Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“БЕЛТРАНСГАЗ” ЗНОЎ НЯ ЗДОЛЕЎ ДАМОВІЦЦА З “ГАЗПРОМАМ” ПРА ПАСТАЎКІ ГАЗУ Ў БЕЛАРУСЬ


Юлія Шарова, Менск

Як паведаміла Радыё Свабода крыніца ў “Газпроме”, гаворкі пра пастаўкі паліва па ўнутрырасейскіх коштах ісьці ня можа. У той жа час Беларусь працягвае настойваць на захаваньні льготаў. На сёньняшні дзень краіна купляе газ у незалежных расейскіх пастаўшчыкоў. Чарговы кантракт з кампаніяй “Транснафта” заканчваецца раніцай 18 лютага і “Газпром” можа пасьлязаўтра зноў спыніць падачу газу. Пра новыя кантракты на пастаўку паліва пакуль нічога не вядома.

Выканаўца абавязкаў міністра энэргетыкі Эдуард Таўпянец тым часам у гутарцы са мной выказаў абурэньне з нагоды таго, што “газавая праблема” занадта цікавіць прэсу:

(Таўпянец: ) “Чаму вас гэта хвалюе? Ёсьць для гэтага людзі, якія займаюцца гэтымі пытаньнямі. Вы павінны руку на батарэю класьці й глядзець, ці гарыць сьвятло. Гэта ж ня вашыя пытаньні — займацца пастаўкамі энэргарэсурсаў. Калі будуць парушэньні, тады званіце, я вам буду тлумачыць, чаму адбыліся парушэньні”.

Паводле спадара Таўпянца, у краіне ёсьць энэрганосьбіты і энэргетычны крызыс ёй не пагражае.

Эканаміст Леанід Заіка называе спробы “Белтрансгазу” наладзіць адносіны з “Газпромам” “мітусьнёй чыноўнікаў”. На ягоную думку, нейкі канкрэтны вынік могуць мець толькі перамовы Пуціна й Лукашэнкі па прынцыповых пытаньнях.

(Заіка: ) “Пазыцыя прэзыдэнта — узяць як мага даўжэйшую паўзу. Пуцін знаходзіцца на нейкім узвышэньні ўсёй гэтай перамоўнай піраміды. І ён глядзіць на гэта з пазыцыі яўнай стратэгічнай перавагі”.

Экспэрт лічыць, што Расея не пагодзіцца на прапанову Беларусі дазволіць ёй перапрадаваць газ на Захад, як гэта робіць Украіна. Хутчэй за ўсё, лічыць спадар Заіка, кіраўніцтву краіны давядзецца адчуць паступовы ціск з боку расейцаў: дамовіцца атрымаецца на пастаўкі газу па 50 даляраў за 1 тысячу кубамэтраў і ў даволі абмежаваных аб’ёмах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG