Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“NEUE ZUERCHER ZEITUNG”: ЛУКАШЭНКА ДЭМАНСТРУЕ ЎЛАДУ


Ул. інф.

Праўдападобна, Лукашэнка хоча нейкім чынам паправіць свой апошнім часам сапсаваны імідж, — піша “Neue Zuercher Zeitung”. Гучныя адстаўкі Галіны Жураўковай і Ягора Рыбакова і абвінавачаньне іх ва злоўжываньнях уладай, дый таксама адмысловы прэзыдэнцкі загад адносна кантролю над палітычнымі партыямі з боку МУС, выклікаў пэўную зьбянтэжанасьць у шэрагах заходніх назіральнікаў. І ў Эўразьвязе, і ў Радзе Эўропы, і ў АБСЭ камэнтуюць гэтыя навіны наступным чынам: Лукашэнка ня хоча бачыць Беларусь як дэмакратычную і прававую дзяржаву. Хаця гэта можна было зразумець і раней, калі летась у Беларусі былі ліквідаваныя дзесяць апазыцыйных няўрадавых арганізацыяў.

Паводлe “Neue Zuercher Zeitung”, цяпер Лукашэнку проста патрэбныя перасьлед і шальмаваньне колішніх падначаленых, бо ён хоча чарговы раз выставіць сябе ў вачах народу сапраўдным героем і змагаром з карупцыяй. Адначасна Лукашэнка хоча абмежаваць магчымасьці непадкантрольных яму палітычных партыяў. Хаця з дапамогай кіроўнага апарату і сілавых структураў ён і так трымае ўладу ў сваіх руках. Што да такога апанэнта як парлямэнт, дык ён не адыгрывае ніякай ролі ў беларускай палітыцы. Спадзяваньні на тое, што беларуская апазыцыя нарэшце аб’яднаецца і стане жыцьцяздольнай, таксама малаверагодныя. Тыя сілы ў Беларусі, які супрацьстаяць Лукашэнку, па-ранейшаму расколатыя. Нават сябрам апазыцыйнага альянсу “Пяцёрка плюс” напярэдадні парлямэнцкіх выбараў не ўдалося аб’яднацца зь іншымі арганізацыямі і групамі, якія крытычна ставяцца да Лукашэнкавага рэжыму.

Сам беларускі лідэр ня тая асоба, якой уласьціва пасіўнасьць у пытаньні ўтрыманьня ўлады. Ягоная надзвычайная ўвага да праціўнікаў і канкурэнтаў мае штосьці ад фобіі. Аднак зусім ня варта цалкам пагаджацца з клішэ “тыран”, якое ў дачыненьні да Лукашэнкі існуе на Захадзе. Колішні кіраўнік саўгасу меў дастатковую папулярнасьць у народзе, каб атрымаць перамогу на выбарах без усялякіх маніпуляцыяў. Апынуўшыся за рысай жабрацтва, стомленыя палітычна, шырокія слаі беларускага насельніцтва былі гатовыя дараваць свайму ратаўніку ягоныя аўтарытарныя якасьці.

Як піша “Neue Zuercher Zeitung”, сёньня крытычная маса ў беларускім грамадзтве пакрысе ўзрастае. Для беларусаў відавочна, што іхная краіна становіцца ізаляванай ад Эўропы, што з ідэі пра раўнапраўны саюз з Расеяй, праўдападобна, нічога не атрымаецца, што праблема энэргетычнага забесьпячэньня становіцца ўсё больш вострай. Лукашэнка па-ранейшаму выкарыстоўвае рыторыку старога савецкага апаратчыка ды імкнецца напалохаць Крэмль рознымі санкцыямі кшталту падвышэньня мытаў за выкарыстаньне ваенных базаў на тэрыторыі Беларусі. Але тое, што падобныя заявы нейкім чынам устрывожаць Маскву, выглядае малаверагодным, — піша “Neue Zuercher Zeitung”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG