Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЖУРАЎКОВУ І РЫБАКОВА ДА СУДУ БУДУЦЬ ТРЫМАЦЬ У СІЗА КГБ


Любоў Лунёва, Менск

Супрацоўнікаў Белтэлерадыёкампаніі не зьдзівіла тое, што ў іх былога кіраўніка сьледчыя знайшлі такую вялізную суму грошай. На іх думку, матэрыяльны стан Ягора Рыбакова значна лепшы. Яны распавялі, што на БТ даўно хадзілі размовы пра тое, што ў старшыні тэлерадыёкампаніі ёсьць нерухомасьць пад Менскам і ў Белавескай пушчы. Але ў адміністрацыі Лукашэнкі прэсавая сакратарка Натальля Пяткевіч паведаміла, што ёй далі зьвесткі толькі пра гэткія вынікі ператрусу — 100 тысяч даляраў.

Супрацоўнік Беларускага тэлебачаньня Спартак Севярын распавёў Радыё Свабода пра тое, што падначаленыя Рыбакова падазравалі яго ў грашовых махінацыях:

(Севярын: ) “Хлопец вельмі нячысты на руку. Ён меў больш за нас усіх разам. Я дакладна ня ведаю, на чым ён зарабляў, але можна зарабіць на так званым “адкаце”. Узяць грошы на набыцьцё вельмі сучаснай тэхнікі, а набыць у два ці тры разы таньней за сучасную, розьніцу класьці сабе ў кішэню. Зь бюджэту выдалі вялікія грошы на набыцьцё сучаснай тэхнікі, але нашы тэхнікі казалі, што яны яе ня бачылі. Другая форма набыцьця вялікіх грошай — праз рэкляму. Можна браць хабар за тое, каб паставіць тую ці іншую рэкляму ў прайм-тайм”.

Нагадаю, што 13 лютага Ягора Рыбакова указам Лукашэнкі зьнялі з пасады старшыні Белтэлерадыёкампаніі і ў той жа дзень зьмясьцілі ў камэру сьледчага ізалятару. 16 лютага намесьнік генпракурора Беларусі пастанавіў трымаць былога кіраўніка кампаніі пад вартай.

Пракуратура пакуль абвінавачвае Ягора Рыбакова ў злоўжываньні службовым становішчам, крадзяжах і атрыманьні хабару ад кіраўнікоў камэрцыйных структураў за прыняцьце спрыяльных для іх рашэньняў. Сьледзтва вядуць сьледчыя аддзелу ў справах карупцыі.

Што да цяперашняй суседкі Ягора Рыбакова, былой кіраўніцы справамі прэзыдэнта Галіны Жураўковай, КГБ, які вядзе расьсьледаваньне, абвесьціў, што яе абвінавачваюць у крадзяжах і злоўжываньні службовым становішчам. Прэсавы сакратар КГБ Аляксандар Базанаў паведаміў, што вядзецца заплянаваная праца, а Галіна Жураўкова дае паказаньні і на здароўе ня скардзіцца. Паводле неафіцыйных крыніцаў, 4 сакавіка вызначыцца, хто зойме вызваленую ёю пасаду.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG