Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СТАРШЫНЯ ХЭЛЬСЫНСКАГА КАМІТЭТУ СУДЗІЦЦА ЗЬ БЕЛАРУСКІМ ТЭЛЕБАЧАНЬНЕМ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Прычынай пазову ў суд стаў зьмест закадравага тэксту праграмы “Ў цэнтры ўвагі”, паказанай па БТ 2 лістапада летась. Тэмай праграмы была дзейнасьць беларускіх праваабарончых арганізацыяў. Аўтар тэксту Юры Пракопаў са спасылкай на артыкул Аляксандра Фядуты сьцьвярджаў, што апазыцыя скрала 20 мільёнаў даляраў заходняй дапамогі. А таксама паведамляў пра тое, як кіраўнік цэнтру “Вясна” нібыта купіў на заходнія грошы дзьве кватэры ў Менску, а Хэльсынскі камітэт па лініі праграмы Эўразьвязу TACIS атрымаў 900 тысяч даляраў і лёс гэтага гранту невядомы. На думку аўтара праграмы, гэта стала неафіцыйнай прычынай выхаду з БХК шэрагу сябраў у 2000 годзе.

Былі ў праграме абвінавачаньні й на адрас іншых праваабаронцаў. Усё гэта ў эфіры агучыў Сяргей Хамянтоўскі. Старшыня БХК Тацяна Процька палічыла, што аўтары тэлепраграмы абразілі гонар, годнасьць і дзелавую рэпутацыю як яе, так і ўсёй арганізацыі, ды падала ў суд.

Падчас працэсу Тацяна Процька і яе прадстаўнік Гары Паганяйла даводзілі, што аўтары праграмы ўжылі гэтак званы мэтад экстрапаляцыі, калі спачатку абвінавачваліся іншыя асобы і арганізацыі, а пасьля ў гэты ж шэраг быў пастаўлены БХК. Паводле Процькі й Паганяйлы, БХК ніколі не атрымліваў грантаў на 900 тысяч даляраў. Амбасадар Францыі Стэфан Шмялеўскі накіраваў судзьдзі Анатолю Анісковічу адмысловы ліст. Ад імя краіны цяперашняй старшыні Эўразьвязу спадар Шмялеўскі паведаміў, што у пэрыяд з 2000 па 2003 год БХК па лініі TACIS атрымаў 237 тысяч эўра і ўсе яны выкарыстаны мэтава. На гэтых падставах прадстаўнікі БХК прасілі суд прызнаць зьмест праграмы “Ў цэнтры ўвагі” ілжывым, ды абвергнуць яго ў эфіры БТ.

Юрыст БТ не хацеў адказваць на многія пытаньні прадстаўнікоў БХК. Сяргей Хамянтоўскі сказаў, што ён толькі агучыў тэкст у эфіры. А вось якую пазыцыю заняў Юры Пракопаў:

(Пракопаў: ) “Тое, што ў нас прагучала ў праграме, насмрэч заснавана на той інфармацыі, якая раней была апублікаваная ў СМІ. Тое, што ў Хэльсынскага камітэту выклікала шмат прэтэнзіяў, гэта зь іншага боку проста нашыя ацэнкі, на якія мы маем права. Але ўжо справа суду вырашыць, наколькі яны зьневажаюць гонар, годнасьць і дзелавую рэпутацыю БХК і яго кіраўнікоў. Мы зьбіраліся проста данесьці наш погляд і тую розную інфармацыю, якая існуе аб праваабарончым руху”.

Тацяна Процька так пракамэнтавала вынікі першага дня працэсу:

(Процька: ) “ Відавочна, што адказчыкі ня могуць пацьвердзіць, што яны дзейнічалі ў рамках існага Закону аб друку. Няма даслоўнага цытаваньня той інфармацыі, якую мы цяпер аспрэчваем у судовым парадку. І мы спадзяемся нам удасца даказаць, што распаўсюд гэтай інфармацыі было шкодным. І будзе яе абвяржэньне ў гэтай жа перадачы”.

Рашэньне ў гэтай справе будзе вынесенае днямі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG