Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МНОГІЯ СУПРАЦОЎНІКІ БТ ЦЕШЫЛІСЯ З АДСТАЎКІ РЫБАКОВА


Альгерд Невяроўскі, Менск

Ад пятніцы абавязкі кіраўніка Белтэлерадыёкампаніі выконвае першы намесьнік старшыні Аляксандар Саламаха. У панядзелак я пацікавіўся, як успрынялі на тэлебачаньні адстаўку Ягора Рыбакова. Генэральны прадусар БТ Уладзімер Максімкаў сказаў у інтэрвію Беларускай Свабодзе, што калектыў кампаніі ўспрыняў гэтую навіну па-рознаму. А вось што распавёў кіраўнік групы Міжнароднага францускага каналу на Беларускім тэлебачаньні Спартак Сіверын:

(Сіверын: ) “З тых, каго я ведаю, дык вельмі гучна радаваліся і, як мне казалі, бар быў перапоўнены. Людзі бралі напоі, радаваліся”.

(Карэспандэнт: ) “А чаму так радаваліся, скажыце?”

(Сіверын: ) “А чаму ня радавацца, калі адной такой істотай будзе тут менш? І больш за тое, ад гэтай істоты залежала ўсё тут. Што яна тут нарабіла… Тут жа цяпер няма ніякіх умоваў для творчасьці”.

Паводле Спартака Сіверына, многія ўчынкі Ягора Рыбакова былі сумнеўныя з гледзішча закону. Напрыклад, толькі заняўшы пасаду, ён пачаў звальняць супрацоўнікаў, у тым ліку й жанчын, якія знаходзіліся ў дэкрэтным адпачынку. Спадар Сіверын таксама не выключае, што былы старшыня Белтэлерадыёкампаніі меў дачыненьне й да розных фінансавых махінацыяў.

Уладзімер Максімкаў ня ведае, якія супрацьпраўныя дзеяньні Рыбакова меў на ўвазе генпракурор Віктар Шэйман:

(Максімкаў: ) “Вы ведаеце, у мяне інфармацыі, відаць, столькі ж колькі і ў вас. Акрамя афіцыйных паведамленьняў, у нас нічога больш няма. Яшчэ ніякіх тлумачэньняў не паступала. Я думаю, што яшчэ проста зусім мала часу прайшло для таго, каб зьявілася нейкая інфармацыя”.

Уладзімер Максімкаў распавёў, што ў пятніцу адбылася сустрэча кіраўніцтва БТ з намесьнікам кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Алегам Праляскоўскім і прэсавай сакратаркай Аляксандра Лукашэнкі Натальляй Пяткевіч. Пасьля гэтай сустрэчы Ўладзімер Максімкаў зразумеў, што яго і намесьнікаў старшыні БТ на сваіх пасадах пакінуць:

(Максімкаў: ) “Было запэўніваньне, што ніякіх кадравых зьменаў ня будзе. Гэта нармальны падыход да справы. Не разбураюцца створаныя структуры й каманды, і яны павінны працаваць у тым жа рэжыме — спакойна”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG