Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗЬВЕСТКІ ПРА БАНКАЎСКІЯ ПЕРАВОДЫ НА СУМУ ЗВЫШ 600 ЭЎРА БУДУЦЬ ПЕРАДАВАЦЦА Ў ПАДАТКОВЫЯ ОРГАНЫ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Паводле начальніка ўправы інфармацыі Нацыянальнага банку Анатоля Драздова, гэты дакумэнт ёсьць усяго толькі новай рэдакцыяй ранейшай пастановы, паводле якой у падатковыя інспэкцыі паведамляліся зьвесткі пры банкаўскія пераводы на суму звыш 200 эўра. Цяпер жа гэтая сума павялічылася да 600 эўра.

У новай пастанове таксама пазначаныя выпадкі, калі банкі не абавязаныя інфармаваць падатковыя органы пра грашовыя пераводы. Гэта, напрыклад, заробак па месцы асноўнай працы грамадзянаў, калі прыватны прадпрымальнік кладзе сродкі на свой прыватны рахунак і г.д. Анатоль Драздоў лічыць гэтую пастанову даволі лібэральнай і своечасовай:

(Драздоў: ) “Гэты дакумэнт накіраваны на барацьбу з адмываньнем грошай. Кантроль уведзены дзеля таго, каб не адмываліся грошы, здабытыя незаконным шляхам. Такія меры існуюць ва ўсіх разьвітых краінах сьвету. Іншая справа, што парог усталёўваецца ў залежнасьці ад плацежаздольнасьці насельніцтва, ад узроўню зарплаты, даходаў. Калісьці 200 эўра было вялікай сумай, а цяпер да 600 узьнялі. Што тычыцца кантролю за грашыма, то нашая беларуская сыстэма больш лібэральная, чым ва ўсёй разьвітай Эўропе. Тут нават і казаць няма чаго”.

Анатоль Драздоў гаворыць, што хаця Нацыянальны банк і ўрад падтрымалі гэтую пастанову, у сілу яна ўступіць пасьля ўхваленьня Мінюстам.

Іншае меркаваньне ў гэтай справе выказаў былы старшыня Нацбанку Беларусі Станіслаў Багданкевіч:

(Багданкевіч: ) “Я ў прынцыпе лічу, што гэта такія мёртванароджаныя нарматыўныя акты. Бо яны будуць толькі стымуляваць правядзеньне разьлікаў паміж грамадзянамі, прадпрымальнікамі, суб’ектамі гатоўкай. І проста павялічыцца наяўны абарот. Гэта проста такі “наглядчыцкі сьверб” нашай улады, і ён ні да чаго добрага ў эканоміцы не прывядзе”.

На думку Станіслава Багданкевіча, каб пасьпяхова змагацца зь ценявой эканомікай, уладам трэба зьменшыць падаткі, стварыць умовы для разьвіцьця прадпрымальніцтва ды адмовіцца ад празьмерных кантрольных функцыяў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG