Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ПЯЦЁРКА+” БУДЗЕ ПРАВОДЗІЦЬ СУСТРЭЧЫ ЗЬ ЛЮДЗЬМІ ВА ЎСІХ РЭГІЁНАХ БЕЛАРУСІ


Уладзімер Глод, Менск

Лідэры выбарчай кааліцыі “Пяцёрка+” 24 сакавіка аналізавалі вынікі паездак па рэгіёнах і сустрэчаў з рабочымі ля прахадных найбуйнейшых прадпрыемстваў Беларусі. Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, які асабіста праводзіў сустрэчы ля прахадных менскіх аўтамабільнага і трактарнага заводу, бачыць ад гэтых размоваў зь людзьмі вялікую карысьць:

(Лябедзька: ) “Гэта дае мажлівасьці зьвяраць компас сваіх спадзяваньняў і надзеяў з рэальнымі настроямі. Па-другое, такія сустрэчы падмацоўваюцца раздачай інфармацыі — пра праграму “Пяць крокаў да лепшага жыцьця”. Іншага ў нас няма. І мы адчуваем, што людзі адгукаюцца на гэтыя сустрэчы. Ёсьць абсалютны пазытыў. Пэрспэктывы толькі за гэтым”.

Другі сакратар ЦК Партыі камуністаў Беларускай Алена Скрыган, якую 23 сакавіка затрымалі міліцыянты падчас акцыі “Пяцёркі+” у Слоніме, таксама высока ацэньвае сустрэчы ў рэгіёнах:

(Скрыган: ) “Іх трэба было і раней рабіць, і цяпер. І ня трэба заседжвацца ў Менску. Вядома, людзі баяцца. Вядома, пакуль ня так многа людзей прыходзяць на сустрэчы. Але ж будзе вялікі рэзананс. Калі, напрыклад, там пабылі сорак чалавек, то кожны зь іх пагаворыць зь дзясяткам. Асабліва калі ўлады вядуць сябе так, як павялі ў Слоніме. Яны для нас робяць найвялікшую рэкляму”.

Лідэры кааліцыі лічаць, што адстойваць свае правы на свабоду сустрэчаў з насельніцтвам найлепш праз пашырэньне масавасьці такіх акцыяў. Гаворыць Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) “Прынятае палітычнае рашэньне — улада ня будзе спрыяць нашым камунікацыям. Будуць толькі перашкоды. І гэта мы бачым, калі законна абранаму дэпутату не даюць мажлівасьці правесьці сустрэчу з выбарцамі. Людзі прыходзяць, а там вісіць амбарны замок. Улада не на нашым баку — ні пракуратура, ні суд, ні міліцыя ня будуць нас падтрымліваць. Нам трэба толькі апэляваць да людзей і рабіць такія мерапрыемствы больш частымі. Калі яны будуць адбывацца ў пяці-сямі рэгіёнах штодня, то складаней будзе і ўладам змагацца з намі”.

Такой жа думкі прытрымліваецца і Алена Скрыган:

(Скрыган: ) “Калі гэта будзе масава, няхай яны кожны раз складаюць на нас пратаколы, затрымліваюць. Але тады гэта будзе ўжо сьмешна. Я лічу, што трэба масава ўсім выяжджаць, і тады нічога супраць гэтага зрабіць нельга будзе. Бо калі мы будзем баяцца такіх размоваў з палкоўнікам, які з намі размаўляў у Слоніме, то чаго мы тады будзем вартыя”.

24 сакавіка прадстаўнікі “Пяцёркі+” правялі сустрэчу ля прахадной вытворчага аб’яднаньня “Інтэграл” у Менску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG