Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АДЗІН ДЗЕНЬ У ЖЫЦЬЦІ ДВУХ ДЫКТАТАРАЎ


Вячаслаў Ракіцкі, Прага

Сёлетні Дзень Сьцяга Туркмэнбашы адзначае адкрыцьцём станцыі спадарожнікавай тэлевізіі, якая, як ён заявіў, пакажа сьвету “рэальны Туркмэністан” зь яго вялікімі эканамічнымі і сацыяльнымі зьменамі, з грандыёзнымі будоўлямі дзеля будучыні.

Так, сталіца Ашгабад мае новыя будынкі, у тым ліку і амаль заўсёды пустых пяцізоркавых гатэляў. У цэнтры гораду ўзводзіцца грандыёзная Арка Нэўтралітэту з залатой статуяй Ніязава ў гонар рашэньня ААН надаць краіне статус нэўтральнай дзяржавы. За шэсьць з паловай мільёнаў даляраў пабудаванае ў Ашгабадзе штучнае возера. А сярэдні заробак у краіне меншы за 20 даляраў. Сёньня дзіцячы хор сьпевамі ўслаўляў Туркмэнбашы. Падарылі яму і цудоўнага каштанавага жарабца. Тым часам, шасьцідзесяціпяцігадовы Гэрбандэрдай Дэрдыкаліеў замест таго, як ён плянаваў, стаяць сёньня ў пікеце супраць дзеяньняў прэзыдэнта, патрапіў у псыхіятрычны шпіталь. Ён кажа, каб ягоная акцыя мела на мэце прыцягнуць, прыкладам, увагу да экалягічных праблемаў, дык, магчыма, ён і атрымаў бы дазвол. Наўрад ці новая спадарожнікавая тэлевізія раскажа пра гэта сьвету на ангельскай, расейкай, францускай, кітайскай мовах, як і пра тое, што амаль 15% служачых галіны аховы здароўя ў найбліжэйшы час згубяць працу.

Іншага дыктатара, Слабадана Мілошавіча, вось ужо два гады судзіць Міжнародны трыбунал у ваенных злачынствах. За амаль трыста дзён працэсу былі заслуханыя каля трохсот сьведкаў, у справе тысячы старонак дакумэнтаў. Гэты працэс лічыцца адным з самых важных пасьля Нюрнбэрскага працэсу над нацыстамі. Гааскі Трыбунал выстаўляе Мілошавічу 66 абвінавачаньняў у ваенных злачынствах і злачынствах супраць чалавечнасьці ў часе войнаў на Балканах у 90-х гадох. Яго таксама абвінавачваюць у генацыдзе супраць мусульманскага насельніцтва ў Босьніі, ахвярамі якога сталі 200 тысяч чалавек.

Галоўны пракурор Трыбуналу Карла дэль Понтэ задаволеная першым этапам працэсу. Юрысты лічаць, што сабрана дастаткова доказаў таго, што Мілошавіч быў галоўным гульцом у падзеях на Балканах у 90-я гады. Што да генацыду, то тут адных фактаў мала, трэба яшчэ даказаць, што ён сапраўды меў намер вынішчыць басьнійскіх мусульманаў цалкам ці часткова.

Раней меркавалася, што працэс завершыцца да 2005 году. Але ўжо відавочна, што ён зацягнецца на гады. Плянавалася, што абвінавачаньні будуць прад’яўленыя Мілошавічу сёньня, але з-за ягонай хваробы адклалі да наступнага тыдня. Затым – тры месяцы перапынку, пасьля чаго на працэсе Мілошавіч будзе абараняцца. Ён плянуе выклікаць у суд вялікую колькасьць сьведкаў, улучна з былым прэзыдэнтам ЗША Білам Клінтанам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG