Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АДСТАЎКУ ДАЎГАЛЁВА КАМЭНТУЕ АЛЯКСАНДАР ФЯДУТА


Юры Дракахруст, Прага

Не прайшло і двух тыдняў, як Васіль Даўгалёў пачаў разглядацца ў аналітычных і палітычных колах Беларусі, як магчымы кандыдат на пасаду кіраўніка справамі прэзыдэнта. Гледзячы па ўсім, менавіта гэта і каштавала яму губэрнатарскай пасады.

Вяртаньне Даўгалёва ў Менск на любую пасаду – гэта вяртаньне дадатковага гульца, які здольны на неардынарныя крокі. Па-другое, гэта гулец, які зьвязаны са старой лукашэнкаўскай камандай, камандай 1994 году, якая вельмі адрозьніваецца ад каманды 2003 году, якая фактычна кіруе сёньня краінай.

І таму зьяўленьне Даўгалёва – гэта зьяўленьне гульца, які дзякуючы ўласнаму вопыту кіраўніка ўспрымаўся б як патэнцыйны супернік прэм’ер-міністра Сяргея Сідорскага, з другога боку – гэта было б вяртаньне чалавека, які хутчэй знойдзе агульную мову зь Віктарам Шэйманам, чым Уралам Латыпавым і Анатолем Тозікам.

Як толькі ўзьніклі чуткі пра вяртаньне Даўгалёва ў Менск, адбылася імгненная рэакцыя – справаздача берасьцейскага губэрнатара, якая стала паказальнай лупцоўкай, прычым галоўным так бы мовіць экзэкутарам выступіў Анатоль Тозік – адзін з ідэолягаў кіроўнай зараз групы. Вельмі хутка быў з гэтага адпаведны вынік – хутчэй за ўсё Васіль Барысавіч паедзе ў пачэсную ссылку ў Расею, магчыма ў якасьці амбасадара, магчыма ў якасьці сталага прадстаўніка, магчыма будзе прыдуманая нейкая пасада ў інтэграцыйных структурах. Гэта вынік барацьбы за аднаўленьне сыстэмы стрымваньня і супрацьвагаў унтуры ўладнай беларускай эліты, і гэтая барацьба прайграная Аляксандрам Лукашэнкам.

(Карэспандэнт: ) “Аляксандар, чаму на ваш погляд Васіль Даўгалёў не накіраваўся за спадарыняй Жураўковай і спадаром Рыбаковым у сьледчы ізалятар, а гледзячы па ўсім атрымае хай і менш уплывовую, але пачэсную дыпляматычную пасаду?”

(Фядута: ) “Я разумею, што пасадзіць можна любога. Але калі Жураўкова ўспрымалася ўсімі як алігатар, зь якім немагчыма дамовіцца, то і на пасадзе губэрнатара, атрымаўшы мянушку "Даламай" на кантрасьце з папярэднікам Заламаем, усе роўна быў асобаю дастаткова канвэнцыйнай – ён не адбіраў чужога бізнэсу, ён не змагаўся за перападзел рынку. Ён проста выконваў функцыі, якія былі ўскладзеныя на яго гаспадаром. Іншая справа, што губэрнатар вобласьці – гэта “гасударавы служка”. А кіраўнік справаў прэзыдэнта – гэта самастойны гулец. На гэтым фоне прызначэньне спадара Лаўрынкова, чалавека, які ня мае каранёў у палітычнай эліце нацыянальнага ўзроўню, і асабіста ведамы прэзыдэнту, задавальняе нашу кіроўную групу значна больш, чым Васіль Даўгалёў – чалавек з пэўным палітычным тварам”.

(Карэспандэнт: ) “Спадар Фядута, Васіль Даўгалёў у Маскве – ці азначае гэта нейкі паварот у беларускай палітыцы адносна Расеі?”

(Фядута: ) “Нават калі ў Маскве апынецца Зянон Пазьняк, гэта ня будзе азначаць новых паваротаў. Зьнешнюю палітыку адносна Расеі вызначае ў нашай краіне толькі адзін чалавек – той, хто зьяўляейцца прэзыдэнтам. Гэтак жа як і палітыку адносна Беларусі вызначае толькі прэзыдэнт Расеі. Я ня думаю, што нейкія меркаваньні спадара Даўгалёва ці якога іншага спадара, які адказвае за гэты кірунак зь беларускага боку, маглі паўплываць на спадароў Лукашэнку і Пуціна”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG