Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАСТАЎКІ ГАЗУ Ў БЕЛАРУСЬ АДНОЎЛЕНЫЯ


Юлія Шарова, Менск

Новы кантракт на дастаўку 640 мільёнаў кубамэтраў газу быў падпісаны толькі пасьля таго, як Расея цалкам спыніла пастаўкі газу ў беларускім кірунку. Учора ўвечары прадстаўнікі “Белтрансгазу” маглі завізаваць гэты дакумэнт, але ж вырашылі пачакаць. Літаральна праз гадзіну пасьля заканчэньня перамоваў з “Транс Нафтай” “Газпром” выступіў з афіцыйнай заявай пра спыненьне падачы паліва, у тым ліку транзытных аб’ёмаў.

З учорашняга вечара Беларусь спажывала газ, які заставаўся ў трубах. Таму нэгатыўных наступстваў для беларускіх спажыўцоў ад спыненьня паставак не было, хоць кіраўніцтва краіны сёньня зранку і заявіла пра рэжым жорсткай эканоміі. Пра гэта сказаў выканаўца абавязкаў міністра энэргетыкі Эдуард Таўпянец.

(Таўпянец: ) “У нас задача цяпер такая — аднавіць ціск у сыстэме і даваць газ паводле пляну, які ў нас ёсьць. А тое, што мы гаворым пра эканомію, то так. У нейкай ступені шмат хто адчуў, што трэба больш ашчадна ставіцца да такога прадукту як газ”.

Міністэрства энэргетыкі заяўляе, што да канца месяца ў краіне ня будзе праблемаў з газам — закантрактаваных у “Транс Нафты” аб’ёмаў хопіць якраз дзён на дзесяць. Але якой будзе сытуацыя з пастаўкамі паліва ў пачатку сакавіка, прадказаць складана. На пытаньне пра тое, колькі Беларусь можа пратрымацца без расейскага газу, спадар Таўпянец адказаць ня змог. Ён сказаў, што ўсё залежыць ад рэжымаў спажываньня паліва.

Галоўны энэргетык краіны абверг у гутарцы са мной інфармацыю пра наяўнасьць вялікіх даўгоў у “Белтрансгазу” перад “Транс Нафтай”. Генэральны дырэктар кампаніі Ўладзімер Кандрачук тым часам заявіў у інтэрвію Свабодзе адваротнае:

(Кандрачук: ) “Агульная запазычанасьць з улікам паставак за студзень складала 40 мільёнаў. А з улікам пастаўкі яшчэ 640 мільёнаў кубамэтраў — 70 мільёнаў даляраў. Калі 70 мільёнаў невялікая запазычанасьць, будзем чакаць, калі будуць вялікія даўгі”.

Пры гэтым спадар Кандрачук адзначыў, што “Белтрансгаз” усё ж падпісаў акт здачы-прыёмкі газу за студзень, хоць канчаткова за яго не разьлічыўся. Незалежныя адмыслоўцы таксама лічаць, што доўга краіна ва ўмовах газавай блякады праіснаваць ня можа. Гаворыць былы супрацоўнік Міністэрства энэргетыкі Валянцін Мацкевіч:

(Мацкевіч: ) “Нават пра паўмесяца казаць сёньня немагчыма. Як выкарыстаньне іншых крыніцаў — гэта ў першую чаргу трэба разглядаць якраз мазут. Але таксама зь вялікімі абмежаваньнямі, тым болей, там папярэдняя аплата. Трэба сродкі, трэба зьвяртацца па нейкую фінансавую дапамогу”.

Мой суразмоўца таксама лічыць, што насамрэч цалкам расейскі газ усё ж ня быў перакрыты — мінімальны ціск захоўваўся. У адваротным выпадку ўзьніклі бы сур’ёзныя праблемы з аднаўленьнем пампаваньня паліва.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG