Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АЛЯКСАНДАР ЛУКАШЭНКА ПРЫЗНАЧЫЎ НОВАГА КІРАЎНІКА СПРАВАМІ ПРЭЗЫДЭНТА


Альгерд Невяроўскі, Менск

4 сакавіка, падчас справаздачы супрацоўнікаў Кіраўніцтва справамі, Аляксандар Лукашэнка прадставіў ім новага кіраўніка, які замяніў на гэтай пасадзе арыштаваную 10 лютага Галіну Жураўкову. Спадар Лукашэнка назваў Генадзя Лаўранкова дасьведчаным кіраўніком, прыстойным і сумленным чалавекам, якога ён ведае шмат гадоў. Аляксандар Лукашэнка сказаў, што не хавае, што спадар Лаўранкоў ёсьць чалавекам прэзыдэнта, які “здолее арганізаваць эфэктыўную працу такой шматгаліновай структуры, якой ёсьць Кіраўніцтва справамі”. А працай гэтай структуры Аляксандар Лукашэнка пакуль не задаволены:

(Лукашэнка: ) “ Хачу падкрэсьліць – непадкантрольных структураў у нас няма і ніколі ня будзе. Няма пэрсонаў па-за крытыкай, і пра гэта трэба памятаць усім. Дзелавая хватка павінна спалучацца з перадусім з сумленнасьцю й прыстойнасьцю”.

Аляксандар Лукашэнка зноў абураўся вынікамі гаспадарчай дзейнасьці й кадравай палітыкі былой кіраўніцы прэзыдэнцкімі справамі Галіны Жураўковай. Ён заявіў, што сваякі й набліжаныя мусяць ведаць, што служаць народу і дзяржаве, ды не павінны блытаць сваю кішэню зь дзяржаўнай. А той, хто ня ўмее сумленна працаваць, на думку Лукашэнкі, мусіць сысьці, але з чыстымі рукамі.

Вядомы эканаміст Яраслаў Раманчук сумняецца, што прызначаны кіраваць прэзыдэнцкімі справамі Генадзь Лаўранкоў здолее арганізаваць эфэктыўную працу гэтай структуры. І вось чаму:

(Раманчук: ) “Адзін чалавек, якім бы сумленным і крыштальна частым ён ня быў, ён бы фізычна ня здолеў кантраляваць усе гэтыя плыні, гэтыя актывы, што знаходзяцца на балянсе Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта. Няма распрацовак нейкіх праграмаў, якія б прывялі Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта да той адміністрацыйна-тэхнічнай функцыі як у Эўразьвязе ці Злучаных Штатах”.

Аналягічныя гаспадарчыя ўправы існуюць пры адміністрацыях прэзыдэнтаў усіх краінаў-суседак Беларусі. Але функцыі яны выконваюць розныя. Так, напрыклад, адміністрацыйна-гаспадарчае бюро канцылярыі прэзыдэнта Польшчы займаецца тым, што фінансава ды адміністрацыйна забясьпечвае нармальную працу гэтай установы. Падобныя структуры з такімі самымі функцыямі дзейнічаюць і ў канцылярыях прэзыдэнтаў Літвы й Латвіі. У гэтых установах працуе ўсяго некалькі дзясяткаў чалавек, і яны не кіруюць фабрыкамі, заводамі, не распараджаюцца прыроднымі багацьцямі краіны.

Іншыя функцыі ў Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта Расеі, дзе працуе больш за 50 тысяч чалавек. Гэтая ўстанова займаецца матэрыяльна -тэхнічным забесьпячэньнем і бытавым абслугоўваньнем усіх высокіх расейскіх чыноўнікаў і дэпутатаў Дзярждумы. На яе балянсе найлепшыя маскоўскія будынкі ўлучна з Крамлём. Займаецца расейскае Кіраўніцтва прэзыдэнцкімі справамі і бізнэсам. Гэта выклікала фінансавыя скандалы, зьвязаныя з асобай Паўла Барадзіна, які кіраваў справамі прэзыдэнта Барыса Ельцына, а цяпер працуе дзяржаўным сакратаром гэтак званай саюзнай дзяржавы Беларусі й Расеі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG