Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАСЕЙСКІ ДРУК ПРА ВЫНІКІ СУСТРЭЧЫ ПРЭМ’ЕР-МНІСТРАЎ БЕЛАРУСІ І РАСЕІ


Юры Дракахруст, Прага

Газэта “Ведомости” піша пра нечаканасьці, якімі беларускія ўрадоўцы зьдзівілі сваіх расейскіх калегаў. Беларускі бок у перамовах наконт увядзеньня расейскага рубля адышоў ад пазыцыі адзінага эмісійнага цэнтру, узгодненай летась, і зноў настойвае на стварэньні міжбанкаўскай рады з роўнымі правамі бакоў. Карэктуецца і ранейшая саступка наконт формулы стварэньня сумеснага прадпрыемства на базе “Белтрансгазу”. У сярэдзіне студзеня Менск пагадзіўся на роўны падзел пакету акцыяў – 50% беларускаму ўраду, 50% “Газпраму”. Учора было аб’яўлена, што да долі беларускага ўраду дадасца яшчэ 1% акцыяў, якія атрымае працоўны калектыў. Такім чынам доля расейскага боку зьніжаецца да 49%.

І “Ведомости”, і “Коммерсант” распавядаюць пра рэакцыю расейскага боку і на прапанову Менску ліквідаваць мытны кантроль на беларуска-расейскай мяжы. Паводле “Коммерсанта”, Міхаіл Касьянаў адказаў, што гэта азначае прасоўваньне расейскіх мытных пастоў на заходнюю мяжу Беларусі.

Той жа “Коммерсант” паведамляе і пра яшчэ адзін эпізод размовы. Сяргей Сідорскі, паводле газэты, спытаў Міхаіла Касьянава, калі ж можна будзе атрымаць крэдыт на закуп газу, прапанаваны Ўладзімерам Пуціным. “Хоць заўтра – адказаў прэм’ер Расеі – але напачатку заключыце дамову з “Газпрамам”. Сідорскі адразу ж спыніў размову – піша “Коммерсант”.

Прыгаданыя “Ведомости” паведамляюць, што прэзыдэнт Пуцін адмовіўся ад правядзеньня Вышэйшага дзяржсавету саюзу, які быў прызначаны на сёньня. “Наўрад ці ён стане сустракацца з Лукашэнкам па іншых пытаньнях, акрамя ўвядзеньня рубля” – пішуць “Ведомости”.

Дарэчы, да паведамленьня “Ведомостей” наконт пераносу Вышэйшага дзяржсавету саюзу. Сапраўды, яшчэ летась было заяўлена, што яго чарговае паседжаньне адбудзецца ў лютым, гэта ж было пацьверджана і на студзеньскай сустрэчы Сідорскага і Касьянава. Сёньня дзяржсакратар саюзу Павал Барадзін паведаміў, што паседжаньне Вышэйшага дзяржсавету пройдзе пры канцы сакавіка– на пачатку красавіка, гэта значыць пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі. Паводле Барадзіна на парадку дня пасяджэньня будуць пытаньні канстытуцыйнага акту і адзінай валюты.

Варта зьвярнуць увагу на артыкул “Разьвянчаньне мітаў” вядомага палітоляга Сяргея Караганава, надрукаваны ў “Российской газете”. Першы, паводле Караганава, міт беларуска-расейскіх адносінаў – міт пра посьпех беларускай эканамічнай мадэлі. Цяпер гаспадарка Беларусі коціцца ўніз – піша адмысловец. Другі міт – пра пабудову саюзнай дзяржавы, міт, які быў адным з падмуркаў легітымнасьці Лукашэнкі. Між тым праэкт стварэньня саюзнай дзяржавы даўно зайшоў у тупік – мяркуе Караганаў. Міт трэці – пра прарасейскае кіраўніцтва Беларусі. Магчыма, гэтак калісьці і было – адзначае экспэрт, але зараз толькі сьляпы і глухі можа не заўважаць відавочнага, антырасейскай прапаганды, якая ўвесь час гучыць з вуснаў афіцыйных дзеячоў і афіцыйных тэлеканалаў.

І нарэшце міт чацьверты – Лукашэнку няма альтэрнатывы. Тут я дазволю сабе цытату: “Зразумела, каму выгадны гэты міт. Адзін раз ён ужо спрацаваў на мінулых выбарах. Зараз яго запускаюць для забесьпячэньня выбараў на трэці тэрмін. Між тым гэты міт ня толькі лжывы. Папулярнасьць прэзыдэнта Беларусі павольна, але няўхільна зьніжаецца, а ў краіне ёсьць шмат здольных, адукаваных і талковых людзей. Гэты міт небясьпечны і для Беларусі, і для Расеі, і для самога беларускага прэзыдэнта. Працяг тэрміну паўнамоцтваў ня толькі ня спыніць дэградацыі краіны, але непазьбежна ўзмацніць рэпрэсіўнасьць рэжыму. Тады застанецца толькі лічыць час да паўтарэньня бялградзкага ці тбіліскага сцэнару. Прытым зьмены прайдуць не з Масквы”, – піша ў “Российской газете” Сяргей Караганаў, старшыня расейскай Рады замежнай і абарончай палітыкі. Летась менавіта пад эгідаю гэтага цэнтру адбываліся сустрэчы расейскіх палітыкаў і дасьледчыкаў зь беларускай апазыцыяй.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG