Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК БЕЛАРУСЫ НАБЫВАЮЦЬ СПОДНЯЕ?


Юлія Шарова, Менск

Кажуць, што калі здымалі галівудзкі кінашэдэўр “Зьнесеныя ветрам”, то прадусар фільму Дэвід Сэлзьнік замовіў для касьцюма Скарлэт панталёны зь вельмі дарагіх карунак. “Іх усё адно ніхто ня ўбачыць!” – сказала выканаўца галоўнай ролі Вівіен Лі. “Але вы будзеце ведаць, што яны ёсьць”, – парыраваў прадусар.

Я прыйшла ў сталічны ЦУМ і запыталася ў тамтэйшых пакупніцаў, якое значэньне сподняе для іх.

(Дзяўчына: ) “Які ў цябе настрой, такую бялізну ты й апранаеш. У ім павінна быць камфортна і зручна”.

(Карэспандэнтка: ) “Вы лічыце, што бялізна ўплывае на настрой?”

(Дзяўчына: ) “Для мяне – так”.

(Спадарыня: ) “Я мяркую, яна робіць уплыў на наш настрой. Можа быць, надае ўпэўненасьці, калі добрая бялізна”.

(Спадарычна: ) “Калі на табе добрая, прыгожая бялізна, прыемная твайму целу, ты пачуваесься вельмі добра”.

Аднак часам модныя камплекты памылкова ўспрымаюцца як нейкі элемэнт сэксуальнасьці. Вобраз жаданай, эратычнай жанчыны звычайна эксплюатуецца ў візуальнай рэкляме бялізны. Дарагое сподняе й фізычная прывабнасьць падсьвядома атаясамліваюцца: неўпрыкмет падаецца, быццам бялізна здольная насамрэч надаць жанчыне сэксуальнасьці.

Гендэрны псыхоляг Марына Літошык лічыць, што такое стаўленьне ёсьць па сутнасьці памылковым.

(Літошык: ) “Гэта ня сапраўдная сэксуальнасьць, а нейкі пратэст сэксуальнасьці. Калі няма адчуваньня сябе, то тады канечне ж можна стварыць гэты вобраз, як прасталыткі ствараюць. Там няма ніякай гаворкі пра каханьне, але вельмі шмат словаў пра сэкс, пра сэксуальную прыгажосьць. Але гэта толькі нейкая ілюзія, якой яны намагаюцца сябе падмануць і іншых падмануць”.

Размаўляючы з наведнікамі менскага ЦУМ’у я заўважыла, што ў мужчын да бялізны стаўленьне больш прагматычнае: яны найчасьцей разглядаюць сподняе яе чыста функцыянальную рэч. Кабеты ж найперш шукаюць прыгажосьць.

(Спадар: ) “Мужчыны больш практычныя. А жанчына – узьнёслая натура”.

(Спадарыня: ) “Больш глядзіш, каб прыгожая была, а пасьля ўжо – зручная, якасная. У першую чаргу прыгажосьць”.

(Хлопец: ) “Я стараюся набываць добрую. Каб мне было зручна”.

Такім чынам бялізна для мужчын найперш функцыянальная рэч. Таму й набываюць яе толькі тады, калі ў гэтым ёсьць сапраўдная патрэба, прычым радасьці ад новых плавак не адчуваюць – падаецца, быццам гэта невядома на што патрачаныя грошы! Во каб якое карыснае, кшталту пакунка кампутарных дыскет.

У жанчын усё іначай: яны часьцей набываюць бялізну спантанна. Кажа маркетынгавы аналітык кампаніі “Мілавіца” Алена Булавіна:

(Булавіна: ) “Больш за 50% пакупак робіцца эмацыйна. Бялізна – гэта сфэра эмацыйнай пакупкі. Толькі 26% жанчын у Беларусі набываюць бялізну таму, што трэба паднавіць гардэроб, толькі з-за практычных мэтаў. А 10% жанчын набываюць бялізну, бо ім захацелася нечага новага, для стварэньня настрою”.

Некаторыя мае суразмоўніцы пацьвердзілі гэта: зьявілася жаданьне, былі ў кішэні грошы – вось і купіла! А ўжо якая асалода потым перад люстэркам пакруціцца! Адным словам, поўная супрацьлегласьць мужчынскім фрустрацыям з нагоды нібыта бессэнсоўна патрачаных грошай.

Пэўны час я стаяла ля сэкцыі жаночай бялізны ўнівэрмагу і назірала за пакупнікамі. Пакуль кабеты выбіралі сабе станікі, спадарожнікі іхныя чакалі непадалёк, прынцыпова ня ўмешваючыся ў працэс выбару пакупкі. Магчыма, ім папросту нецікавыя розныя дамскія штучкі, вырашыла я – і спусьцілася да сэкцыі мужчынскай бялізны. Аднак і там убачыла амаль тую ж карціну.

Прадавачка Надзея лічыць, што звычайна мужчыны сапраўды даручаюць набыцьцё ўласнай бялізны сваім блізкім сяброўкам. Калі ж робяць гэта самі, то не заўсёды арыентуюцца ў памерах.

(Надзея: ) “Можа быць гэта залежыць ад таго, што шмат хто з мужчын саромеецца набываць сабе бялізну”.

(Карэспандэнтка: ) “Вось тут ёсьць розныя мадэлі – ад стрынгаў да сямейнікаў. Якія большым попытам карыстаюцца?”

(Надзея: ) “Людзі сталага веку, пасьля сарака, збольшага набываюць майткі шортамі, як у народзе кажуць – сямейнікі, а моладзь плаўкі ці стрынгі”.

Мужчыны прызнаюцца, што сапраўды ня часта ходзяць у крамы па бялізну, а жанчыны – што ахвотна набываюць сподняе сваім мужам ці сынам.

(Спадар: ) “Больш дружына, канечне ж. Больш дружына”.

(Хлопец: ) “Мне пакуль што маці набывае бялізну, я яшчэ малы. А вось калі я ўжо буду дарослым, я сам сабе буду набываць бялізну, а можа й мая жонка, я ня ведаю”.

(Карэспандэнтка: ) “Вы самі набываеце вашаму мужу бялізну?”

(Пэнсіянэрка: ) “Ён такі, што й сам можа. Дзе атрымліваецца. Калі сама бяру, а калі й ён. Ён кеміць, як мужчына. Ён любіць бавоўну, шэрсьць. Усё натуральнае любіць”.

Асаблівы давер да бялізны з натуральных матэрыялаў – характэрная рыса беларускіх спажыўцоў. Бо па даўняй традыцыі лічаць лічыцца, што менавіта бавоўна зьяўляецца самым здаровым і карысным матэрыялам. Некаторыя брэнды прыватных фірмаў раскруціліся менавіта на гэтым распаўсюджаным меркаваньні ды занялі на рынку сваю нішу. Аднак іх прадукцыя збольшага для маладых ды забясьпечаных. Людзі ж сталага веку, асабліва пэнсіянэры, набываюць бялізну ў лепшым выпадку ад фабрыкі “Сьвітанак” ці “8 сакавіка”. А яшчэ часьцей ідуць на рынак.

Там жаночыя й мужчынскія майткі невядомай вытворчасьці па 2-3 тысячы рублёў. Зь першага погляду тавары быццам бы й някепскія – вельмі падобныя на бавоўну, як трэба пашытыя... Але прыгатуйцеся, што празь месяц давядзецца патраціць столькі ж – быццам бы надзейна зробленыя рэчы хутка распаўзаюцца ды рвуцца. Кажа намесьніца галоўнага інжынэра гомельскай фабрыкі “8 сакавіка” Марыя Карпей.

(Карпей: ) “Яны настолькі нізкаякасныя! Шыюць іх альбо на вялікіх хуткасьцях, альбо на неналаджаным абсталяваньні. Бывае, возьмеш выраб – звонку, здаецца, нішто сабе. Аднак калі памыць, то суцэльныя дзіркі па швох. Яшчэ вельмі важны паказьнік усадкі выраба. Усе агаворваюць, што ўсадка павінна быць хаця б 5-6 адсоткаў і ня больш. А хто ведае, што яны набылі... Памылі – а назаўтра ён стаў замест сорак восьмага саракавым памерам”.

Спадарыня Карпей лічыць, што куды надзейней мець справу з крамамі – ёсьць гарантыя якасьці. Пэнсіянэрка, якая цягам усяго жыцьця набывала нязграбныя, але надзейныя панталёны ва ўнівэрмагу блізу дома, напэўна, так і зробіць. А студэнтка, якая пакуль ня мае дастаткова грошай на станікі ад “Мілавіцы” ці “Трыюмфа”, выправіцца зноў-ткі на рынак.

Існуе меркаваньне, быццам бялізна, зробленая далёкаўсходнімі вытворцамі, абавязкова будзе няякаснай ды нават небясьпечнай для жанчыны. Аднак галоўны мамоляг Міністэрства аховы здароўя Леанід Путырскі лічыць інакш: нельга заяўляць, быццам танная кітайская прадукцыя, якая ёсьць на рынках, абавязкова шкодная. На ягоную думку, жанчына павінна папросту правільна падбіраць мадэль бюстгальтара. Калі яна не пачуваецца ў ім дыскамфортна – то ўсё ў парадку.

(Путырскі: ) “Малочныя залозы не ва ўсіх аднолькавыя. Яны крыху й памерам адрозьніваюцца, і як яны на грудной клетцы ляжаць. Але ж кожная жанчына ведае свой аб’ём грудной клеткі й малочных залоз. І кожная падбярэ сабе што італьянскі, што кітайскі, што расейскі станік”.

Маркетолягі кажуць, што беларускі рынак бялізны цяпер імкліва разьвіваецца. Гэта бачна і па колькасьці рэпрэзэнтаваных брэндаў, і па разнастайнасьці тавараў, якія зьяўляюцца ў крамах. Ужо сёлета павінна істотна павялічыцца доля прадукцыі, якую адносяць да сярэдне-высокіх коштаў. Вось і ў кампаніі “Мілавіца” заўважылі: беларусы папросту з большай увагай пачынаюць ставіцца да сподняга ды, адпаведна, больш на яго траціць. Хоць набыцьцё добрай бялізны пакуль вымушае ахвяраваць нечым іншым, здавалася б, больш практычным”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG