Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭЎРАПЕЙСКІ СУД РАСПАЧНЕ СПРАВУ СУПРАЦЬ КІРАЎНІКОЎ, ЯКІХ ПАДАЗРАЮЦЬ У АРГАНІЗАЦЫІ ЗЬНІКНЕНЬНЯЎ АПАЗЫЦЫЯНЭРАЎ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Сьвятлана Завадзкая кажа, што распачынаць судовую справу аб зьнікненьнях у адным з эўрапейскіх судоў было немагчыма без кансультацыяў з уплывовымі эўрапейскім палітыкамі.

Сьвятлана Завадзкая цягам трох папярэдніх дзён мела сустрэчы ў Брусэлі з уплывовымі дэпутатамі Эўрапарлямэнту. Сярод іх былі Элізабэт Шродтэр, Ян Вірсмаа, Барт Стайс ды іншыя палітыкі. Падчас сустрэч зь імі былі абмеркаваныя магчымасьці слуханьняў у Эўрапарлямэнце праблемы палітычных зьнікненьняў у Беларусі, а таксама арганізацыйныя ды фінансавыя акалічнасьці будучага судовага працэсу над беларускімі кіраўнікамі, якія, магчыма, датычныя да зьнікненьняў. У тым, што такі працэс адбудзецца, спадарыня Завадзкая цяпер не сумняецца, але з пэўных прычынаў ня можа паведаміць, дзе ён пройдзе.

(Завадзкая: ) “Не хачу пакуль казаць усё, пра што мы дамовіліся, каб не даваць уладам магчымасьці для пэўнага супрацьдзеяньня. Скажу так: ёсьць некаторыя краіны, якія зацікаўленыя ў гэтым пытаньні. Нават зь мясцовымі юрыстамі мы ўжо абмяркавалі, колькі гэта будзе каштаваць. У нас знойденая асноўная крыініца фінансаваньня, але і з нашага боку таксама будзе патрэбны сур’ёзны матэрыяльны ўнёсак”.

Патлумачу, што зьвяртацца ў адзін з эўрапейскіх судоў сваякам зьніклых беларускіх апазыцыянэраў даводзіцца з прычыны нежаданьня беларускіх уладаў сапраўды расьсьледаваць гэтыя справы. Прыкладам, Сьвятлане Завадзкай гэтак і не паведамілі, дзе знаходзіцца цела яе скрадзенага мужа, хаця ўжо асуджаныя тыя, хто яго нібыта скраў. Зінаіда Ганчар і Ірына Красоўская, гэтак сама, як і сваякі Юрыя Захаранкі, настойваюць на расьсьледаваньні вэрсіі пра датычнасьць да арганізацыі зьнікненьняў кіраўнікоў сілавых ведамстваў Беларусі, у прыватнасьці, генэральнага пракурора Віктара Шэймана. Сьледзтва, аднак, не жадае заўважаць гэтай вэрсіі.

Калі адзін з эўрапейскіх судоў пачне слуханьні справаў зьніклых беларускіх апазыцыянэраў, то падазроных беларускіх кіраўнікоў могуць затрымаць у любой з эўрапейскіх краінаў і пад прымусам даставіць на працэс. Сваякі зьніклых дамагаюцца, каб гэтая працэдура была зробленая адносна Віктара Шэймана, Юрыя Сівакова, Уладзімера Навумана, Зьмітра Паўлічэнкі ды некаторых іншых асобаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG