Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ГАЗПРОМ” СПЫНІЎ УСЕ ПАСТАЎКІ ГАЗУ ПРАЗ ТЭРЫТОРЫЮ БЕЛАРУСІ


Віктар Дзятліковіч, Масква

Расейскі бок цалкам спыніў пастаўкі газу празь Беларусь, калі зразумеў, што амаль увесь газ, які ідзе транзытам у Польшчу і Літву, не даходзіць да спажыўцоў. Прэс-сакратар “Газпрому” Сяргей Купрыянаў заявіў, што канцэрн ня мог зьмірыцца з сытуацыяй, калі Беларусь, якая не аплочвае пастаўкі газу, мае яго ў поўным аб’ёме, а эўрапейскія імпартэры, якія стала пералічваюць “Газпрому” грошы, застаюцца ні з чым. Расейскі бок прапануе Беларусі як мага хутчэй заключыць дамовы зь незалежнымі пастаўшчыкамі газу, і тады сытуацыя выправіцца.

Апошнія пяць дзён газ у Беларусь пастаўляла кампанія “Транс Нафта”. Генэральны дырэктар кампаніі Ўладзімер Кандрачук заявіў, што яны гатовыя забясьпечыць Беларусь газам да канца лютага. Але пакуль беларускі бок не падпісаў новы кантракт. Магчыма, гэта адбудзецца ўжо ў найбліжэйшыя гадзіны.

Між тым, пазыцыя расейскага боку ў гэтым канфлікце мае адну істотную хібу. Справа ў тым, што Калінінградзкая вобласьць Расеі цалкам залежыць ад паставак газу празь Беларусь. Гэта радыё “Свабода” пацьвердзіў прэс-сакратар “Газпрому” Сяргей Купрыянаў. Паводле ягоных словаў, ніякіх альтэрнатыўных каналаў паставак паліва ў Калінінград не існуе. І з гэтае прычыны там зараз уведзены рэжым эканоміі газу. Такім чынам, відавочна, што ад спыненьня паставак газу праз Беларусь пацерпіць і расейскі рэгіён. Гэта дае беларускаму боку невялікі козыр на перамовах з “Газпромам”.

Аднак ўсе астатнія аргумэнты не на карысьць Беларусі. Напрыклад, беларускі бок ня мае амаль ніякай падтрымкі сярод палітычных сілаў Расеі. Адзіным палітыкам, які сёньня выказаўся ў падтрымку Беларусі, быў Уладзімер Жырыноўскі. Ён заявіў, што фракцыя Лібэральна-дэмакратычный партыі зьбіраецца патрабаваць узнаўленьня паставак.

Аднак ніводзін іншы расейскі палітык не прыняў бок Беларусі. Болей за тое, сьпікер Дзяржаўнай Думы і кіраўнік прапрэзыдэнцкай партыі “Адзіная Расея” Барыс Грызлоў даў зразумець, што парлямэнт ня будзе ніяк умешвацца ў канфлікт. Паводле Грызлова, пастаўкі газу – гэта пытаньне ўзаемаадносінаў двух гаспадарчых суб’ектаў.

Як вядома, “Адзіная Расея” мае ў сёняшняй Дзярждуме большасьць месцаў. Таму можна казаць, што беларускаму боку і надалей ня варта разьлічваць на нейкую падтрымку расейскага парлямэнту, як тое было раней, калі значную частку месцаў у Дзярждуме мела камуністычная апазыцыя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG