Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ БУДЗЕ НАТО АХОЎВАЦЬ ПАВЕТРАНУЮ ПРАСТОРУ ЛІТВЫ НА МЯЖЫ ЗЬ БЕЛАРУСЬСЮ?


Юры Сьвірко, Менск

Генэральны сакратар НАТО Яап дэ Хооп Схэфэр, які прыбыў у Вільню, заявіў у пятніцу прэм’ер-міністру Альгірдасу Бразаўскасу, што Літве, як і кожнаму іншаму сябру НАТО, будзе гарантаваная абарона і кантроль яе паветранай прасторы. Літва стане паўнапраўным сябрам НАТО праз пару тыдняў, і гэта значыць, што ў паветры будуць кантралявацца яе межы з Калінінградзкай вобласьцю Расеі ды зь Беларусьсю. Але з прэм’ерам Бразаўскасам генэральны сакратар НАТО абмяркоўваў толькі стасункі альянсу з Расеяй і Ўкраінай.

Яап дэ Хооп Схэфэр сказаў, што ня можа пацьвердзіць паведамленьне аб тым, што Данія накіруе ў Літву свае самалёты-зьнішчальнікі для аховы паветранай прасторы, хаця заявіў, што ня бачыць розьніцы паміж аховай такой прасторы 19 або 26 краінаў-сябраў альянсу. “У НАТО няма краінаў першага ці другога гатунку, ёсьць толькі краіны-ўдзельніцы”, – зазначыў генэральны сакратар альянсу на прэсавай канфэрэнцыі ў Рызе. На пытаньне, якія пляны мае НАТО наконт разьмяшчэньня вайсковых базаў у дзяржавах Балтыі, Яап дэ Хооп Схэфэр адказаў сьцісла: “Адэкватныя”.

Раней на гэтым тыдні паведамлялася, што замежнапалітычная камісія парлямэнту Даніі мае намер прапанаваць праект пастановы аб накіраваньні 1 красавіка ў Літву шматмэтавых самалётаў-зьнішчальнікаў Ф-16, каб яны ахоўвалі паветраную прастору Балтыі пасьля іх далучэньня да НАТО. Як перадавала дацкае агенцтва Ritztau, пэрсанал вайскова-паветраных сілаў Даніі раней папярэдзілі, што ў Літву накіруюць чатыры самалёты Ф-16, мабільнае радарнае абсталяваньне ды каля 100 вайскоўцаў.

Паводле балтыйскага агенцтва БНС, часовай базай для гэтых зьнішчальнікаў можа стаць Віленскі міжнародны аэрапорт. Як заявіла агенцтву крыніца ў міністэрстве абароны Літвы, дысьлякацыя самалётаў у сталіцы будзе мець палітычнае адценьне і сьведчыць пра абавязкі з боку НАТО, але аэрапорт Вільні, які знаходзіцца ўсяго ў 30 кілямэтрах ад мяжы зь Беларусьсю, будуць выкарыстоўваць толькі часова, пакуль рамантуецца ўзьлётна-пасадачная паласа на вайсковым аэрадроме Зокняй на поўначы Літвы, каля гораду Шаўляй.

Афіцыйныя прадстаўнікі Беларусі пакуль не камэнтавалі гэтыя паведамленьні. А кіраўніцтва НАТО больш хвалюе пазыцыя Расеі. Паводле генэральнага сакратара альянсу, няма падставаў меркаваць, што разьмяшчэньне самалётаў у Балтыі можа прывесьці да напружаных стасункаў з Расеяй. “Я думаю, што Расея гэта вельмі добра зразумее, бо НАТО заўжды ахоўвала ня толькі сваю тэрыторыю, але й паветраную прастору”, – сказаў у Рызе Яап дэ Хооп Схэфэр.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG