Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАЦЫЯНАЛЬНЫЯ СЫМБАЛІ. ЛЕГЕНДЫ І СУЧАСНАСЬЦЬ


Галіна Жарко, Менск

Асьпірант Генадзь Сагановіч не выпускаў з рук рыдлёўкі. А Вінцук Вячорка з жонкаю і маленькаю дачкою Радусяю ладзілі Купальлі. Мэтаю сьпеўна-драматычнае "Майстроўні" было адраджэньне беларускае культуры. Цяперашнія масьцітыя палітыкі ды гісторыкі былі яшчэ вельмі маладымі.

(Вітушка: ) “Я пазнаёміўся з Сагановічам, з Вінцуком… І тады пра “Пагоню” пра бел-чырвона-белы сьцяг было расказана шэптам”.

Сяргей Вітушка кіраваў нефармальным моладзевым аб'яднаньнем "Талака". А папрацаваць у "Ленінку" кожны дзень прыяжджаў з Маладзечна Мікола Ермаловіч. "Нацыянальна-сьвядомыя" вырывалі з рук копіі надрукаванае на машынцы ягонае кнігі пра Вялікае Княства Літоўскае.

(Дзіця: ) “"Пагоня" – гэта герб Вялiкага княства Лiтоўскага. "Пагоня" была на харугвах нашых у Грунвальдскай бітве. А бел-чырвона-белага сьцяга яшчэ не было. Ён узьнік так: князя паранілі ў лоб. Рану перавязалі белай стужкай. Войска адступала. Тады князь сарваў павязку і павесіў на дзіду, і паскакаў на кані ўперад”.

Белая павязка з чырвонай паласой крыві – знак мужнасьці. Сьцяг. Падзеі "сівое мінуўшчыны".

(Вітушка: ) “А потым была такая гульня. Браліся нейкія рэчы белага і чырвонага колеру. Гэта быў нейкі таемны знак. Кветачкі... тры гвазьдзікі: белыя і чырвоны. Ці на спартовай майцы выпадковае спалучэньне гэтых палосачак. І заўсёды, калі я бачыў гэта спалучэньне – казаў: во, гэта наш.

"Адраджэнцам" ня першае ўжо хвалі, што пазначлі сябе ў 1980-х сакральнымі колерамі, недасяжнаю мараю здавалася ўбачыць бел-чырвона-белыя сьцягі на вуліцах. Але ў 1988 на Курапаты людзі пайшлі пад нацыянальным сьцягам.

"ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ"

У канцы 80-х безнадзейна марылі, каб бел-чырвона-белы сьцяг быў падняты, як дзяржаўны. Сымбаль вольнае Беларусі лунаў у лютым 1918 году на будынку Народнага Сакратарыяту – першага ўраду Беларускай Народнай Рэспублікі. Гэта было, калі зь Менску паўцякалі бальшавікі, але празь некалькі дзён у горад увайшілі немцы, і сьцяг сарвалі. А ў траўні 1995 году загадчык прэзыдэнцкай гаспадаркі Іван Ціцянкоў залез на дах, каб сваімі рукамі падраць зрынутае ў выніку фальшывага рэфэрэндуму бел-чырвона-белае палатно.

(Спадар: ) “Вельмі сорамна і брыдка! Калі гэта пачвара Ціцянкоў падраў гэты сьцяг... Ён ня меў права так рабіць. Гэта трэба рабіць цывілізавана, нават калі народ прагаласаваў супраць. Культурна зьняць, культурна пакласьці. А калі дзяржаваю кіруюць людзі, якіх ледзь-ледзь ад сахі адарвалі.”

Доктар філялёгіі Іван Саверчанка сьведчыць пра зямляка.

(Саверчанка: ) “Ціцянкоў з Магілёўшчыны, з суседняе вёскі Клеявічы, і мая цётка вучыла яго беларускай мове. І я мушу канстатаваць, што яна яго не давучыла – троечнік ці двоечнік. У мяне было шкадаваньне, што гэта неадукаваны чалавек. І што мы яго не навучылі. Людзі ня ведалі, што яны рабілі, калі нішчылі”.

У авальную залю ў 19 верасьня 1991 у якасьці дзяржаўнага бел-чырвона-белы сьцяг ўносіў яшчэ адзін магілёўскі зямляк – дэпутат Вярхоўнага Савету Аляксандар Лукашэнка. А ў музэйнай залі – Музэя гісторыі беларускае літаратуры – бел-чырвона-белы сьцяг зьявіўся па задуме мастакоў. Дзеля стварэньня адпаведнае атмасфэры. Дырэктар Леанід Хаткевіч экспазыцыю прыняў, але здарыўся путч у Маскве, і музэйны экспанат падаўся дырэктару небясьпечным.

(Спадарыня: ) “Бегаў па музэю і казаў здымаць. Але зьняць яму тады не далі. Яму сказалі "фу!", як вам ня сорамна, як вам ня брыдка. А ён запанікаваў”.

Супрацоўнікі экспанат тады адстаялі. Толькі бел-чырвона-белага сьцягу – сымбалю эпохі БНР, калі былі створаныя шэдэўры беларускае паэзіі, у музэі ўсё адно ўжо няма. Проста зьліквідавалі залю прысьвечаную гэтаму пэрыяду. І экскурсаводы не чытаюць ужо радкоў Уладзіміра Жылкі:

Пад штандар бел-чырвона-белы
Гартуйся раць, адважна, сьмела
Адважных, храбрых ваякоў!
І ўспомняцца старых вякоў
Паходы мужныя у славе,
Часы Альгерда, Ізяслава,
Грунвальдзкі зь немцамі бой!
І боек даўні цяг з Масквой!

Пад знак Літоўскае Пагоні –
Абараняць краіны гоні,
Народ забраны вызваляць,
Ісьці к сьвятлу, сьвятлом палаць –
Сьпяшайся той, хто к волі рвецца,
Ў кім беларуса сэрца б'ецца!..

У лiстападзе 2001 гледачы купалаўскага тэатру не патрапілі на спэктакль "Тутэйшыя". Яго раптоўна адмянілі. Афіцыйнае тлумачэньне: састарэлі дэкарацыі. Але і акторы, і гледачы разумелі: матывы палітычныя. Страшыў мастацкі сымбаль у фінале.

(Галасы: ) “Вельмі моцны прыём тэатральны. Захацелася таксама крыкнуць "Жыве Беларусь". Выдатныя ўражаньні. Пачуцьцё радасьці, што ёсьць яшчэ тэатральныя трупы, якія не баяцца”.

Спроба зьмяніць фінал, каб не паўзло ўгору бел-чырвона-белае палатно, не ўдалася. Тры сувоі, два белыя і адзін чырвоны, забралі з хімчысткі, і спэктакль зноў ідзе з аншлягам.

(Галасы: ) “Чырвоная частка нашага сьцягу выйшла зь зямлі, а белая – з калыскі. І з гэтае калыскі можна зрабіць што-небудзь белае... Для мяне бел-чырвона-белая стужка асацыіруецца зь Беларусьсю, і я лічу, што зараз Беларусь павінна адраджацца”.

І цяперашняму "адраджэнцу", як некалі колішнім, ня болей за 20 гадоў. На кожны паказ "Тутэйшых" пад тэатральны свой штандар зьбірае "сьвядомую" публіку галоўны мастак купалаўскага Барыс Герлаван.

(Герлаван:). “Па праўдзе сказаць, у мяне не атрымалася. Гэтыя стужкі павінныя быць празрыстыя. Гэта павінны быць не канкрэтны сьцяг. Гэта павінна быць мара. І ёсьць, і няма. Цягнецца доўгі, празрысты,.. як туман... На будучыню”.

(Замежнік: ) “Гэта класна! Гэта выражае думку беларускае маладзі. Я бачыў хлопцаў дзяўчат, якія носяць бел-чырвона-белыя сьцяжкі на вопратцы”.

(Вітушка: ) “Першы раз я адзеў значак, калі ў 1987 годзе паехалі ў Вільню на нейкую канфэрэнцыю. А там “Саюдзіс” ва ўсю… усе ходзяць са значкамі сваімі. І тады проста на хаду з картону, з каляровай паперы былі зробленыя значкі і прышпіленыя значкам Янкі Купалы да пінжака”.

Тое было ўжо даўно. А бел-чырвона-белы сьцяг раптоўна ўзьнікае то тут, то там. Людзі кажуць, ёсьць нейкі няўлоўны Мірон... Андрэя Капорыкава, што разгарнуў сьцяг на "Славянскім базары", ды Аляксея Шыдлоўскага, які падняў бел-чырвона-белае палатно над Стаўбцоўскім райвыканкамам, білі за гэта да крыві. Чырвоная паласа па белым цягнецца з далёкага мінулага некуды ў далёкую будучыню.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG