Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАЛАДАФРОНТАЎЦЫ ЛІЧАЦЬ, ШТО АКЦЫІ СУПРАЦЬ ДЗЯРЖАЎНАГА АНТЫСЭМІТЫЗМУ ПРАЙШЛІ ПАСЬПЯХОВА


Альгерд Невяроўскі, Менск

На працягу тыдня акцыі прайшлі ў Менску, Мазыры, Горадні, Магілёве, Берасьці, Мастах і Жодзіне. Маладафронтаўскія актывісты прыходзілі на месцы разбураных уладамі габрэйскіх могілак, памятных знакаў і сынагогаў, дзе ўскладалі кветкі. Акцыі гэтыя былі нешматлюдныя. У кожнай у сярэднім бралі ўдзел пяцёра чалавек. Толькі на ўрачыстасьці ў Магілёве сабралася трохі больш — дзесяць чалавек. Чаму на заклік Маладога Фронту адгукнулася так мала людзей? Вось меркаваньне намесьніка старшыні Маладога Фронту Аляксея Шэіна:

(Шэін: ) “У прынцыпе, ёсьць тое, што ёсьць. Людзі, якія ў прынцыпе гатовыя падтрымаць гэтую ідэю, габрэйскую дыяспару, яны ёсьць і яны выходзяць. Я ня думаю, што гэта павінны быць нейкія шэсьці, дэманстрацыі. Гэта акцыі памяці, каб ускласьці кветкі й паставіць сьвечкі. Я думаю, што гэтыя акцыі былі выніковыя”.

Прэзыдэнт Усясьветнага згуртаваньня беларускіх габрэяў Якаў Гутман таксама лічыць, што нягледзячы на нешматлюднасьць, акцыі памяці прынесьлі плён:

(Гутман: ) “На маю думку, было так мала людзей, бо, на жаль, гэтая татальная антысэміцкая дзяржаўная прапаганда ўзьдзейнічае на ўсіх людзей. Але нават гэтая невялікая колькасьць людзей можа будзе першым каменьчыкам, які зробіць гэтую лавіну барацьбы супраць дзяржаўнага антысэмітызму ў Беларусі і за межамі Беларусі”.

У панядзелак маладафронтаўцы зьбіраюцца зьвярнуцца ў амбасады ЗША, Францыі, Расеі й у ізраільскі інфармацыйна-культурны цэнтар з заклікам аказаць ціск на беларускія ўлады, каб тыя спынілі разбурэньне помнікаў габрэйскай культурнай спадчыны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG