Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК МАГІЛЁЎЦЫ ПАСТАВІЛІСЯ ДА АРЫШТАЎ ГАЛІНЫ ЖУРАЎКОВАЙ І ЯГОРА РЫБАКОВА?


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў

Галіна Жураўкова і Ягор Рыбакоў калісьці працавалі ў Магілёўскай вобласьці і былі вядомыя асобы ў рэгіёне, аднак нягледзячы на гэта, многія суразмоўцы ўвогуле ня ведалі пра гучныя адстаўкі і арышты. Адныя людзі аргумэнтавалі гэта абыякавасьцю да лёсу чыноўнікаў і да палітыкі ўвогуле, іншыя — тым, што даступныя ім дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі не акцэнтавалі ўвагі на гэтых падзеях.

Магілёўцы па-рознаму паставіліся да арышту кіраўнікоў:

(Спадар: ) “З Жураўковай сытуацыя, па-мойму, зразумелая. Яна і раней была нячыстая на руку. Пытаньне ў тым, як такія людзі трапляюць ва ўладныя структуры. Вось гэта цікава”.

(Спадар: ) “А тут ня трэба доўга меркаваць. Я так разумею, што яны проста перайшлі дарогу нашаму прэзыдэнту”.

(Спадар: ) “Правільна зрабіў. Таму што ім там ня месца. Разумееце, ня месца там такім людзям як Жураўкова ды Рыбакоў наш. Ведаем мы іх трохі…”

(Карэспандэнтка: ) “Скажыце, калі ласка, як вы ставіцеся да арыштаў буйных чыноўнікаў — Галіны Жураўковай, Ягора Рыбакова?”

(Спадар: ) “Я супраць, канечне. Дыктатура ў нас у краіне, таму я супраць”.

(Спадар: ) “Калі яны нешта нарабілі, то няхай і расхлёбываюць”.

(Юнак: ) “Калі ты парушыў закон, то якая розьніца, хто ты — высокапастаўлены чыноўнік альбо звычайны грамадзянін? Трэба адказваць за свае дзеяньні”.

(Спадарыня: ) “Я хачу сказаць, што і трэба прыціскаць іх. Таму што ў нас карупцыя разьвітая”.

(Спадар: ) “Мне іх шкада. Таму што яны няправільна сябе паводзілі”.

(Спадарыня: ) “Справа тут ня ў тым, добрыя яны альбо дрэнныя, а ў тым, што яны людзі. І такія меры як арышт — гэта ўжо крайнія меры”.

(Спадар: ) “Арыштоўвалі і будуць арыштоўваць. Таму што ў нас дзяржаўная палітыка скіраваная не на тое, каб будаваць, а на тое, каб разбураць. Я да таго, што трэба мяняць сыстэму, а не канкрэтных людзей”.

(Карэспандэнтка: ) “Скажыце, калі ласка, на ваш погляд, гэтыя арышты пашкодзяць аўтарытэту ўлады ў Беларусі альбо не?”

(Спадар: ) “Пашкодзіць! Мы ж нібыта свабодная краіна, імкнёмся ёй быць. І потым, вынік такіх справаў заўсёды незразумелы”.

(Юнак: ) “Шкодзяць, канечне. Падае давер у народу да ўлады”.

(Спадар: ) “Для чалавека простага, селяніна, наадварот — узвысяць. Маўляў, бачыце, ён змагаецца, ён за чысьціню шэрагаў. А для чалавека разумнага нічога ня зьменіць”.

(Спадар: ) “Я лічу, што пакуль пры ўладзе Лукашэнка, ніякага ўмацаваньня гэтай улады ня можа быць. Ні ўнутранага, ні зьнешняга аўтарытэту ў краіны ня будзе”.

(Спадар: ) “Людзі навокал не сьляпыя і бачаць, што адбываецца. Таму, я мяркую, на гэты раз Беларусь зробіць правільны выбар”.

Гэткія меркаваньні мінакоў на вуліцах Магілёва наконт арыштаў чыноўнікаў і іх наступстваў для аўтарытэту ўлады.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG