Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СТУДЭНТЫ ГОРАЦКАЙ СЕЛЬГАСАКАДЭМІІ ШУКАЮЦЬ ЗАРОБКАЎ ЗА МЯЖОЙ


Марыя Ўсьціновіч, Горкі

У гэтым навучальным годзе дзесяць студэнтаў Горацкай сельгасакадэміі не вярнуліся з практыкі, якую праходзілі ў Вялікабрытаніі. Кіраўніцтва акадэміі лічыць, што іх бацькі павінны заплаціць за кожны год навучаньня 600 эўра. Камэнтуе дэкан у справе міжнародных сувязяў Сьвятлана Наскова:

(Наскова: ) “Яны падпісвалі пэўныя абавязацельствы, што іх дзіця вернецца. Мы павінны прымаць нейкія меры да таго, каб нашыя студэнты вярталіся, атрымлівалі адукацыю. Гэта, мяркую, і ў інтарэсах краіны, і ў інтарэсах саміх маладых людзей”.

Лёсы студэнтаў, якія застаюцца за мяжой пасьля практыкі, складваюцца па-рознаму. Адныя невяртанцы працуюць нелегальна, некаторыя маладыя людзі просяць аб палітычным прытулку, дзяўчыны звычайна бяруць шлюб. Большасьць бацькоў з разуменьнем ставіцца да памкненьняў сваіх дзяцей жыць за мяжой. Жыхарка Горак тлумачыць рашэньне сына эканамічнымі прычынамі:

(Спадарыня: ) “50–60 тысячаў рублёў пасьля акадэміі. У дзяцей няма пэрспэктывы, няма будучыні. Іншым разам яны вымушаныя там застацца”.

Менавіта з прычыны заробкаў студэнтаў сельгасакадэміі вабіць болей замежжа, чым праца ў беларускіх сельскіх гаспадарках. Вось што гаворыць дзяўчына, сябар якой застаўся зарабляць грошы ў Вялікабрытаніі:

(Спадарыня: ) “Я зь ім размаўляла. Я кажу, што зарабляю недзе 120 тысяч, а ён кажа, што гэта адзін дзень ягонай працы”.

Як ставяцца студэнты горацкай сельгасакадэміі да ўчынкаў сваіх сяброў, якія аддаюць перавагу замежным заробкам?

(Спадар: ) “Нармалёва, у Англіі перавагаў болей для жыцьця і ўсё такое”.

(Спадарыня: ) “Калі б у беларускім калгасе плацілі столькі, колькі там, так не праблема, маглі б застацца і тут”.

Маладыя людзі, якія прыехалі зь Вялікабрытаніі, сьцьвярджаюць, што горацкія невяртанцы ўсё ж плянуюць ехаць дадому празь некалькі гадоў:

(Спадар: ) “Большасьць зь іх мае добрую галаву і ўсё жыцьцё працаваць афіцыянтам іх не задавальняе. Яны хочуць зарабіць грошы, пэўную суму — і вярнуцца”.

Цяпер заробкаў за мяжой шукаюць ня толькі студэнты акадэміі, але і многія жыхары Горак, — сьцьвярджае галоўны рэдактар мясцовай недзяржаўнай газэты “Рэгіянальныя ведамасьці” Эдуард Брокараў.

(Брокараў: ) “Найбольш актыўныя, найбольш самастойныя людзі, у якіх за плячыма няма трох дзяцей ці жонкі, хаты, каровы і гэтак далей, яны, зразумела, шукаюць сабе лепшага жыцьця. І зьяжджаюць — хто куды можа”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG