Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СУД ПАЛІЧЫЎ, ШТО БЕЛАРУСКАЕ ТЭЛЕБАЧАНЬНЕ НЕ АБРАЖАЛА ТАЦЯНУ ПРОЦЬКУ


Альгерд Невяроўскі, Менск

У судовым рашэньні, якое раніцай 9 красавіка агучыў судзьдзя Анатоль Анісковіч, гаворыцца, што зьвесткі пра 900 тысяч даляраў, якія нібыта Хэльсынскі камітэт атрымаў па лініі праграмы Эўразьвязу TACIS і якія невядома куды зьніклі, ня могуць лічыцца абражальнымі. Бо яны, паводле судзьдзі, не выклікаюць нэгатыўныга стаўленьня да спадарыні Процькі і БХК з боку грамадзтва, а таксама былі ўзятыя з публікацыяў у іншых СМІ. Зьвесткі ж пра іншых праваабаронцаў, якія былі выкарыстаныя ў праграме, на думку судзьдзі, таксама ня могуць быць прызнаныя абражальнымі, бо Тацяны Процькі й БХК ня тычацца.

Юры Пракопаў на вынясеньні рашэньня не прысутнічаў, але быў ім цалкам задаволены:

(Пракопаў: ) “Судовае рашэньне мала таго, што заканамернае, дык яшчэ й законнае. Суд зрабіў так, як гэтага вымагае закон. Я быў два дні на гэтым судовым паседжаньні і ўпэўніўся, што Беларускі Хэльсынскі камітэт каторы ўжо раз да правоў чалавека, да свабоды слова падыходзіць з падвойнымі стандартамі. Вось, наконт інфармацыі зь іншых СМІ. Калі гэта надрукавалі іншыя газэты, Беларускі Хэльсынскі камітэт ніяк не рэагаваў. Калі ж гэтая інфармацыя была агучаная па Беларускім тэлебачаньні, то адразу пачаліся нейкія пазовы ў суд і г.д. На мой погляд, гэта нішто іншае, як падвойныя стандарты ў адносінах да свабоды слова”.

А вось што сказала пасьля вынясеньня судовага рашэньня Тацяна Процька:

(Процька: ) “Гэта ня суд. Бо “Закон аб друку” недвухсэнсоўна гаворыць пра тое, што непраўдзівая інфармацыя павінна быць абвергнутая тым органам, які яе распаўсюдзіў. Суд адрынуў разгляд гэтага пытаньня. Ён яшчэ раз прадэманстраваў, што ў нас няма роўнасьці людзей перад законам. У адных ёсьць гонар і годнасьць, і яна каштуе вялікіх грошай — ды нельга нават дакранацца да яе! А ў іншых гонару й годнасьці няма. І мне вельмі прыкра зазначыць, што я ня маю магчымасьці абараніць свае гонар і годнасьць”.

Намесьнік старшыні Хэльсынскага камітэту Гары Паганяйла назваў адмову ў задавальненьні пазову зьдзекам з прынцыпаў правасудзьдзя. Рашэньне можна абскардзіць у судзе вышэйшай інстанцыі, але Тацяна Процька пакуль ня вырашыла, ці будзе гэта рабіць. Затое яна паабяцала шырока распаўсюдзіць тэкст гэтага рашэньня.

А неўзабаве ў тым жа судзе будзе разглядацца яшчэ адзін пазоў Тацяны Процькі да Юрыя Пракопава.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG