Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІЛІЦЫЯНТЫ НЕ ДАЗВОЛІЛІ ДАЛУЧЫЦЦА ДА ПРАДПРЫМАЛЬНІЦКАЕ ГАЛАДОЎКІ ПРАДСТАЎНІКАМ АГП


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Дзясяты дзень у Віцебску праходзіць галадоўка прадпрымальнікаў. На знак салідарнасьці зь імі сямёра віцебскіх сябраў Аб’яднанай грамадзянскай партыі вырашылі таксама далучыцца да акцыі пратэсту, але супрацоўнікі міліцыі забаранілі ім гэта. Гаворыць старшыня гарадзкое арганізацыі АГП Алена Залеская:

(Залеская: ) “Да іх падышоў міліцыянт і сказаў, што ў памяшканьні кірмашу “Мішэль” знаходзяцца рэчы, і ён за іх нясе адказнасьць. А гэтыя людзі яму незнаёмыя, і таму ён просіць іх сысьці”.

Дагэтуль падобных праблемаў не паўставала: разам з галадоўнікамі каторы дзень запар знаходзіцца праваабаронца ды журналіст Валеры Шчукін, колькі дзён разам з прадпрымальнікамі галадавалі прадстаўнікі сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада”. Таму спадарыня Залеская лічыць, што колькасьць удзельнікаў галадоўкі абмяжоўваецца знарок, каб акцыя не набывала непажаданай уладам маштабнасьці.

Пратэстоўцы радуюцца і кожнаму новаму ўдзельніку акцыі, і ўсім, хто гатовы падтрымаць іхны супраціў.

(Спадарыня: ) “Каб падтрымаць усё тое, што мы робім, заўтра, 12 лютага, з 15-й да 18-й гадзіны будуць страйкаваць уладальнікі маршрутных таксовак. Яны сказалі так: “Калі будзе патрэбна, мы гатовыя працягваць гэтую акцыю да поўнае перамогі”. Гэта было так прыемна, калі яны сказалі: “Дзяўчаткі, мы з вамі”.

Бліжэй да вечара крыты кірмаш “Мішэль” пачаў нагадваць баявы штаб: на агульную нараду прыходзілі й прадстаўнікі ўсіх кірмашоў, і ўладальнікі маршрутных таксовак ды прыватных шапікаў. Усе яны зьбіраюцца ўзяць удзел у заўтрашнім страйку. Мяркуецца, што ён будзе надзвычай масавы.

Каб засьцерагчыся ад магчымага ўціску з боку сілавых структураў віцебскія кіраўнікі прафсаюзу “Пэрспэктыва” напісалі адмысловы зварот у абласную управу КГБ. У ім гаворыцца наступнае: “Усе удзельнікі галадоўкі скарысталіся ўласным канстытуцыйным правам, каб прыцягнуць увагу кіраўніцтва гораду ды вобласьці да сваіх эканамічных праблемаў. Таму мы лічым, што любыя спробы прымяненьня да нас або іншых прадпрымальнікаў сілавых мераў пацягнуць за сабою такія самыя меры зь іхнага боку, дэстабілізацыю ў грамадзтве ды як мага больш поўнае асьвятленьне ўсіх падзеяў у сродках масавае інфармацыі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG