Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЛАДЗІМЕР ЖАРЫХІН: МАГЧЫМЫ ВАРЫЯНТ ДЗЕЯНЬНЯЎ РАСЕІ –АКТЫЎНАЯ ПАЛІТЫКА, НАКІРАВАНАЯ НА ЗЬМЕНУ ЎЛАДЫ Ў БЕЛАРУСІ


Сяргей Абламейка, Прага

Многія расейскія палітыкі высокага рангу паспрабавалі надаць цяперашняму канфлікту чыста эканамічны характар і заклікалі не шукаць у ім палітычных аспэктаў. Пра гэта заявіў, напрыклад, старшыня Дзяржаўнай Думы Расеі Барыс Грызлоў. Старшыня Савету Фэдэрацыі Расеі Сяргей Міронаў заклікаў беларускіх палітыкаў не рабіць пасьпешных заяваў, бо з расейкага боку ўдзел у канфлікце бярэ гаспадарчы суб’ект, а ня ўрад. Экс-сьпікер Дзярждумы, цяперашні кіраўнік Парлямэнцкага сходу Беларусі і Расеі Генадзь Селязьнёў таксама заявіў, што “нельга дапусьціць пераносу ўзьніклай напружанасьці паміж гаспадарчымі суб’ектамі на ўзровень вышэйшага палітычнага кіраўніцтва...”

Кандыдат на пасаду прэзыдэнта Расеі ад КПРФ Нікалай Харытонаў заявіў, што доўг Беларусі маленькі – усяго 120 мільёнаў даляраў, і што нельга ставіць пад пагрозу будаўніцтва Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі. “Атрымліваецца – заявіў Харытонаў – што мы не свае інтарэсы перасьледуем, але інтарэсы ЗША, якія б не хацелі дапусьціць стварэньня моцнай саюзнай дзяржавы”. Лідэр жа расейскіх камуністаў Генадзь Зюганаў наагул заявіў, што спыненьнем паставак газу расейскае кіраўніцтва, магчыма, спадзяецца выклікаць незадавльненьне беларускага народу прэзыдэнтам Лукашэнкам і актывізаваць групы, якія імкнуцца да адхіленьня Лукашэнкі ад улады.

Разам з тым, шэраг расейскіх экспэртаў выказалі даволі жорсткія ацэнкі ўзьніклай сытуацыі. Вядомы расейскі журналіст Віталь Трацьцякоў заявіў, што ў канфлікце адназначна дамінуе палітычны аспэкт. Прэзыдэнт расейскага фонду “Палітыка” Вячаслаў Ніканаў заявіў у інтэрвію сайту Strana.ru, што ў канфлікце вінаваты толькі кіраўнік Беларусі Лукашэнка, які (цытуем Ніканава) прывык жыць за кошт Расеі і зь якім “мы наагул ніякай кашы ня зварым”.

Экспэрт Інстытуту краін СНД Аляксандар Фадзееў заявіў, што на яго думку Аляксандру Лукашэнка знаходзіцца ва ўладзе засталося нядоўга. Расеі ж трэба думаць над адбудовай пэрспэктыўных адносінаў зь Беларусьсю, а не з Аляксандрам Лукашэнкам. На думку Фадзеева, пры захаваньні цяперашняга курсу Лукашэнка можа не даседзець ва ўладзе да 2006 году, паколькі эканоміка Беларусі знаходзіцца ў крызысе.

Дарадца прэзыдэнта Расеі ў эканамічных пытаньнях Андрэй Іларыёнаў заявіў у інтэрвію ІТАР-ТАСС, што на сусьветных рынках газ каштуе 100-110 даляраў за тысячу кубамэтарў, і на яго думку, кошт расейскага газу для Беларусі павінен быць менавіта такім. Так што пазыцыя “Газпрому”, сказаў Іларыёнаў, “выключна мяккая”.

А намесьнік дырэктара Інстытуту краінаў СНД Уладзімер Жарыхін наагул заявіў, што беларуская эліта і народ павінны зразумець, што Аляксандар Лукашэнка “ня той чалавек, які імкнецца да інтэграцыі”. На думку Жарыхіна, магчымы варыянт дзеяньняў Расеі – гэта актыўная палітыка, накіраваная на зьмену ўлады ў Беларусі. Замену першай асобы, паводле Жарыхіна, цалкам рэальна ажыцьцявіць ў працягу наступных пяці гадоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG