Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ САПРАЎДЫ АЛЬ-КАІДА ЗЬМЯНІЛА ЎРАД У ГІШПАНІІ?


Сяргей Абламейка, Прага

“Гэй-гэй, Гішпанія – сацыялістычная!” – Такімі воклічамі віталі прыхільнікі Сацыялістычнай партыі Гішпаніі сваю перамогу на выбарах 14 сакавіка.

Перад тэрарыстычнымі атакамі мінулага чацьвярга апытаньні грамадзкай думкі цьвёрда паказвалі на будучую перамогу Кансэрватыўнай партыі Хасэ Марыі Аснара, якая кіравала Гішпаніяй апошнія 8 гадоў. Што праўда, кансэрватары пакуль застаюцца асноўнай партыяй у верхняй палаце гішпанскага парлямэнту. Тым ня менш цяпер урад сфармуе Гішпанская сацыялістычная рабочая партыя на чале з будучым прэм’ер-міністрам Хасэ Луісам Радрыгесам Сапатэрам.

Да парлямэнцкай большасьць сацыялістам не хапае некалькі галасоў, але паводле аналітыкаў ім ня будзе цяжка ўтварыць кааліцыю з ідэйна блізкімі дробнымі партыямі або з адной з рэгіянальных партыяў нацыянальных мяншыняў краіны.

(Сапатэра: ) “Урад дзеля зьменаў будзе дзейнічаць праз дыялёг, адказнасьць і празрыстасьць... Мой самы першы прыярытэт – змагацца з усімі формамі тэрарызму, і маёй першай ініцыятывай будзе саюз палітычных сілаў, каб сканцэнтраваць на гэтым усе намаганьні”.

Заявіў будучы прэм’ер-міністар Гішпаніі Хасэ Сапатэра.

Сам Сапатэра ня зьвязвае адкрыта сваю перамогу з тэрактамі 11 сакавіка, але гішпанскія і міжнародныя назіральнікі ў шматлікіх сёньняшніх камэнтарах кажуць, што параза кансэрватараў зьвязана зь іхнай спробай перакласьці адказнасьць за выбухі ў цягніках на баскую тэрарыстычную групу ЭТА і прынізіць ролю ісьлямскага фактару.

Адна з самых папулярных штодзённых газэт Гішпаніі “El Mundo” абвінаваціла сёньня ўрад Хасэ Марыі Аснара ў тым, што ён наўмысна заніжаў небясьпеку ісьлямскага тэрарызму і не прызнаваў сувязь падзеяў 11 сакавіка з Аль-Каідай, бо баяўся ўзмацненьня сацыялістаў.

Як вядома, на знойдзенай у Мадрыдзе відэакасэце невядомы чалавек называе сябе ваенным прадстаўніком Аль-Каіды ў Эўропе і бярэ на сябе адказнасьць за выбухі 11 сакавіка. Сапраўднасьць касэты правяраецца, але ўжо напярэдадні выбараў былі арыштаваныя 5 чалавек – тры мараканцы і два гішпанцы індыйскага паходжаньня, якія, на думку паліцыі, мелі дачыненьне да тэрактаў.

Міжнародныя назіральнікі згодныя ў тым, што калі далучанасьць Аль-Каіды да выбухаў у Мадрыдзе будзе даказаная, то гэта стане першым выпадкам, калі міжнародная тэрарыстычная сетка Ўсамы Бін Ладэна паўплывала на зьмену ўлады ў заходняй краіне.

У гішпанскіх сацыялістаў стаўленьне да вайны ў Іраку рэзка адмоўнае. Будучы прэм’ер Хасэ Сапатэра назваў і вайну ў Іраку, і працяг акупацыі трагедыяй. Ён заявіў, што гішпанскі кантынгент колькасьцю 1300 чалавек, калі нічога ня здарыцца, будзе выведзены зь Іраку да 30 чэрвеня. Ён таксама дадаў, што рашэньне аб вывадзе будзе прымацца пасьля кансультацыяў з усімі паліытчнымі сіламі краіны.

Сёньня народы Эўропы ўшанавалі памяць ахвяраў 11 сакавіка хвілінай маўчаньня, а Нямеччына заклікала да правядзеньня ў бліжэйшыя дні экстранае нарады міністраў унутраных справаў краінаў Эўрапейскага Зьвязу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG