Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭНЭРГАСЫСТЭМА БЕЛАРУСІ ПРАЦУЕ З ПАВЯЛІЧАНАЙ НАГРУЗКАЙ, АЛЕ АБЫХОДЗІЦЦА БЕЗ РАСЕЙСКАЙ ЭЛЕКТРАЭНЭРГІІ


Валер Каліноўскі, Менск

З новага году расейскі “Газпром” не пастаўляе ў Беларусь газу, з 1 лютага Беларусь адмовілася і ад электраэнэргіі з “ЕЭС Расеі”. У сувязі з гэтым цікавасьць да беларускага рынку выявілі расейскія атамшчыкі, якія спадзяваліся заключыць просты кантракт зь беларускім бокам. Але ўчора кіраўнік “Росэнэргаатаму” Алег Сараеў заявіў, што і ягоны канцэрн ня будзе экспартаваць сваёй электраэнэргіі ў Беларусь. Паводле спадара Сараева, Украіна прапанавала Беларусі электраэнэргію за больш нізкую цэну.

У “Белэнэрга” зьдзівіліся падобным заявам Алега Сараева. Гаворыць прадстаўнік канцэрну Ўладзімер Кардуба:

(Кардуба: ) “Усе кантракты, якія ў нас былі ў папярэднія гады, заключаліся толькі з “Інтэр-РАО ЕЭС”, кантрактаў з “Росэнэргаатамам” ніколі не было”.

Паводле спадара Кардубы, пакуль няма ніякіх дамоўленасьцяў і наконт паставак у Беларусь украінскай электраэнэргіі, якая не таньней за расейскую. Таму, паводле Ўладзімера Кардубы, перамовы аб пастаўках электраэнэргіі парцягваюцца толькі з Расеяй. Беларусь хацела бы дабіцца вяртаньня да леташніх коштаў. У мінулым годзе “ЕЭС Расеі” паставіла ў Беларусь 5 мільярдаў кіляватаў электраэнэргіі коштам 1,68 цэнта за кіляват-гадзіну, сёлета ж прапанавала цану 2,16 цэнта. Падвышэньне сваіх коштаў “ЕЭС Расеі” скаардынавала зь дзеяньнямі “Газпрому”, гэта нецывілізаваны ціск на беларускі бок, — лічыць незалежны спэцыяліст у галіне энэргетыкі Валянцін Мацкевіч:

(Мацкевіч: ) “Такая сытуацыя была, у 2002 годзе, і зноў жа прапаноўвалася тады цана 2,1 цэнта, але наша міністэрства тады не пагадзілася з гэтым, і таму што РАТ “ЕЭС Расеі” не ішло на саступкі, месяц ці два энэргасыстэма працавала на больш поўнай загрузцы, і фактычна РАТ “ЕЭС Расеі” пайшло на саступкі й прапанавала прымальны для нас кошт”.

Спадар Мацкевіч мяркуе, што пры адпаведнай пазыцыі беларускага боку, такая сытуацыя можа паўтарыцца і сёлета, бо Расея мае лішкі электраэнэргіі й будзе шукаць магчымасьці яе прадаць.

На думку Валянціна Мацкевіча, Беларусь магла бы таньней купляць электраэнэргію ў Літвы зь яе Ігналінскай АЭС, калі б яе можна было браць наўпрост, мінаючы расейскія сеткі.

На гэты момант Беларусь сама забясьпечвае сябе электраэнэргіяй — у поўнай ступені, ніякага дэфіцыту не назіраецца, зазначаюць у “Белэнэрга”. Праўда, нагрузка на некаторыя электрастанцыі часам узрастае амаль удвая, гэта датычыць, у прыватнасьці, Лукомскай ДРЭС. І паводле спэцыялістаў “Белэнэрга”, сабекошт уласнай электраэнэргіі ніжэйшы, чым цана расейскай. Пры гэтым прадстаўнік “Белэнэрга” Ўладзімер Кардуба кажа, што калі сытуацыя памяняецца, то беларускі бок можа зноў вярнуцца да імпарту расейскай энэргіі.

У пэрспэктыве ж Беларусь павінна цалкам адмовіцца ад закупаў імпартнай элекрычнасьці і можа сама стаць яе экспартэрам. У Беларусі падрыхтаваная праграма разьвіцьця элекатраэнэргетыкі да 2020 году, будуць будавацца новыя электрастанцыі. У прыватнасьці, у наступныя месяцы пачнецца будаўніцтва Гарадзенскай ГЭС на Нёмане, плянуецца ўзьвядзеньне новай электрастанцыі ў Берасьці, што будзе спажываюць буры польскі вугаль. Сёлета будуць запушчаныя новая ГЭС на Аўгустоўскім канале, дадатковыя магутнасьці ў Салігорску, Гомелі, Магілёве.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG