва ўказе прэзыдэнта. Але гэта яшчэ ня ўсё. Ва ўказе адзначана, што дзяржаўныя органы і арганізацыі, якія маюць адпаведныя паўнамоцтвы, у трохмесячны тэрмін павінны скласьці свой пералік інфармацыі, якую яны палічаць сакрэтнай. То бок, гэты пералік будзе значна пашыраны.

У старой рэдакцыі закону аб дзяржаўных сакрэтах фармулёўкі былі больш канкрэтныя. Чаму ўлада ідзе шляхам усё большага засакрэчваньня дзейнасьці дзяржаўных органаў? Якая тут дзейнічае заканамернасьць?”

(Балыкін: ) “У таталітарных дзяржавах дзяржаўная таямніца заўсёды вельмі аб’ёмная, і яна ўвесь час пашыраецца. Гэта нармалёвая лёгіка такіх дзяржаваў. Беларусь рухаецца гэтым шляхам. Таму і пашыраецца дзяржаўная таямніца, хоць бы дзеля таго, каб такім чынам схаваць свае памылкі”.

(Карбалевіч: ) “Спадарыня Процька, вы значную ўвагу надавалі дасьледаваньню савецкага мінулага, стварэньню таталітарнай сыстэмы ў СССР і Беларусі. У сувязі з нашай тэмай, якія тут узьнікаюць аналёгіі? Ці можаце вы параўнаць сёньняшнюю сытуацыю ў Беларусі з тым, як у савецкі час сакрэтам аб’яўлялі амаль усю сфэру дзейнасьці дзяржаўнай улады?”

(Процька: ) “Вяртаньне да савецкага часу яскрава адлюстроўваецца ў гэтым указе. І такія паралелі вельмі непрыемныя. Але зьяўленьне такога ўказу сьведчыць пра тое, што нашая краіна стала не на дэмакратычны шлях, а на шлях пабудовы таталітарнай дзяржавы. Указ надае сілу адмысловым структурам, якія ўзновяца і будуць квітнець. Я маю на ўвазе так званыя “першыя аддзелы” на прадпрыемствах і навуковых установах. Мы ўжо крыху забыліся, якую ўлады яны мелі над супрацоўнікамі дзяржаўных установаў. Адновяць сваю працу і іншыя органы, якія будуць сьцерагчы дзяржтаямніцу.

Наш чалавек і так ня надта свабодны. Гэты ўказ пазбаўляе яго яшчэ дзьвюх рэчаў. Па-першае, права на інфармацыю пра жыцьцё сваёй краіны — прычым, вельмі важных аспэктаў гэтага жыцьця (зьвесткі пра разьвіцьцё эканомікі, дзяржаўны бюджэт і іншае). Па-другое, указ будзе абмяжоўваць нашую творчую актыўнасьць. Кожны з нас цяпер будзе выхоўваць у душы маленькага цэнзара, каб ня мець непрыемнасьцяў ад дзяржавы”.

(Карбалевіч: ) “Сапраўды, татальнае засакрэчваньне — гэта істотная прыкмета недэмакратычнасьці дзяржавы. Вядома, што ў таталітарных дзяржавах таямніцай аб’яўляюць амаль усю інфармацыю аб дзейнасьці улады. Прычынаў гэтай зьявы некалькі.

Па-першае, сама інфармацыя — гэта элемэнт улады. І той хто ёй валодае, узмацняе сваю ўладу і пазбаўляе прэтэнзіяў іншых людзей на яе.Па-другое, імкненьне схавацца ад грамадзтва з дапамогай сыстэмы сакрэтнасьці — гэта значыць пазбавіцца ад кантролю з боку насельніцтва. Бескантрольнасьць — адна з галоўных мэтаў улады у недэмакратычнай дзяржаве. Тады можна беспакарана траціць дзяржаўныя грошы на уласныя мэты, прымаць дзяржаўныя рашэньні на сваю карысьць. Нядобрыя справы можна рабіць толькі таемна ад людзей. Такім чынам, курс на засакрэчваньне дзяржаўнага жыцьця вельмі яскрава дэманструе той палітычны вэктар разьвіцьця, якім ідзе сёньня Беларусь”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG