Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КОЛЬКАСЬЦЬ УДЗЕЛЬНІКАЎ ГАЛАДОЎКІ ВІЦЕБСКІХ ПРАДПРЫМАЛЬНІКАЎ СКЛАДАЕ ЎЖО ТРЫЦЦАЦЬ ЧАЛАВЕК


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Над уваходам у прыватны рынак “Мішэль” ужо другі дзень вісіць плякат “Мы не працуем. Тут праходзіць акцыя пратэсту супраць рашэньняў гарадзкіх ды абласных уладаў”. На другі дзень галадоўкі колькасьць удзельнікаў паболела на 7 чалавек, цяпер галадоўшчыкаў ужо трыццаць: 7 мужчын і 23 жанчыны. У асноўным гэта прадпрымальнікі, якія працуюць на рынках “Мішэль”, “Прывакзальны” ды ўладальнікі некалькіх прыватных крамаў. Сярэдні ўзрост удзельнікаў акцыі 35-40 год, пераважная большасьць мае сем”і. Удзел у галадоўцы гэтыя людзі называюць апошнім сродкам дзеля таго, каб улады зьвярнулі ўвагу на іхныя праблемы. Гавораць удзельніцы галадоўкі:

(Спадарыня: ) “Мы, бывала, і па два тыдні ў аўтобусах жылі ў часе сваіх паездак. Так што мы народ загартаваны! З намі што толькі не рабілі, як хацелі, так і круцілі, таму вытрымаем усё! Як кажуць, перажылі раскошу, перажывем і голад! Іншага выйсьця ў нас няма! Будзем галадаваць да поўнае перамогі, пакуль мы не атрымаем адказу на ўсе нашыя пытаньні, і гэтыя адказы нас не задаволяць!”

Кіраўнік прадпрымальніцкага прафсаюзу “Пэрспэктыва” Анатоль Шумчанка, які прыехаў зь Менску падтрымаць удзельнікаў акцыі, прапанаваў дэлегаваць некалькіх чалавек да начальніка ўправы прадпрымальніцтва Віцебскага аблвыканкаму Валяньціна Цьвяткова. Бо гарадзкія ўлады пакуль што ня выказалі аніякае рэакцыі на прадпрымальніцкую галадоўку. Да абмеркаваньня былі абраныя ўсяго тры пытаньні, якія знаходзяцца ў кампэтэнцыі мясцовага кіраўніцтва: пытаньне пра адмену ўвядзеньня касавых апаратаў, пытаньне пра перавод крытых рынкаў у статус гандлёвых цэнтраў, штл вымагае ад прыдпрымальнікаў вялікіх грашовых выдаткаў, і пытаньне пра адстаўку намесьніка старшыні Віцебскага аблвыканкаму Ўладзімера Яравікова ды загадчыцы гарадзкога аддзелу гандлю Ірыны Ляўковіч.

Дэлегаваныя лідэры прафсаюзу “Пэрспэктыва” Анатоль Шумчанка, кіраўнік віцебскай філіі Барыс Элькін ды Валеры Шаўчэнка з Наваполацку вярнуліся ў “Мішэль” ні з чым: яны паведамілі прадпрымальнікам, што гарадзкія ўлады сёньня не гатовыя да канструктыўнае размовы. Размаўляючы з дэлегатамі, спадар Цьвяткоў заўважыў наступнае:

(Цьвяткоў: ) “Што я магу казаць з гэтае нагоды? Заўтра ў прэсе будзе афіцыйнае камюніке па гэтых пытаньнях”.

Прадпрымальнікі паставіліся да словаў начальніка ўправы прадпрымальніцтва зь недаверам. Найперш таму, што заўтра мясцовыя газэты не выходзяць, і чакаць на іхных старонках нейкае інфармацыі можна толькі ў чацьвер. Таму ўдзельнікі галадоўкі папоўнілі запасы пітное вады і гатовыя працягваць сваю акцыю.
Ад сёньня стан іхнага здароўя будзе кантраляваць урач.

Заўтра, паводле словаў лідэра віцебскае “Пэрспэктывы” Барыса Элькіна, падтрымаць патрабаваньні галадоўшчыкаў бестэрміновым страйкам выказалі жаданьне прадпрымальнікі ўсіх віцебскіх рынкаў. А віцебскія прадстаўнікі сацыял-дэмакратычнае партыі “Народная грамада”, якія сёньня таксама адведалі галадоўшчыкаў, прапанавалі палітычную падтрымку, выказаўшы гатовасьць пікетаваць будынак гарвыканкаму, пакуль чыноўнікі не дадуць прадпрымальнікам канкрэтнага адказу.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG