Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАГЧЫМЫЯ НАСТУПСТВЫ ЗАБОЙСТВА ЯСІНА


Вячаслаў Ракіцкі і Аляксей Знаткевіч, Прага

(Ракіцкі:) “Апошнімі месяцамі сытуацыя на Блізкім Усходзе, хай сабе і кволую, але ўсё ж пасяляла надзею на ўрэгуляваньне. Не такім ужо неверагодным выглядаў прапанаваны ЗША плян урэгуляваньня “Дарожная мапа”. Ізраіль паабяцаў вывесьці войскі з паласы Газа... І вось здарылася тое, што многія аглядальнікі называюць ці не пачаткам новай і доўгай вайны паміж Ізраілем і палестынскімі групоўкамі тыпу “Хамас”. Прынамсі, назіральнікі назвалі адным з галоўных урокаў гэтага забойства тое, што ніякіх шанцаў на мір не засталося.

Забойства шэйха Ясіна выклікала вельмі вострую рэакцыю ў сьвеце. Эўрапейскія краіны асудзілі дзеяньне Ізраілю, назваўшы іх дрэннай навіной для працэсу ўрэгуляваньня сытуацыі на Блізкім Усходзе. Мусульманскі сьвет вуснамі прэзыдэнта Эгіпту Хосьні Мубарака назваў забойства Ясіна “баязьлівай агрэсіяй”.

Ізраіль лічыць, што пазбаўленьне галавы тэрарыстычнай інфраструктуры – адзін з важнейшых напрамкаў у барацьбе з тэрарызмам. Спрэчная думка, наадварот, можа натхніць.

І тут важны момант – мусульманская салідарнасьць. Нават тыя, хто не падзяляў палітычную праграму шэйха Ясіна, абураныя ягоным забойствам. Шмат хто ў арабскім сьвеце ўспрыняў паведамленьне пра забойства Ясіна як чарговы зьневажаючы ўдар па ісламу, які ажыцьцявіў Ізраіль, а ў ягонай асобе Захад. Таму можна чакаць прыліву дабравольцаў пад сьцягі экстрэмізму, адным з натхняльнікаў якога быў шэйх Ясін. А пазыцыі памяркоўнага кіраўніцтва Палестынскай аўтаноміі, таго ж Ахмэда Курэя, аслабеюць.

Да гэтага дадам, што шэйх Ясін, які доўгі час служыў прываблівым сымбалем ідэі вызвольнай барацьбы палестынскага народу, цяпер становіцца пакутнікам гэтай ідэі.

Болей стрыманай, скажам так, балянсуючай, выглядае пазыцыя Злучаных Штатаў як галоўнага ініцыятара блізкаўсходніх перамоваў. ЗША заклікі абодва бакі быць стрыманымі і разумець наступствы сваіх дзеяньняў”.

(Знаткевіч:) “Але малаверагодна, што такія заклікі могуць мець эфэкт. Кіраўніцтва “Хамасу” адразу заявіла, што Арыэль Шарон расчыніў браму ў пекла. У сваёй заяве “Брыгады пакутнікаў Аль-Аксы” заклікалі “да вайны супраць сыноў Сіёна. Вока – за вока”. Зрэшты, не выпадае думаць, што гэты акт Ізраіль ажыцьцявіў бяздумна. На думку назіральнікаў, Арыэль Шарон тым самым напярэдадні вываду ізраільскіх сілаў з Газы прадэманстраваў сілу, даў зразумець, што ўрад не здаецца пад ціскам экстрэмістаў. Абодва бакі сёньня зноў паказваюць сваю рашучасьць”.

(Ракіцкі:) “Я вяртаюся да думкі, якая прагучала зь Белага дому, – улічваць наступствы любога дзеяньня. Тым болей, калі гаворка ідзе пра барацьбу зь міжнародным тэрарызмам, у асобе ісламісцкага экстрэмізму. Гэтымі днямі Эўропа спрабуе зразумець новыя выклікі тэрарыстаў у зьвязку з тэрарыстычнымі нападамі ў Мадрыдзе 11 сакавіка і выпрацаваць новыя падыходы ў барацьбе з тэрорам. Толькі ўчора Ў Брусэлі, Дубліне і Мадрыдзе адбыліся тры канфэрэнцыі. Гаворачы пра вынікі тэрактаў у Мадрыдзе, мы, натуральна, найперш падкрэсьліваем, што яны забралі жыцьці 202 чалавек, а яшчэ сотні пакалечаныя. Але ёсьць і палітычныя наступствы. Экстрэмісты выбралі момант удару – напярэдадні парлямэнцкіх выбараў. І ці не вырашальна паўплывалі на зьмену ўлады ў краіне”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG