Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.ЛУКАШЭНКА ВЫЗВАЛІЎ Г.ЖУРАЎКОВУ З ПАСАДЫ КІРАЎНІКА СПРАВАЎ ПРЭЗЫДЭНТА


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Тады былі арыштаваныя адразу шэсьць падначаленых Галіны Жураўковай, у тым ліку кіраўнік замежнаэканамічнага ўпраўленьня Юры Матусевіч, якога дасьведчаныя людзі называлі найбліжэйшым памочнікам Жураўковай. Затрыманых падазравалі ў злоўжываньні службовым становішчам і атрыманьні хабару, прычым у сілавых структурах казалі, што празь дзень-другі могуць арыштаваць і саму Галіну Жураўкову. На гэтым нібыта настойваў генэральны пракурор Віктар Шэйман падчас асабістай сустрэчы з кіраўніком дзяржавы.

Аднак тады для яе ўсё склалася інакш. Галіна Жураўкова нечакана дамаглася прыёму ў Аляксандра Лукашэнкі, пасьля чаго ня толькі ня трапіла за краты, а яшчэ паўгоду заставалася на сваёй пасадзе. Да таго ж выпусьцілі некаторых фігурантаў справы “Белай Русі”. Апошнім часам да журналістаў даходзілі зьвесткі, паводле якіх сьледчым перашкаджаюць расьсьледаваць гэтую справу і што яе ўвогуле могуць закрыць.

Аднак зноў атрымалася інакш. Сёньня з Аляксандрам Лукашэнкам сустрэліся ўжо старшыня КГБ Леанід Ерын і кіраўнік Камітэту дзяржкантролю Анатоль Тозік. Магчыма, яны і пераканалі кіраўніка дзяржавы пазбавіцца ад Галіны Жураўковай. Да сёньняшняга ўказу аб зьняцьці Галіны Жураўковай дадаецца інфармацыя прэсавай службы прэзыдэнта аб тым, што гэта зроблена “дзеля забесьпячэньня неабходных умоваў для аб’ектыўнага і ўсебаковага расьсьледаваньня крымінальных справаў”. Гаворка зноў пра справы, заведзеныя супраць падначаленых Галіны Жураўковай.

Кім была Галіна Жураўкова для ўлады Аляксандра Лукашэнкі і чаму ён цяпер вырашыў ад яе пазбавіцца? Былы начальнік прававога ўпраўленьня адміністрацыі прэзыдэнта Аляксандар Пласкавіцкі лічыць, што звальненьне Жураўковай сьведчыць пра тое, што сілавікі бяруць Аляксандра Лукашэнку ў аблогу, пазбаўляючы яго патаемных крыніцаў фінансаваньня.

(Пласкавіцкі: ) “Кіраўніцтва справаў часам бывала на першым месцы ў справе напаўненьня бюджэту грашыма. У Жураўковай — усе дамы, прыбытковыя галіны, прыкладам, гандаль рыбай і тытунем, у яе руках прыбытковыя прадпрыемствы адпачынку. Карацей, яна прыносіла рэальны прыбытак”.

Дарэчы, Аляксандар Пласкавіцкі мае сумнеў у маральных якасьцях Галіны Жураўковай. Але мяркуе, што менавіта гэта і патрэбна было Аляксандру Лукашэнку. Паводле былога супрацоўніка адміністрацыі, Аляксандар Лукашэнка стварыў сыстэму, пры якой лягчэй не зарабляць грошы, а выцягваць іх зь іншых краінаў ці ад іншых кіраўнікоў. Цяпер, паводле спадара Пласкавіцкага, гэтай схеме настае канец, такую задачу выконваюць кіраўнікі сілавых ведамстваў, якія і дамагліся адхіленьня Жураўковай ад улады.

(Пласкавіцкі: ) “Мяркую, чэкісты паставілі яго перад выбарам — альбо ён яе здасьць, альбо яны пойдуць далей”.

Былы кіраўнік упраўленьня адміністрацыі лічыць, што гэта не апошняя перамога сілавікоў. Паводле яго, гэтыя людзі ня спыняцца, пакуль не выканаюць больш вялікай задачы.

(Пласкавіцкі: ) “Паўцякаюць тыя, каго ён сёньня корміць — дырэктарат, чыноўнікі, усе астатнія. Такім чынам, ягоная палітычная сьмерць знаходзіцца ў гэтым залатым яйку — чым менш у яго такіх прыбыткаў, тым слабейшы ён сам”.

Галіна Жураўкова займала пасаду кіраўніка справаў прэзыдэнта больш як тры гады, заступіўшы на гэтую пасаду пасьля адстаўкі дзейнага міністра сувязі Ўладзімера Ганчарэнкі. А да таго кіраўніцтва справаў узначальваў былы сябар Лукашэнкі Іван Ціцянкоў. У 1999 годзе Іван Ціцянкоў зьехаў у Маскву і падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году нават выказваўся супраць Аляксандра Лукашэнкі. А вось Галіна Жураўкова заўсёды дэманстравала ляяльнасьць да свайго начальніка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG