Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЗІЦЯ ЦІ КАР’ЕРА?


Юлія Шарова, Менск

Амаль 216 тысяч жанчын у Беларусі сёньня у так званым “дэкрэтным” адпачынку. Але для шмат каго зь іх гэты адпачынак — толькі фармальнасьць. Як сказала ў гутарцы са мной начальнік упраўленьня сацыяльнай дапамогі й сацыяльнага абслугоўваньня Міністэрства працы Тацяна Шаметавец, прыкладна 20% такіх маці вяртаюцца на працу да таго, як іхным дзецям пойдзе чацьверты год.

(Шаметавец: ) “Тыя жанчыны, у якіх узровень аплаты працы збольшага высокі — натуральна, могуць страціць гэтае месца, высокааплатную працу. І потым узьнікнуць праблемы. Таму гэта, сапраўды, праблема, якая ляжыць на паверхні”.

Жанчын выштурхоўваюць з дому найперш матэрыяльныя праблемы, якія непазьбежна ўзьнікаюць пасьля нараджэньня немаўляці. Добра, калі муж здольны забясьпечыць сям’ю. А калі ў яго сьціплы заробак, ці калі жанчына папросту рызыкуе застацца бяз працы з прычыны доўгай адсутнасьці ў сваёй фірме?

Мовазнаўца і выкладчык польскай мовы Інэса Кур’ян у трыццаць восем гадоў рашылася на другое дзіця. Калі ў канцы васьмідзясятых яна нараджала першага сына, дзяржава плаціла яшчэ немалую грашовую дапамогу, дый муж няблага зарабляў, а бабулі-дзядулі не адмаўляліся дапамагаць у доглядзе за немаўлём. Як нараджала малодшага, то ўсё выйшла наадварот: дзяржаўная дапамога 70 тысяч рублёў на месяц, сьціплыя заробкі ў мужа ды амаль ніякай падтрымкі ад старых.

(Кур’ян: ) “Я кандыдат навук і адначасова вяла заняткі ў званьні дацэнта. Калі пайшла ў адпачынак, пачала атрымліваць грошы, якія атрымліваюць усе жанчыны ўсіх узроўняў адукацыі. І мне папросту стала жахліва ад таго, што фактычна я атрымліваю гэтыя няшчасныя 70 тысяч, калі раней працавала ў пяці розных месцах ды ў сукупнасьці атрымлівала 350–400 даляраў штомесяц. Але калі перайшла на 70 тысяч, то стала проста жахліва ад гэтай сытуацыі”.

Cпадарыня Інэса вярнулася да працы праз колькі тыдняў пасьля нараджэньня сына. Цяпер зранку яна ўцякае на лекцыі, пакідаючы сцэджанае малако, а дзіця даглядаюць то сваякі, то шматлікія сябры. А ўвечары і ноччу ад працы не адпачнеш — малое дзіця патрабуе штохвіліннай увагі.

У свой час тэрмін дэкрэтнага адпачынку, тры гады, вызначылі невыпадкова: вядома, што менавіта гэты пэрыяд найбольш важны ў разьвіцьці дзіцяці, калі вельмі пажадана, каб побач зь ім была маці і каб яно атрымлівала грудное малако. На думку сэксоляга Дзьмітрыя Капусьціна, гэта вельмі спрыяе ня толькі фізычнаму, але й эмацыйна-інтэлектуальнаму разьвіцьцю.

(Капусьцін: ) “У грудным жаночым малацэ ёсьць тыя гармоны, якіх няма ні ў якіх іншых сумесях. У тым ліку гармон праляктын, якому ўласьціва антыстрэсавае дзеяньне. Прычым, пры раньняй псыхічнай дэпрывацыі, то бок адсутнасьці альбо недастатковым кантакце з маці, мае месца недаразьвіцьцё тых участкаў мазгоў дзіцяці, што адказныя за паводзіны й за эмоцыі. Адзначаецца, што дзеці, выгадаваныя на грудным малацэ, эмацыйна больш здаровыя, у іх вышэйшы інтэлект ды лепшая памяць”.

Ня толькі адсутнасьць натуральнага кармленьня ды наогул недастатковы кантакт з маці вядзе да нэгатыўных наступстваў: дзеці, пазбаўленыя мацярынскай увагі, пакінутыя на іншых выхавальнікаў, у дарослым жыцьці вельмі часта падсьвядома шукаюць недаатрыманай любові. Неразборлівасьць у сэксуальных дачыненьнях, як лічаць псыхолягі, часта ёсьць вынікам таго, што ў свой час маці не надала выхаваньню належнай увагі.

Калі ў Беларусі дый на абшарах СССР адпачынак для догляду за дзіцем вымяраецца трыма гадамі, то ў заходніх дзяржавах сытуацыя зусім іншая. Кіраўніца Центру гендэрных дасьледаваньняў Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту распавядае пра амэрыканак, якія, зацяжараўшы, апынаюцца перад жорсткай дылемай: дзіця альбо кар’ера.

(Гапава: ) “Там увогуле не існуе аплачанага адпачынку для догляду за дзіцем. Як працадаўца вырашыць. А так — шэсьць тыдняў неаплачанага адпачынку, і ўсё. Ёсьць вялікая колькасьць жанчын, якія не працуюць, а застаюцца дома зь дзіцем, калі ёсьць дастаткова грошай у сям’і. А калі грошай недастаткова, ці ў жанчыны ёсьць нейкія справы, напрыклад, яна піша дысэртацыю ці нешта яшчэ робіць — дзяцей праз шэсьць тыдняў аддаюць у дзіцячыя садкі ды выходзяць на працу. Глядзець на гэта горка, прыкра, але гэта тое, што існуе, калі няма сыстэмы сацыяльнай бясьпекі”.

У Эўропе правілы крыху мякчэйшыя. Так, у Фінляндыі дэкрэтны адпачынак аплачваюць цягам 258 сутак, у гэтай краіне адна з найбольш моцных сыстэмаў сацыяльнай абароны насельніцтва.

Мая калега Вольга Гардзейчык-Мазярска, якая цяпер жыве ў Варшаве ды гадуе дзьвюх маленькіх дачок, расказала, што ў Польшчы дэкрэтны адпачынак доўжыцца толькі тры месяцы. Пасьля яго жанчына павінна альбо вярнуцца на працу, альбо папрасіць бясплатны адпачынак, тэрмін якога сягае трох год. Ня кожная жыхарка Польшчы цалкам гэты адпачынак выкарыстоўвае — за тры гады можна шмат упусьціць, а потым страціць працу. Але нават калі жанчына не вяртаецца на працу раней за тры гады, яна і дома бяз справы не застаецца. Напрыклад, можа заняцца дадатковай уласнай адукацыяй, што не адбірае столькі часу, як праца, каб потым лягчэй вярнуцца да актыўнага жыцьця, кажа Вольга.

(Гардзейчык-Мазярска: ) “Кабета ня можа сабе дазволіць заставацца толькі жонкай і маці, бо ў пэўны момант пачуецца вельмі нешчасьлівай, калі ейныя дзеці падрастуць, а муж пачне цікавіцца чымсьці па-за домам. Хаця, зь іншага боку, першыя тры гады вельмі важныя для дзіцяці, таму важна, каб кабета спрабавала разьвівацца, не губляць сваіх амбіцыяў, але адначасна вельмі шмат увагі прысьвячаць дзіцяці, бо пазьней гэта ўжо вельмі цяжка нагнаць”.

Многія беларускі цяпер навучаюцца гэтаму мастацтву — быць добрай маці й жонкай ды адначасова не зачыняцца ў чатырох сьценах. Для многіх гэта змушаны крок: праца робіцца неабходнай умовай для фізычнага выжываньня. Менавіта таму шматлікія маладыя маці ўжо цяпер вымушаныя разрывацца паміж дзіцячай калыскай ды працоўным кампутарам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG