Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАДСТАЎНІКІ НАРОДНАЙ КААЛІЦЫІ “ПЯЦЁРКА+” ПРАВЯЛІ СУСТРЭЧУ Ў ВІЦЕБСКУ


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Сёньня ў Віцебску сустракаліся з тутэйшымі партыйнымі актывістамі прадстаўнікі аднаго зь перадвыбарчых аб’яднаньняў – Народнай кааліцыі “Пяцёрка +”.

На сустрэчы прысутнічалі Тацяна Ваніна (Партыя працы), Людміла Гразнова (АГП), Мечыслаў Грыб (БСДГ), Віктар Івашкевіч (БНФ “Адраджэньне”) і Валеры Ухналёў (ПКБ). Сустрэцца зь імі прыйшлі каля трох дзесяткаў віцебскіх актывістаў адпаведных партыяў.

Галоўнай тэмай размовы сталася падрыхтоўка да выбараў, якую, як пагадзіліся ўсе прысутныя, трэба пачынаць ужо зараз, абапіраючыся на наяўныя сілы і не чакаючы дапамогі збоку.

У пэўны момант гутаркі выступоўцы закранулі магчымасьць далучэньня да “Пяцёркі +” сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная Грамада”, аднак, падобна, на Віцебшчыне такога далучэньня не адбудзецца. Гэта пацьвердзіў у папярэдняй тэлефоннай размове старшыня абласное арганізацыі БСДП “Народная Грамада” Аляксей Гаўруцікаў.

Абмеркаваньне ў часе сустрэчы асноўных мэтадаў перадвыбарчай агітацыі падсумавала Людміла Гразнова, назваўшы самым эфэктыўным шлях “ад дзьвярэй да дзьвярэй”, калі агітацыйныя групы абыходзяць кватэры ды размаўляюць з патэнцыйнымі выбарцамі сам-насам, не абмяжоўваючыся распаўсюдам улётак або іншымі сродкамі.

Зрэшты, друкаваныя агітацыйныя матэрыялы таксама будуць выкарыстоўвацца, таму віцебскія партыйныя актывісты атрымалі некалькі соцень улётак пад назовам “Пяць крокаў да лепшага жыцьця”. Як падкрэсьліў Віктар Івашкевіч, іх вельмі важна распаўсюдзіць ужо цяпер, каб людзі прыйшлі на выбары падрыхтаванымі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG