Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АМБАСАДАР ЭБЭРГАРД ГАЙКЕН НАВЕДАЎ БЕРАСЬЦЕ


Алег Супрунюк, Берасьце

Эбэргард Гайкен упершыню наведаў Берасьцейшчыну ў якасьці кіраўніка офісу АБСЭ ў Менску. Паводле ягоных словаў, галоўнай мэтай візыту ёсьць жаданьне асабіста пазнаёміцца з кіраўніцтвам вобласьці і на месцы ўбачыць, які патэнцыял мае гэты рэгіён Беларусі. У часе сустрэчы з амбасадарам Гайкенам старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Канстанцін Сумар заявіў, што лякальныя праблемы не павінны перашкаджаць супрацоўніцтву на дзяржаўным узроўні, у тым ліку з АБСЭ.

Што гэта за лякальныя праблемы — спадар Сумар не патлумачыў, аднак зьвяртае на сябе ўвагу тая акалічнасьць, што з прадстаўнікамі мясцовай апазыцыі Эбэргард Гайкен у Берасьці не сустракаўся.

Адказваючы на пытаньне, ці будзе АБСЭ назіраць сёлета за выбарамі ў Палату прадстаўнікоў, спадар Гайкен распавёў:

(Гайкен: ) “Адной з галоўных структураў АБСЭ ёсьць бюро ў справах дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека, якое знаходзіцца ў Варшаве. На мінулым тыдні два прадстаўнікі гэтага бюро знаходзіліся ў Менску і бралі ўдзел у абмеркаваньні менавіта гэтага пытаньня”.

Пра тое, як кіраўнік офісу АБСЭ ставіцца да парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі, у спадара Гайкена спыталі ў часе сустрэчы са студэнтамі і выкладчыкамі Берасьцейскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Паводле словаў амбасадара, гэтая тэма застаецца важным кірункам у дзейнасьці менскага офісу, куды прыходзіць шмат скаргаў грамадзянаў на парушэньні іхных правоў. Вырашаць гэтую праблему Эбэргард Гайкен прапануе разам з прадстаўнікамі дзяржаўнай улады, у тым ліку на рэгіянальным узроўні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG