Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАЛЯНДАР СВАБОДЫ


РСЭ/РС

12 лютага ў Беларусі традыцыйна адзначаецца Дзень трох сьвятароў: Васіля Вялікага, Рыгора Багаслова і Яна Залатавуста.

Гістарычныя даты.

12 лютага 1798 году пакінуў гэты сьвет Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, апошні польскі кароль і вялікі князь літоўскі. Ён паходзіў зь беларускай шляхты і пахаваны на тэрыторыі Беларусі – у Воўчыне каля Вялікага Літоўскага. Яму прыпісваюць адначасова росквіт і заняпад нашага краю. Сапраўды за Панятоўскім у Вялікім Княстве рабіліся вялікія пераўтварэньні і разьвіваліся мастацтвы, але за ім жа Княства і ўся Рэч Паспалітая была падзеленая паміж трыма імпэрыямі і фактычна перастала існаваць як самастойная дзяржава. Беларускія і літоўскі землі былі далучаныя да Расеі.

12 лютага 1839 году ў Полацку пачаўся царкоўны сабор, які пастанавіў беларусаў-уніятаў перавесьці ў падпарадкаваньне Расейскае Праваслаўнае Царквы. Да гэтага моманту большасьць насельніцтва Беларусі належала да ўніяцкага веравызнаньня.

12 лютага 1910 году ў Вільні адбылася Першая беларуская вечарынка. Ставілі п'есу Крапіўніцкага “Па рэвізіі“, хор пад кіраўніцтвам Рагоўскага сьпяваў песьню на словы Янкі Купалы “А хто там ідзе?“, выступала танцавальная група Ігната Буйніцкага. Кажуць, тая вечарынка выклікала ў горадзе вялікі рэзананс – у залю было ня ўбіцца.

12 лютага 1921 году памірае Рудольф Абіхт, нямецкі філёляг, адзін зь першых папулярызатараў беларускай літаратуры ў Нямеччыне. Абіхт ня толькі назіраў за беларускім адраджэньнем збоку, але й непасрэдна ўдзельнічаў у ім. У 1917 годзе ён становіцца выкладчыкам беларускай мовы ў Сьвіслацкай настаўніцкай сэмінарыі, выдае беларускі лемантар пад назваю “Просты спосаб стацца ў кароткім часе граматным”.

12 лютага 1937 году нарадзіўся беларускі пісьменьнік Алесь Наўроцкі.

У адзін дзень 12 лютага 1942 году прыйшлі на сьвет мастак Генадзь Буралкін і хормайстра Міхал Дрынеўскі.

Таксама ў адзін дзень, толькі на паўтараста гадоў раней, 12 лютага 1809 году нарадзіліся амэрыканскі прэзыдэнт Аўрам Лінкальн, які змагаўся супраць нявольніцтва, і ангельскі вучоны Чарльз Дарвін, які прыдумаў эвалюцыйную тэорыю разьвіцьця жывых арганізамаў, у прыватнасьці, што чалавек паходзіць ад малпы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG