Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗЛУЧАНЫЯ ШТАТЫ ЗАМАРОЗІЛІ ФІНАНСАВУЮ ПАДТРЫМКУ СЭРБІІ


Валер Каліноўскі, Прага

ЗША заклікаюць Бялград перадаць у Гааскі трыбунал усіх падазроных у злачынствах, у тым ліку генэрала Ратка Младзіча і Радавана Караджыча і яшчэ 16 асобаў, адказных за вайсковыя злачынствы ў былой Югаславіі.

Аднак сэрбскі прэм’ер Ваіслаў Каштуніца, які нядаўна назваў Гааскі трыбунал “антысэрбскім”, адмаўляецца супрацоўнічаць зь ім.

Сэрбія штогод атрымлівала каля 100 мільёнаў даляраў амэрыканскай дапамогі, сёлета ЗША ўжо накіравалі Бялграду 43 мільёны.

Дзярждэпартамэнт паведаміў, што ня будзе спыненая гуманітарная дапамога Сэрбіі й грошы на падтрымку разьвіцьця дэмакратыі. Акрамя таго, Косава і Чарнагорыя таксама будуць працягваць атрымліваць амэрыканскую дапамогу.

Такім чынам, сума замарожанай дапамогі – 26 мільёнаў даляраў. Але пытаньне ня столькі ў канкрэтнай лічбе. У Бялградзе баяцца, што гэтае рашэньне паўплывае на іншыя палітычныя працэсы. Гаворыць міністар замежных справаў Сэрбіі Горан Сьвіланавіч:

(Сьвіланавіч: ) “Справа ня толькі ў грошах. Больш важна, як гэта адаб’ецца на некаторых іншых праблемах. У прыватнасьці, ці будзем мы мець падтрымку Вашынгтона на перамовах з рознымі міжнароднымі фінансавымі інстытутамі. Таксама цяпер мы ўваходзім у вырашальную фазу вельмі важнай косаўскай праблемы. І для ўрада Сэрбіі было б безадказным пачынаць перамовы па Косава, ня маючы падтрымкі Брусэля і Вашынгтона”.

Міністар Сьвіланавіч ўпэўнены, што на рашэньне Вашынгтона паўплывала прыняцьце парлямэнтам Сэрбіі закону пра матэрыяльную дапамогу асобам, якія перасьледуюцца міжнародным судом у Гаазе, у тым ліку Слабадану Мілошавічу.

ЗША цяжка было б пагадзіцца з магчымасьцю, што за іх грошы будзе выплачвацца пэнсія ваенным злачынцам.

А вось міністар абароны Сэрбіі Барыс Тадзіч асабліва не пераймаецца рашэньнем Вашынгтона. Ён лічыць, што цяпер насьпеў час узяць адказнасьць за фінансавы стан Сэрбіі і Чарнагорыі ў свае рукі.

Тым часам, на міжнароднай канфэрэнцыі краінаў-донараў у Бэрліне ўчора было прынятае рашэньне аб шматмільярднай дапамозе Аўганістану. Цягам трох гадоў Кабул атрымае 8,2 мільярдаў даляраў, у тым ліку сёлета – 4,4 мільярды. ЗША зьяўляюцца найбуйнейшым донарам для Аўганістана, іх сёлетні ўнёсак складае 2,2 мільярды. Тым часам аўганскі прэзыдэнт Хамід Карзай лічыць, што для поўнае стабілізацыі краіны цягам сямі галоў спатрэбіцца 27 мільярдаў даляраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG