Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБВАСТРЫЛІСЯ РАЗЫХОДЖАНЬНІ ПАМІЖ ЗША І ЭЎРОПАЙ АДНОСНА ВАЙНЫ З ТЭРОРАМ


Валер Каліноўскі, Прага

Гэтак сама, як пад час землятрусу хвалі разыходзяцца далёка ад эпіцэнтру, палітычныя наступствы тэрарыстычных атакаў у Гішпаніі перайшлі далёка за межы краіны. Няма сумненьняў, што лідэры краінаў сьвету адзіныя ў асуджэньні тэрарыстычных нападаў, але ў іх няма адзінства ў разуменьні таго, як працягваць вайну з тэрарызмам, і што сабою ўяўляе гэтая самая вайна.

Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш настойвае на вайсковых захадах, заклікаючы сваіх саюзьнікаў да гуртаваньня і працягу іх місіі ў Іраку дзеля адбудовы гэтай краіны. Гэтак спадар Буш адрэагаваў на пагрозу будучага кіраўніка ўраду Гішпаніі вывесьці свой вайсковы кантынгент з Іраку. Гаворыць Джордж Буш:

(Буш: ) "Аль-Каіда разумее, што за гэтым стаіць. Яна хоча, каб мы пакінулі Ірак, таму што Аль-Каіда хоча выкарыстоўваць Ірак як прыклад перамогі над свабодай і дэмакратыяй”.

Іншымі словамі Джордж Буш адзначае, што Ірак стаў галоўным фронтам вайны ідэалёгіяў.

Разуменьне ў Эўропе істотна адрозьніваецца. Паводле апытаньняў большасьць грамадзянаў Францыі і Нямеччыны ўпэўненыя, што вайна ў Іраку цяпер падрывае барацьбу з тэрарыстамі, паколькі акупаваўшы Ірак, ЗША справакавалі ісламскіх тэрарыстаў. Як выказаўся будучы гішпанскі прэм’ер Запатэра, гэтая вайна выклікае толькі нянавісьць.

А нямецкі канцлер Шрэдэр лічыць у вайне з тэрорам больш важнымі не вайсковыя апэрацыі, а сацыяльныя і эканамічныя праграмы. Гаворыць Герхард Шрэдэр:

(Шрэдэр: ) “Процістаяць тэрарызму нельга толькі вайсковай сілай. Трэба змагацца з каранямі тэрарызму, і, несумненна, што праблема неразьвітасьці краінаў трэцяга сьвету зьяўляецца важнай часткай гэтых каранёў.”

Падобныя думкі і ў францускага лідэра Жака Шырака, які мяркуе, што патрэбна спыніць канфлікты, якія выклікаюць нянавісьць і раздражненьне людзей, змагацца з галечай, беззаконьнем, усім, што зьяўляецца глебай для гвалту.

Вашынгтон таксама бачыць гэтыя праблемы, прынамсі нядаўна ЗША прапанавалі новую праграму падтрымкі рэформаў і разьвіцьця для краінаў арабскага сьвету.

Але для ЗША цяпер важна вытрымаць і штодзённыя атакі на сваіх жаўнераў у Іраку, і дапамагчы ірацкаму народу пабудаваць дэмакратычную ды заможную краіну. Вывад жа войскаў кааліцыі будзе здрадай гэтым мэтам, – мяркуюць у Вашынгтоне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG