Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГАРАДЗЕНСКІ СУД ПРЫНЯЎ БОК ПРАВААБАРОНЦЫ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Юрыст Іван Крук узначальвае ў Астраўцы Клюб выбарцаў. Два гады таму ён узяўся абараняць вяскоўца Станіслава Мілейшу. Яго вывезьлі ў лес міліцыянты на чале з начальнікам райаддзелу Ўладзімерам Кобрынцам і спрабавалі здабыць неабходныя ім паказаньні. Яны кінулі спадара Мілейшу распранутым, прывязаным да сасны. Гэта было ўзімку. Супраць начальніка міліцыі генэральная пракуратура распачала крымінальную справу. Аб гэтым расказвае Барыс Звозкаў, які прадстаўляў сёньня ў судзе інтарэсы спадар Крука:

(Звозкаў: ) “Па гэтай справе вялося сьледзтва, былі прынятыя пэўныя рашэньні. Некаторыя зь іх, у прыватнасьці, аб выкарыстаньні меры стрыманьня — узяцьці пад варту супрацоўнікаў міліцыі — не былі выкананыя. Зь якой прычыны — я не магу сказаць, я магу толькі здагадвацца. І літаральна празь вельмі кароткі час, менш чым празь месяц — пасьля вынясеньня пастановы аб выкарыстаньні меры стрыманьня, сьледчы нечакана закрывае справу”.

Справу спынілі мінулым летам. Пратэст супраць таго, што Ўладзімер Кобрынец застаўся на сваёй пасадзе, падпісалі 120 мясцовых жыхароў. Тады начальніка міліцыі пакаралі — далі вымову і адправілі з Гарадзеншчыны.

(Крук: ) “Калі крымінальная справа адносна Кобрынца была спыненая, быў вялікі грамадзкі рэзананс у раёне. Яго адправілі ў іншы раён — Смалявіцкі начальнікам аддзелу міліцыі — на раўназначную пасаду”.

Апынуўшыся на новым месцы, Уладзімер Кобрынец вырашыў спагнаць з праваабаронцы 20 мільёнаў рублёў за абразу гонару і годнасьці. Паўгоду таму Ашмянскі раённы суд разгледзеў пазоў і прысудзіў Івану Круку сплаціць спадару Кобрынцу 500 тысяч рублёў за маральныя страты. Сёньня калегія абласнога суду скасавала гэтае рашэньне і пастанавіла не прымаць увогуле пазову ад былога начальніка астравецкай міліцыі да праваабронцы Івана Крука.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG