Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 ЗАПАВЕТАЎ БІЗНЭСОЎЦА


Кастусь Бандарук, Прага

У адной з папярэдніх перадачаў мы абмяркоўвалі пытаньне, ці рэлігійная вера сапраўды, як кажуць сацыёлягі, станоўча ўплывае на заможнасьць краіны і эканамічны рост. А ці патрэбныя ў гаспадарчай дзейнасьці прынцыпы рэлігійнай маралі? Ці маюць сэнс 10 запаветаў бізнэсоўца, калі ня ўсе выконваюць 10 запаветаў божых?

На Восьмым усясьветным расейскім нацыянальным саборы, што праходзіў у Тройца-Сергіевай Лаўры 3-4 лютага сёлета, быў прыняты “Кодэкс маральных прынцыпаў і правілаў гаспадараньня”, складзены на падставе 10 Божых Запаветаў.

У распрацоўцы дакумэнту ўдзельнічалі прадстаўнікі Рускай праваслаўнай царквы і эканамісты, у тым ліку рэктар Акадэміі народнай гаспадаркі Ўладзімір Маў, дэпутат Дзярждумы Сяргей Глазьеў, шэраг экспэртаў і прадстаўнікоў прафсаюзаў.

Дзесяць запаветаў, якія яны прапануюць бізнэсоўцам выглядаюць наступным чынам:

1) Не забываючы пра хлеб надзённы, трэба памятаць пра духоўны сэнс жыцьця. Не забываючы пра асабістае дабро, трэба рупіцца і пра дабро бліжняга, дабро грамадзтва і Айчыны.
2) Багацьце – не самамэта. Яно павінна служыць стварэньню годнага жыцьця чалавека і народу.
3) Культура дзелавых стасункаў, вернасьць дадзенаму слову дапамагаюць стаць лепшым і чалавеку, і эканоміцы.
4) Чалавек ня ёсьць пастаянна працуючым мэханізмам. Яму патрэбны час дзеля адпачынку, духоўнага жыцьця і творчага разьвіцьця.
5) Дзяржава, грамадзтва, бізнэс павіны разам клапаціцца пра годнае жыцьцё працаўнікоў, а тым болей тых, хто ня можа сам зарабіць на хлеб. Гаспадараньне, гэта сацыяльна адказны від дзейнасьці.
6) Праца не павінна забіваць і калечыць чалавека.
7) Палітычная ўлада і ўлада эканамічная павінны быць разьдзеленыя. Удзел бізнэсу ў палітыцы, яго ўзьдзеяньне на грамадзкую думку можа быць толькі празрыстым і адкрытым. У эканоміцы няма месца карупцыянэрам ды іншым злачынцам.
8) Прысвойваючы чужую маёмасьць, грэбуючы агульнай маёмасьцю, не плацячы работніку за ягоную працу, абманваючы партнэра, чалавек пераступае маральны закон, шкодзіць грамадзтву і сабе.
9) У канкурэнтнай барацьбе нельга скарыстоўваць хлусьню і зьнявагі, эксплюятаваць заганы ды інстынкты.
10) Трэба паважаць інстытут ўласнасьці, права валодаць і распараджацца маёмасьцю. Зайздросьціць дабрабыту бліжняга, працягваць руку па ягоную маёмасьць – амаральна.

“Кодэкс маральных прынцыпаў” прапануецца “ для добраахвотнага прыняцьця кіраўнікамі кампаніяў, рабочымі і прафсаюзамі, тымі, хто прызнае духоўны аўтарытэт РПЦ.

Паводле Мітрапаліта Кірыла, Царква верыць, што гэты заклік да маралі ў бізнэсе будзе пачуты бізнэсоўцамі, а імёны адступнікаў Царква мае намер данесьці да публічнага ведама, “каб народ ведаў імёны адступнікаў”.

Рэакцыя на кодэкс сярод дзелавых колаў даволі неадназначная. Прэзыдэнт “Лукойлу” Вагіт Алекпераў заявіў: “мы кіруемся сацыяльным кодэксам распрацаваным і зацьверджаным нашай кампаніяй. Калі канцэпцыі абодвух дакумэнтаў супадуць, мы будзем толькі рады, што адпавядаем яшчэ і маральным законам Праваслаўнай Царквы”.

Адзін з сааўтараў кодэксу Сяргей Барысаў на гэта адказаў: “Сапраўды, бізнэс мае сваю “хартыю” дзелавой этыкі, але ж кодэкс прапанаваны Царквою, у адрозьненьне ад усіх астатніх, зьвяртаецца не да розуму, але да сэрца, да міласэрнасьці”.

“Кодэксы дзелавой этыкі, якія дзейнічаюць ў большасьці буйных карпарацыяў, базуюцца на этычных нормах пратэстантызму,” – лічыць Сяргей Градзіроўскі, кіраўнік Цэнтру стратэгічных дасьледваньняў Прыволжскай акругі.

Прэзыдэнт кампаніі “Рэнэсанс-Капітал” Алег Кісялёў зьдзіўлены самой ідэяй кодэксу. “Мы жывем у рэальным сьвеце, а гэта сюррэалістычны сюжэт... Я ведаю толькі адзін запавет прамога дзеяньня: ня ўкрадзі. Напэўна, ёсьць нейкі сацыяльны заказ, бо цяпер усе кінуліся выхоўваць буржуазію,” – кажа ён. “У Бібліі дастаткова ўсяго напісана, каб правільна і этычна, без дадатковых тлумачэньняў весьці бізнэс,” – заявіў ананімна іншы бізнэсовец.

А вось як пракамэнтаваў “Кодэкс маральных прынцыпаў” пазаштатны клірык РПЦ Ігумен Інакенцій Паўлаў:

(Паўлаў: ) “Гэты кодэкс, пра які ўсе даўно пасьпяхова забыліся, нават яго стваральнікі, быў напісаны не таму, што ў гэтым ёсьць нейкая аб'ектыўная патрэба, а проста ў сувязі з гэтым Саборам Царква хацела нешта зрабіць. Наагул, падобныя мерапрыемствы болей рытуальныя, чым прагматычныя, і ня варта сур'ёзна ставіцца да іх. Узьнікае пытаньне: а чаму раптам вырашылі заняцца прадпрымальніцтвам, дзелавой этыкай, а не важнейшымі праблемамі. Я ведаю, што ў Маскоўскай Патрыярхіі Мітрапаліт Кірыл і ягоная каманда самі актыўна займаюцца бізнэсам. Вельмі праўдападобна, што яны вырашылі вось такой ініцыятывай апраўдаць сваю дзейнасьць, якая выклікае абурэньне з боку вернікаў і дзелавых колаў. Усё-такі Царква і бізнэс, гэта несумяшчальныя рэчы. Уласна кажучы, такое маё меркаваньне".

Ігумен Паўлаў лічыць, што згаданы кодэкс беспэрспэктыўны і “мёртванароджаны”. Гэта СМІ падхапілі інфармацыю пра яго, як брыдкі анэкдот, і што ён няварты сур'ёзнай увагі. Аднак вельмі станоўча пра “Кодэкс маральных прынцыпаў” выказаўся генэральны сакратар Гаспадарчай палаты Польшчы – Марак Клочка.

(Клочка: ) "Зразумела, гэта мае вельмі глыбокі сэнс. Я з прыемнасьцю ўспрымаю той факт, што Праваслаўная Царква падключаецца да шырокай кампаніі прапагандаваньня этыкі ў бізнэсе. Праўда, Царква рабіла гэта і раней, толькі цяпер зьявіўся адмысловы кодэкс. Хачу адзначыць, што ў глябальнай эканоміцы назіраецца вялікі разрыў паміж багатымі і беднымі краінамі. Багатыя краіны, гэта тыя, у якіх эканоміка ўпарадкаваная. Гэты парадак базуецца на трох апорах: добрым заканадаўстве, добрых норавах (гандлёвых, купецкіх), і трэцяе, на этыцы гаспадараньня.

Маральныя прынцыпы ў бізнэсе неабходныя, бы паветра. Яны зачэрпнутыя з практычнага досьведу пратэстанцкай этыкі, а тая асноўваецца на Бібліі. Гаспадараньне ня можа рэгулявацца сухім законам. Закон бы гарсэт сьціскае і абмяжоўвае свабоду дзеяньня. Закон усяго не прадбачыць і ня ўсё ўрэгулюе. Застаецца вялікая ніша для няпісаных, джэнтэльмэнскіх прынцыпаў: гонару, стрымліваньня дадзенага слова. Адсюль, у разьвітых эканоміках, ужо даўно прапагандуецца здаровыя нормы гаспадараньня. Нашая палата таксама апрацавала ў пачатку 1990-х “Кодэкс этыкі гаспадарчай”. Гэта ня толькі забароны і папярэджаньні. Мы пераконваем бізнэсоўцаў, што сумленнасьць, акуратнасьць і саліднасьць выгадныя для ўсіх. Бізнэс асноўваецца на ўзаемадаверы. Бяз маралі няма даверу, а бяз ўзаемадаверу няма пасьпяховага бізнэсу. Таму, падкрэсьліваю яшчэ раз, этычныя нормы адыгрываюць вялікую ролю ў эканоміцы".

Так лічыць генэральны сакратар Гаспадарчай палаты Польшчы-Марак Клочка. Трэба адзначыць, што ў краінах, якія пераходзяць на рынкавую эканоміку, стаўленьне грамадзтваў да айчыннага бізнэсу збольшага нэгатыўнае. Статыстычны беларус таксама ня верыць, што сумленнай працай можна разбагацець, што бізнэс, як правіла, несумленны. У грамадзтве прызвычаеным да сацыялістычнай ўраўнілакі заможны бізнэсовец выклікае насьцярожанасьць і падазронасьць. Усе ахвоча прызнаюць, што першы мільён трэба ўкрасьці. Адсюль пагаворка, што бізнэсоўцы дзеляцца на тых, хто сядзеў, хто сядзіць, або будзе сядзець у турме. Можа менавіта ў краінах, з маладым, драпежным капіталізмам у бізнэсе асабліва патрэбныя хрысьціянская мараль? Ігумен Паўлаў адказвае.

(Паўлаў: ) "Яна ёсьць, яна была. Урэшце, у Расеі вырасла кляса прадпрымальнікаў яшчэ да рэвалюцыі. Этыка расейскага бізнэсу зводзілася да адной простай формулы: "прыбытак вышэй за ўсё, але гонар вышэй за прыбытак". Людзі даражылі сваім добрым імем. Адсюль і такая прымаўка: "дамова даражэй за грошы". Хачу адзначыць, што значна частка расейскіх прадпрымальнікаў, гэты былі стараабрадцы. Самае цікавае, што ў старабрадчыцкай дзелавой этыцы шмат супадзеньняў з пратэстанцкай этыкай апісанай Вэбэрам. Гэта цікавае супадзеньне, хаця ніякай ўзаемнай сувязі паміж імі не было. Проста, існуюць на гэты конт агульнахрысьціянскія, біблейскія прынцыпы, і новых правілаў ня трэба прыдумляць. Калі-б Царква сама паказала прыклад сумленнага бізнэсу, тады іншая справа. Але-ж усе ведаюць, што Мітрапаліт Кірыл, гэта такі бізнэсмэн, які можа падвесьці сваіх партнэраў, і ў дадзеным выпадку РПЦ ня можа служыць за ўзор, і тым болей ня можа быць настаўнікам дзелавой этыкі”.

Гэта быў ігумен Інкакенцій Паўлаў. Магчыма, РПЦ, як кажа ігумен Паўлаў, ня можа быць ўзорам этычнага вядзеньня бізнэсу, але розныя рэлігіі і цэрквы маюць адказы на пытаньне: што добра, а што дрэнна, у тым ліку і ў сыстэме гаспадараньня”.

Дарэчы, стаўленьне Рыма, каталіцкай Царквы, да эканомікі і маральных прынцыпаў гаспадараньня падобнае, як і ў праваслаўі. Яно выкладзенае ў некалькіх папаскіх энцыкліках, апублікаваных на працягу апошніх ста зь лішнім гадоў, у прыватнасьці Centessimus Annus. Каталіцкая Царква ніколі не складала падобных кодэксаў, але яна таксама моцна падкрэсьлівае значэньне хрысьціянскай маралі ў эканоміцы і бізнэсе.

Усьлед за РПЦ, таксама расейскія мусульмане вырашылі стварыць ўласны кодэкс маральных прынцыпаў, якога павінны прытрымлівацца мусульмане. Іслам падрабаязьней, чым хрысьціянства рэглямэнтуе эканоміку. У Каране і Суне (Сьвяшчэнная традыцыя) ёсьць вельмі шмат канкрэтных указаньняў, што можна, і чаго нельга. Аднак на думку сустаршыні Рады Муфціяў Расеі Ісмаіла Шангарэева, эканамічныя прынцыпы шарыяту мала вядомыя, і таму ёсьць патрэба выкласьці іх у простай і даступнай форме. Паводле Шангарэева, у мусульманскім Кодэксе знойдуцца такія пункты:

- забарона ліхвы,
- забарона манаполіяў, незаконных, несумленных мэтадаў канкурэнтнай барацьбы,
- забарона прыйманьня празьмернай аплаты за перавоз і продаж тавару. Розьнічная цана не павінна перавышаць оптавую болей, як ў паўтары разы.
- забарона вытворчасьці і продажу таго, спажываньне чаго забароненае ісламам: алькаголю, сьвініны, і г.д.
- забарона продажу ўкрадзенага і нізкаякаснага прадукту
- недапушчальнасьць падману, скарыстоўваньне капіталу атрыманага ў адпаведнасьці з законамі шарыяту
- вера ў тое, што каэфіцыент карыснага дзеяньня грошай, атрыманых ў адпаведнасьці з шарыятам вышэй, чым у капіталу нажытага незаконным шляхам.

Што тычыцца юдаізму, дык зь ліку 613 запаветаў Сьвятога Пісаньня юдаізму, некаторыя непасрэдна акрэсьліваюць нормы гаспадараньня, а іншыя таксама маюць эканамічныя аспэкты тлумачэньня. “Чужаземцу аддавай ў ліхву, а брату твайму не аддавай ў ліхву”(Друг.23,20) Аднак на практыцы нельга было браць працэнт пры крэдытаваньні бедных. Крэдыт заможнаму чалавеку афармляецца, я партнэрства, але гэта заставалася фікцыяй. Даўжнік павінен быў вярнуць доўг крэдытору незалежна ад таго, ці ягоны бізнэс аказаўся прыбытковым.

У Талмудзе (зборніку дактрынальна-юрыдчыных заключэньняў датычных амаль усіх сфэраў рэлігійнага і сьвецкага жыцьця з VIII ст.) падкрэсьліваецца, што дзелавая дзейнасьць палягае ў выкананьні божай волі гэтак у намеры, як і ва ўчынку. Бізнэсовец лёгка можа даць кліенту нядобрасумленную параду, прыхаваць інфармацыю, і захаваць пры гэтым добрую рэпутацыю. Але Бог ведае сапраўдныя намеры чалавека, і таму сумленнасьць у бізнэсе –неабходная. Дарэчы, з прагматычных меркаваньняў габрэі лічаць, што гандляр, які карыстаецца добрай рэпутацыяй прыцягне болей кліентаў, чым той, чыя рэпутацыя сумнеўная. Інакш кажучы, быць сумленным у бізнэсе выгадна.

Некаторыя бізнэсоўцы адрэагавалі на кодэкс такім чынам, што нібыта ў ім мала гаворыцца пра адказнасьць чыноўнікаў. Дзяржаўны сэктар эканомікі існуе ў любой краіне, а чыноўніцтва ў сьвядомасьці людзей, гэта найболей карумпаваная і бюракратычная структура. Маральных нормаў павінны прытрымлівацца таксама кіруючыя эліты і палітыкі. Існаваў нават “Маральны кодэкс будаўніка камунізму” зацьверджаны 22 Зьездам КПСС ў 1961 годзе. У ім зь Бібліі зачэрпнутая фраза: “хто не працуе, той хай і ня есьць”. Гаворыцца пра “сумленнасьць і праўдзівасьць, маральную чысьціню, прастату, сьціпласьць і грамадзкім і прыватным жыцьці”, аб непрыманьні “паразытызму, несумленнасьці, кар’ерызму, і хцівасьці”. У лютым сёлета, кіруючая кампартыя Кітаю апублікавала сьпіс 178 грахоў кітайскага камуніста.

Дык можа сапраўды варта пісаць кодэксы маральных прынцыпаў і для чыноўнікаў і палітыкаў ? Ігумен Паўлаў працягвае.

(Паўлаў: ) “Навошта пісаць, калі ніхто гэтага ня будзе выконваць. Тут іншая справа. Чыноўнікі і палітыкі павінны падлягаць грамадзкаму кантролю. Прынцып павінен быць вельмі просты: ніводнае правапарушэньне, ніводзін неэтычны ўчынак не падлягае прабачэньню. Я ўжо ў 1993 годзе сфармуляваў гэта наступным чынам: Расея будзе нармальнай краінай, з нармальнай палітыкай, з нармальным бізнэсам, калі вырасьце пакаленьне, якое не будзе дароўваць нікому, нічога і ніколі. Калі ў нас такое будзе, тады ўсё будзе ў парадку".

Гэтак лічыць праваслаўны сьвятар, пазаштатны клірык РПЦ, ігумен Інкаценцій Паўлаў. Такім чынам, ягоная асноўная думка такая, што “Кодэкс маральных прынцыпаў і правілаў гаспадараньня – бясплённая праца. Ён лішні, бо мала хто ведае пра яго, і ніхто яго не будзе выконваць. Магчыма гэта так, але з пэўнасьцю казаць цяжка. У 10 запаветах божых гаворыцца: “не забівай”, “ не крадзі”, “не чужаложнічай”, “не жадай чужога” і гэтак далей. Вядома, што многія людзі і крадуць і забіваюць, але цяжка сказаць, што гэтыя запаветы – непатрэбныя. Як сказаў адзін з сучасных бізнэсоўцаў, этыку ў бізнэсе можна прыраўняць да правілаў дарожнага руху. Ня ўсе іх выконваюць, але бязь іх на дарогах быў бы поўны хаос. Правілы і запаветы не элімінуюць зла, але яго абмяжоўваюць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG