Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАТО БУДЗЕ ПАТРУЛЯВАЦЬ ПАВЕТРАНУЮ МЯЖУ ЗЬ БЕЛАРУСЬСЮ


Юры Сьвірко, Менск

Рашэньне забавязвае галоўнакамандуючага сіламі НАТО ў Эўропе распачаць працэдуры генэрацыі сілаў, то бок прасіць саюзьнікаў прапанаваць свае самалёты, тэхнічныя сродкі для разьмяшчэньня ў Літве.

“Гэта важная падзея, якая мае як вялікі практычны, гэтак і палітычны сэнс”, — заявіў агенцтву БНС літоўскі міністар абароны Лінас Лінкявічус. Паводле яго, НАТО дысьлякуе свае сілы ў Літве, якая ня мае ўсіх тэхнічных магчымасьцяў для абароны сваёй паветранай прасторы. Спадар Лінкявічус дадаў, што Літва без выняткаў і камэнтароў робіцца часткай адзінай паветранай прасторы НАТО, аб чым на мінулым тыдні ў Вільні заявіў і генэральны сакратар альянсу Яап дэ Гоап Схэфэр.

Раней палітыкі й вайскоўцы Даніі пацьвердзілі, што парлямэнт гэтай краіны найбліжэйшым часам разгледзіць пытаньне пра накіраваньне ў Літву чатырох самалётаў-зьнішчальнікаў F-16, іншай тэхнікі, пілётаў ды пэрсаналу абслугі. Як ужо распавядала Радыё Свабода, гэтыя самалёты спачатку будуць дысьлякавацца ў Віленскім міжнародным аэрапорце — гэта ўсяго 30 кілямэтраў ад мяжы зь Беларусьсю.

Як ставіцца да гэтага рашэньня афіцыйны Менск? Прэсавая служба беларускага Міністэрства абароны адмовілася ад камэнтароў, сказаўшы, што гэта збольшага палітычнае пытаньне.

Палітыкі камэнтавалі рашэньне НАТО ахвотна. Старшыня камісіі міжнародных справаў і нацыянальнае бясьпекі Савету Рэспублікі Мікалай Чаргінец сказаў, што рашэньне НАТО выклікае насьцярожанасьць.

(Чаргінец: ) “Абараняць паветраную прастору — гэта значыць, абараняць і ад Беларусі. Гэта ўскосным чынам падазраваць, што Беларусь можа праявіць нейкую агрэсію ў гэтым пляне. Гэта несправядліва — ніколі мы не давалі такой нагоды нікому. Тым больш непараўнальныя вагавыя катэгорыі — аднае невялікае дзяржавы ў асобе Беларусі й НАТО”.

Спадар Чаргінец мяркуе, што ў такіх сытуацыях НАТО трэба даваць Беларусі канкрэтныя папярэднія тлумачэньні, бо для гэтага існуе мэханізм кансультацыяў паводле праграмы “Партнэрства дзеля міру”. На пытаньне, ці мажлівыя нейкія інцыдэнты на беларуска-літоўскай паветранай мяжы пасьля зьяўленьня там самалётаў НАТО, Мікалай Чаргінец адказаў:

(Чаргінец: ) “Тэхніка ёсьць тэхніка. Калі хутка судакранаюцца ня толькі паветраныя караблі, але й іншыя віды тэхнікі, можа здарыцца непрадбачанае. Аўтамабілі на дарозе, якая мае нават паласу разьдзелу, рэдка, але сустракаюцца чамусьці на адной паласе. Таму тут заўжды трэба разьлічваць гэтыя варыянты й дзейнічаць вельмі прадумана”.

Калега спадара Чаргінца ў Парлямэнцкім сходзе Беларусі й Расеі Мікалай Безбарадоў у інтэрвію Радыё Свабода сказаў:

(Безбародаў: ) “Я так думаю, што да канфліктаў яшчэ ня дойдзе, але прашчупваньне ўжо пачынаецца — прынамсі пакуль выведкай з аднаго боку. Але другі бок ня можа сябе пасіўна паводзіць”.

Генэрал-маёр авіяцыі Безбародаў, які ў расейскай Думе ўваходзіць у камітэт па абароне, заявіў пра наступствы брусэльскага рашэньня накіраваць самалёты НАТО ў Літву:

(Безбародаў: ) “Расейскі бок таксама тады вымушаны будзе адпаведнымі палётамі ўздоўж мяжы Расейскае Фэдэрацыі й Беларусі, саюзнай нашай дзяржавы весьці выведку адпаведных прылеглых тэрыторыяў з таго боку. А больш нам нічога не застаецца”.

Афіцыйны прадстаўнік МЗС Беларусі Андрэй Шупляк гэтак пракамэнтаваў рашэньне Паўночнаатлянтычнай рады разьмесьціць самалёты НАТО каля беларускай мяжы:

(Шупляк: ) “Мы паводле стану на цяпер афіцыйнай інфармацыі пра гэтае рашэньне ня маем. Мы заўжды падкрэсьлівалі й падкрэсьліваем, што прыняцьцё рашэньня аб разьмяшчэньні той або іншай вайсковай тэхнікі на сваёй тэрыторыі ёсьць сувэрэнным правам кожнай дзяржавы. З улікам таго, што Літва з 2 красавіка стане паўнапраўным сябрам НАТО, яна мае права вызначаць свае мадальнасьці й формы свайго сяброўства ў альянсе. Адзінае — мы зыходзім зь неабходнасьці безумоўнага выкананьня ўсіх дамоваў у галіне кантролю над узбраеньнямі, удзельніцай якіх ёсьць Літва”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG