Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПОЛЬСКАЯ ПРЭСА ПРА БЕЛАРУСЬ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

“Людзі Лукашэнкі арыштаваныя КГБ” – артыкул з такім загалоўкам зьявіўся у аўтарытэтным польскім штодзёньніку „Rzeczpospolita”. Газэта піша, што арышты кіраўнічкі прэзыдэнцкай адміністрацыі Галіны Жураўковай і былога кіраўніка тэлебачаньня Ягора Рыбакова ў пэўным сэнсе нагадваюць хвалю арыштаў у 1997 годзе, калі, сярод іншых, за краты трапілі старшыня Нацбанку Беларусі Тамара Віньнікава і міністар сельскай гаспадаркі Васіля Лявонава.

Розьніца ў тым, што арышты Віньнікавай і Лявонава шырока выкарыстоўваліся дзяржаўнымі сродкамі масавай інфармацыі ў прапагандысцкіх мэтах, паказваючы, што для Лукашэнкі, калі йдзецца пра карупцыю, няма розьніцы, якія карумпаваны чыноўнік займае пасады ці якія ён мае заслугі. Пра затрыманьні Рыбакова і Жураўковай, заўважае газэта, наадварот, амаль не гаварылася.

“Rzeczpospolita” падае вытрымкі зь беларускіх незалежных газэтаў, дзе апошнія арышты зьвязваюць з вайной клянаў у атачэньні Лукашэнкі. Газэта піша пра патранат Галіны Жураўковай над фірмай “Белая Русь”, якая апанавала шэраг беларускіх рынкаў, у тым ліку рынак цукру, рыбы, а таксама рынак прадуктаў нафтаперапрацоўчай прамысловасьці.

Але нават калі стала вядома пра тое, што сродкі, якія былі заробленыя “Белай Русьсю” і мусілі быць скіраваныя ў гэтак званы “прэзыдэнцкі фонд” зьніклі, Жураўкова засталася на сваёй пасадзе і была арыштаваная толькі пазьней.

“Rzeczpospolita” падае словы былога міністра Лявонава, які кажа, што калі б людзі у атачэньні Лукашэнкі толькі кралі, то ніхто б іх не чапаў. “Справа ў тым, што яны не падзяліліся з кім трэба”, – кажа Лявонаў.

Беластоцкі “Kurier Poranny” піша пра фэстываль беларускай песьні ў Беластоку. “Нягледзячы на просьбы вядучых не выклікаць выканаўцаў “на біс”, гледачы трымаліся толькі на пачатку. Праз пэўны час ізноў пачаліся бясконцыя аплядысмэнты, танцы каля сцэны і добрая забава. Фэстываль беларускай песьні стаўся імпрэзай, на якой у пэўных колах у Беластоку папросту не выпадае не зьявіцца”, – піша газэта і падае словы ганаровага патрона фэстывалю, міністра замежных справаў Польшчы Ўладзімера Цімашэвіча, які сказаў: “Едучы сюды, я падумаў, што ёсьць нешта асаблівае ў гэтым фэстывалі. Бо што б у сьвеце не рабілася, мы нязьменна штогод тут сустракаемся”.

“Kurier Poranny” піша таксама пра тое, што візавы рэжым паміж Польшчай і Беларусьсю насамрэч ня ёсьць вялікай праблемай у кантактах паміж народамі. У якасьці прыкладу газэта падае кантакты паміж настаўнікамі зь Беласточчыны і Маладэчна, якія, нягледзячы на візы, працягваюць рэгулярна прыяжджаць у госьці адно да аднаго і абменьвацца досьведам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG