Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У РЫЗЕ ПРОЙДЗЕ ФОРУМ “БУДУЧЫНЯ ДЭМАКРАТЫІ ПА-ЗА МЕЖАМІ БАЛТЫІ”


Юры Сьвірко, Менск

“Дэмакратыя ў Беларусі: выбары 2004 году й далей” — гэтак называецца галоўная частка рыскага форуму, які пройдзе ў пятніцу. Аднак напярэдадні, у чацьвер, беларускія ўдзельнікі канфэрэнцыі будуць ладзіць шматлікія сустрэчы з гасьцямі зь іншых краінаў. У Рыгу прыедзе дэлегацыя Кангрэсу ЗША на чале зь вядомым сэнатарам Джонам Маккэйнам, міністры замежных справаў Літвы ды Эстоніі, іх былы ўкраінскі калега Барыс Тарасюк і дэпутатка Вярхоўнай Рады Ўкраіны Юлія Тымашэнка, сябра парлямэнту Швэцыі Урбан Алін, прадстаўнік амэрыканскага фонду “Heritage” Арыэль Коэн, кіраўнік офісу АБСЭ ў Менску Эбэргард Гайкен, сябра Нямецкай рады міжнародных стасункаў Аляксандар Рар, амэрыканскі амбасадар у адстаўцы Рычард Голбрук і дакладчык ПАРЭ Хрыстас Пургурыдэс.

Гэта далёка ня ўвесь сьпіс удзельнікаў рыскай канфэрэнцыі зь іншых краін. Там будуць прадстаўнікі Эўрапейскай камісіі ды міністэрстваў замежных справаў краін Эўразьвязу, вядучыя амэрыканскія журналісты. Супрацоўніца МЗС Латвіі Ілзэ Раса кажа, што заплянаваныя шматлікія сустрэчы сяброў дэмакратычных арганізацыяў Беларусі з прадстаўнікамі міжнароднай супольнасьці, але падрабязнасьцяў гэтых размоваў афішаваць нельга, каб беларускія госьці “адчувалі сябе вольна, у свабодным асяродзьдзі”:

(Раса: ) “Усё, што будзе для апазыцыянэраў, гэта вельмі індывідуальна для іх. Пра гэта мы ня можам распавесьці мэдыям, гэта не для прэсы”.

МЗС Латвіі акрэдытавала на канфэрэнцыю карэспандэнта й тэлеапэратара Беларускага дзяржаўнага тэлебачаньня, хаця менавіта гэты карэспандэнт зрабіў нядаўна сюжэт пра Латвію, у якім сьцьвярджаў пра масавую дыскрымінацыю расейскамоўных, у тым ліку вайсковых пэнсіянэраў, ды ўсталяваньне помнікаў эсэсаўцам. Раней БТ паведаміла, што ў Рызе беларускую апазыцыю будуць прымушаць аб’яднацца перад парлямэнцкімі выбарамі, якія пройдуць сёлета, ды адпаведным чынам інструктаваць.

Адзін зь лідэраў кааліцыі “5+” Анатоль Лябедзька перад адлётам у Рыгу заявіў з гэтай нагоды:

(Лябедзька: ) “Далучэньне астатніх суб’ектаў да працэсу аб’яднаньня, гэта, безумоўна, будзе станоўчым фактарам. Калі хто-небудзь займаўся аб’яднаньнем людзей, ён ведае, наколькі гэта складана. І далёка не заўсёды стаіць такая задача, каб аб’ядноўвацца. Што можна было зрабіць за дзевяць месяцаў падчас штодзённых кансультацыяў, перамоваў і размоваў, зроблена”.

А вось меркаваньне Андрэя Саньнікава, прадстаўніка іншай кааліцыі — “Свабодная Беларусь”, які таксама бярэ ўдзел у рыскай канфэрэнцыі:

(Саньнікаў: ) “Калі адбудуцца пэўныя размовы ў Рызе — добра. Я ня думаю, што будзе пэўны прымус, што можна прымусам дасягнуць аб’яднаньня. Гэта павінна быць добрая воля ўсіх апазыцыйных сілаў. Гэта мы прапаноўвалі ўжо даўно, і апошні наш зварот да “пяцёркі” — цягам месяца правесьці кансультацыі і перамовы наконт аб’яднаньня”.

Спадар Саньнікаў, былы намесьнік міністра замежных справаў Беларусі, лічыць вельмі важным правядзеньне канфэрэнцыі ў беларускіх пытаньнях на такім высокім узроўні. На ягоную думку, удзел уплывовых амэрыканскіх палітыкаў будзе спрыяць таму, што форум не абмяжуецца рэгіянальнымі праблемамі дачыненьняў будучага пашыранага Эўразьвязу зь Беларусьсю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG