Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АЛЯКСАНДАР ЧАЧОРА — ДЭПУТАТ АД КРЫЧАВА


Ягор Маёрчык, Крычаў

Уявім сярэднестатыстычнага чалавека. Ён толькі што прыехаў у горад Крычаў Магілёўскай вобласьці. Новая старонка жыцьця — усё ад самага пачатку: пошукі працы й жытла. “Хто можа быць такім чалавекам?” — запытаецеся вы. Ды хто заўгодна. Возьмем хоць бы пацярпелых з чарнобыльскай зоны, якіх у горадзе жыве некалькі соцень. Адзін зь іх — Сяргей Крыжэвіч. Колькі гадоў таму яго перасялілі са Слаўгарадзкага раёну. Ён яшчэ засьпеў час, калі чарнобыльцы мелі льготы, пазьней усё зьмянілася да горшага.

(Крыжэвіч: ) “Зь ільготамі справа ня вельмі добрая. Ільготаў у нас ніякіх няма. Нейкіх сур’ёзных намераў з боку ўладаў я не назіраў. Наш дэпутат нічога не зрабіў для таго, каб палепшыць становішча перасяленцаў і ліквідатараў. Абяцаньні засталіся абяцаньнямі. Калі б мы былі згуртаваныя, маглі бы чаго-небудзь дамагчыся, аказаць націск на народных абраньнікаў, нейкім чынам лепш уладкаваць сваё жыцьцё. Гэта нашая бяда! Колькасьць захворваньняў вялікая. Людзі, якія пакутуюць на сур’ёзныя хваробы, — якраз перасяленцы. Нам абяцалі пабудаваць новы шпіталь. Гэта быў адзін з пунктаў ягонай перадвыбарчай праграмы, але ён ня быў выкананы. Было заяўлена, што сродкі ў бюджэце адсутнічаюць, і гэтую будоўлю замарозілі”.

Да абраньня ў парлямэнт Аляксандар Чачора ачольваў аб’яднаньне “Магілёўнафтапрадукт”. Чатыры гады таму ён перамог Уладзімера Ягорава — колішняга старшыню беларускага КГБ і міністра ўнутраных справаў. Спадара Чачору ў Крычаве прадстаўляе Тацяна Іўкіна, яна галоўная рэдактарка тутэйшае раёнкі “Ленінскі кліч”. Дарэчы, у горадзе назоў выданьня перайначылі на “Ленінскі крык”. Дык вось спадарыне Іўкінай выпала апраўдвацца за дзейнасьць свайго шэфа. Яна цьвердзіць, што абяцаньне аднавіць ільготы выкананае:

(Іўкіна: ) “Ільготны праезд на аўтобусах для чарнобыльцаў існуе. Трохі накал зьнікае па чарнобыльцах”.

Але вернемся да нашага ўяўнага жыхара Крычава. Яму трэба недзе жыць. Ад гэтай самай праблемы некалі пакутаваў Андрэй. Знайшоў выйсьце: ягоная маладая сям’я атабарылася ў вясковай хаце без асаблівага камфорту. Мара пра сучасную гарадзкую кватэру так і застаецца мараю:

(Андрэй: ) “Праграма ўзьвядзеньня шматпавярховых будынкаў зьвернутая. Набыць новую кватэру звычайнай маладой сям’і немагчыма. Папросту няма на гэта сродкаў”.

(Карэспандэнт: ) “За апошнія чатыры гады колькі новых дамоў пабудавалі, колькі кватэраў новых зьявілася?”

(Андрэй: ) “Не пабудавана яшчэ ніводнага дому”.

(Карэспандэнт: ) “Аляксандар Чачора ў сваёй перадвыбарчай праграме абяцаў усемагчымае спрыяньне таму, каб маладыя сем’і атрымлівалі крэдыты. Ці лёгка маладой сям’і ўзяць крэдыт у банку?”

(Андрэй: ) “Неабходна выстаяць чаргу. Дакладна магу сказаць, што гэта ня меней за паўтары тысячы чалавек”.

(Карэспандэнт: ) “Гэтая чарга наколькі гадоў можа расьцягнуцца?”

(Андрэй: ) “На дзясяткі, бо жыльлёвы каапэратыў для маладых сем’яў — гэта дом на 60 кватэраў, апошнім разам быў здадзены ў 1999 годзе”.

(Карэспандэнт: ) “Вы ці вашыя знаёмыя спрабавалі пры дапамозе дэпутата вырашыць жыльлёвую праблему?”

(Андрэй: ) “Не, не спрабавалі. Я ня чуў пра тое, каб нехта спрабаваў. У прынцыпе, гэта немагчыма. Няма каапэратыву! Як ён можа пасадзейнічаць?!”

Тацяна Іўкіна абвяргае, што ў праграме дэпутата быў пункт пра вырашэньне жыльлёвай праблемы. Яна, так бы мовіць, пераводзіць стрэлкі на раённую вэртыкаль:

(Іўкіна: ) “Жыльлёвая праблема… Вострым сёньня гэтае пытаньне не назавеш. Пытаньня жыльля дэпутат сёньня ня ў стане вырашыць. Гэтая праблема — кампэтэнцыя органаў мясцовай улады”.

Праўда, для нашага героя ёсьць яшчэ адзін варыянт. У любым разе трэба ўладкоўвацца на працу. А тут можна адным разам двух зайцоў застрэліць: яшчэ і выбіць у інтэрнаце пакой ці хоць бы ложак. Цэмэнтна-шыфэрны камбінат застаецца нязбыўнай марай для бальшыні беспрацоўных Крычава. Горадастваральнае прадпрыемства лічыцца адным з самых стабільных. Спадар Уладзімер глядзіць на сытуацыю знутры. Зь гэтай званіцы становішча крыху розьніцца ад чутак, якія ходзяць за завадзкім плотам.

(Уладзімер: ) “Раней працавала чатыры печы. Цяпер толькі дзьве. Яны працуюць на палову магутнасьці, і ёсьць перапынкі на некалькі тыдняў. Адносіны тыпова савецкія. І выкананьне працаў кепскае, каб такое было на Захадзе, выкінулі бы ў першы дзень. А то б нават і не ўзялі на працу”.

(Карэспандэнт: ) “Дэпутат у Палаце прадстаўнікоў Аляксандар Чачора некалі абяцаў дапамагчы дамагчыся, каб прадпрыемствы былі цалкам самастойныя ў сваёй эканамічнай дзейнасьці. Ён сваё абяцаньне выканаў? І наогул, ці ёсьць увага дэпутата да вашага прадпрыемства?”

(Уладзімер: ) “Сумнеўна. Я ня чуў, каб ён нешта зрабіў. Каб такое мела месца, гэта было б вядома, і за гэта яго бы хвалілі людзі. Я чакаў, што ён будзе добрым дэпутатам як выхадзец з народу. Але ж ён аддаліўся ад народу і папросту задаволены тым, што трапіў у гэтую Палату. Гэта савецкага кшталту дэпутат. Такіх дэпутатаў нам ня трэба!”

“Бог з гэтым цэмэнтна-шыфэрным камбінатам! — думае наш беспрацоўны. — Уладкавацца хоць бы куды!” А ці лёгка знайсьці месца? Сьведчаньне Мікалая Федарэнкі:

(Федарэнка: ) “Вельмі цяжка знайсьці працу, бо ўсе прадпрыемствы стаяць. Паўгоду я не працаваў. Знаёмы быў таварыш, дапамог уладкавацца на працу. А так гэта практычна немагчыма. Заробак 94 тысячы беларускіх рублёў –– толькі за кватэру заплаціць. І ўсё!”

(Карэспандэнт: ) “Беспрацоўныя людзі ці зьвярталіся да дэпутата Палаты прадстаўнікоў? У ягонай перадвыбарчай праграме быў адмысловы пункт: зрабіць так, каб была стоадсоткавая занятасьць насельніцтва”.

(Федарэнка: ) “Чалавек гэты — нуль. Нічога не зрабіў на сваім месцы. Беспрацоўе яшчэ стала большае ў некалькі разоў, чым было”.

(Карэспандэнт: ) “Людзі, якія ня могуць знайсьці працы ў Крычаве, куды яны едуць?”

(Федарэнка: ) “У Маскву. Але там вельмі часта падманваюць. Мы зарабілі кожны 700 умоўных адзінак, а заплацілі нам па 200. І нічога ня зробіш. Маўляў, калі прыедзеце наступным разам, даплацім”.

(Карэспандэнт: ) “Бывалі такія выпадкі, калі даплачвалі?”

(Федарэнка: ) “Гэта толькі казкі!”

Распавядаючы пра барацьбу зь беспрацоўем, Тацяна Іўкіна апэруе канкрэтнымі лічбамі:

(Іўкіна: ) “Шасьцярым дапамаглі з уладкаваньнем на працу. Мы зьвязваліся з Цэнтрам занятасьці і канкрэтна прапаноўвалі чалавеку”.

Жытла няма. З пошукам працы — вялікія цяжкасьці. І ў сярэднестатыстычнага жыхара Крычава нараджаецца ідэя: “Трэба ісьці на прыём да дэпутата Палаты прадстаўнікоў. Можа, ён чым дапаможа”.

Тацяна Іўкіна падае статыстыку спатканьняў абраньніка й выбарцаў:

(Іўкіна: ) “Раз на месяц альбо прыём, альбо сустрэча. За чатыры гады чалавек 300 дакладна было! Ён трымаў справаздачу ў нас на старонках раённай газэты”.

Кіраўнік недзяржаўнага грамадзкага зьвязу “Рэсурсавы Кантакт-цэнтар” Лявон Сьвецік таксама некалі прыходзіў на прыём да спадара Чачоры. І вось што з гэтага атрымалася:

(Сьвецік: ) “Ён спытаў: у якім пытаньні? Праблемы ў нашае арганізацыі былі. Ён сказаў: у мяне зараз няма часу, зьвярніцеся да майго памочніка, і мы вырашым гэтыя праблемы. Я некалькі разоў хадзіў да памочніка, але не дачакаўся ні адказу, ні прыёму на мой запыт. З кожным годам праца з насельніцтвам была ўсё меней і меней заўважная. Першыя гады зьбіралася вельмі шмат народу. Нават нейкая цісканіна была, і людзі гублялі прытомнасьць. А потым прыёмы сталі менш часта ладзіцца, людзей стала прыходзіць вельмі мала. Апошнія два гады нават фармальных справаздачаў не было”.

Тацяна Іўкіна пераконвае, што дэпутат трымае справаздачы на старонках раённай газэты. Лявон Сьвецік настойвае на адваротным: працы з выбарцамі няма. Адпаведна адсутнічаюць і рапарты пра посьпехі. Год таму разабрацца, хто бліжэй да праўды, было значна прасьцей. Тады яшчэ ў Крычаве выходзіў незалежны тыднёвік “Вольны горад”. А пасьля была доўгая эпапэя з судамі й ліквідацыяй выданьня. Райвыканкам ня даў згоды на разьмяшчэньне рэдакцыі новай газэты “Ўласны камэнтар”.

Пра пэрспэктывы незалежнага друку ў Крычаве галоўны рэдактар “Вольнага гораду” Сяргей Няроўны:

(Няроўны: ) “Цяжка паверыць, што сёлета зьявіцца альтэрнатыўная газэта. Незалежная прэса — гэта тое, што можа паспрыяць перамозе на выбарах чалавека з дэмакратычнымі поглядамі. Патрэба незалежнай інфармацыі існуе. І вельмі вялікая. Год газэта не выходзіць. Ідзеш па гораду — часта людзі пытаюцца: “Сяргей, калі будзе?”

(Карэспандэнт: ) “У гэтым кафлікце паміж выканаўчай уладаю і незалежнай газэтаю ці не спрабавалі вы зьвярнуцца да дэпутата Палаты прадстаўнікоў?”

(Няроўны: ) “Ня веру, што ад Чачоры будзе нейкая дапамога. Гэта вылучэнец улады. І зьвяртацца да ўлады — толькі марнаваць час”.

Магчымасьць падсумаваць вынікі дэпутацтва Аляксандра Чачоры аддамо ягонай памочніцы Тацяне Іўкінай:

(Іўкіна: ) “Сёньня абавязкі дэпутата — не рабіць нешта канкрэтнае для гораду й для выбарцаў, а асноўны абавязак — стварэньне заканадаўчай базы. Перад Чачорам ня ставілася задача нечым дапамагчы гораду”.

Наш уяўны герой, сяреднестатыстычны жыхар Крычава, сутыкнуўся бадай што з усімі актуальнымі праблемамі гораду. Іхнае вырашэньне — складаная справа не аднаго дня. А ён даўно спадзяецца толькі на сябе. Праўда, на восеньскія выбары, хутчэй за ўсё, пойдзе. Добра, што хоць будзе з каго выбіраць. За мандат маюцца спаборнічаць мастак Алесь Марачкін, журналіст Сяргей Няроўны, колішні вэртыкальнік Мікалай Гердзі. Магчыма, паўдзельнічае і Аляксандар Чачора, таксама верагоднае зьяўленьне якой новай асобы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG