Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГАЗУ АД “ІТЭРЫ” ХОПІЦЬ НА ТЫДЗЕНЬ


Валер Каліноўскі, Менск

Пасьля некалькіх раўндаў перамоваў зь незалежнымі пастаўшчыкамі расейскага газу беларускаму кіраўніцтву ўдалося падпісаць кантракт толькі з “Ітэрай” — на 516 мільёнаў кубамэтраў. Газ падаецца паводле сутачных лімітаў, якія дазваляюць функцыянаваць беларускай эканоміцы. Наконт цэнаў гэтых паставак бакі дамовіліся нічога не казаць.У прыватнасьці, прэсавы сакратар групы кампаніяў “Ітэра” Яўген Астапаў заявіў:

(Астапаў: ) “Ну, мы ня кажам пра кошты, не разгалошваем цаны… Умовы ўзгодненыя. Я разумею, што гэта вельмі абцякальная фармулёўка, незразумелая, але гэты кошт як бы задаволіў “Ітэру” і “Белтрансгаз”.

У студзені “Ітэра” паставіла ў Беларусь 800 мільёнаў кубамэтраў газу за 47 даляраў за тысячу кубамэтраў. Пакуль сытуацыя не зусім зразумелая, але ў лютым кантракт заключаны толькі на 516 мільёнаў кубамэтраў, — кажа спадар Астапаў. Ён пагаджаецца, што гэтага аб’ёму хопіць толькі на тыдзень, зыходзячы з двухмільярднай месячнай патрэбы Беларусі. Потым неабходныя новыя кантракты. “Ітэра” — прыватная камэрцыйная структура і разьлічвае на прыбытак, пры гэтым трэба ўлічваць, што ўнутрырасейскія кошты газу за месяц таксама вырасьлі, таму падвышэньне коштаў на газ “Ітэры” — справа аб’ектыўная, — кажа прадстаўнік групы кампаніяў “Ітэра” Яўген Астапаў.

(Астапаў: ) “Але “Ітэра” ніколі ў Беларусі ніякіх звышпрыбыткаў не зарабляла і ўвогуле ня можа гэтага рабіць”, — зазначыў Яўген Астапаў.

У “Белтрансгазе” нічога пра ўмовы паставак газу ў Беларусь у лютым не паведамляюць. Пасьля апошняй нарады з удзелам Лукашэнкі інфармацыя для СМІ на газавую тэму моцна абмежаваная. Прадстаўнік Мінэнэрга Беларусі Лілія Дулінец зазначыла, што і ім забаронена паведамляць пра ўмовы газавых кантрактаў.

Паводле незалежных крыніцаў, кошт газу ад “Ітэры” складае каля 50 даляраў, такую цану ж патрабуе і “Газпром”. Менск пакуль не пагаджаецца. Як зазначыў беларускі амбасадар у Расеі Ўладзімер Грыгор’еў, беларускі бок разьлічвае падпісаць кантракт з “Газпромам” на пастаўку газу ў 2004 годзе на працягу двух тыдняў.

Падпісаць кантракт зь іншым незалежным пастаўшчыком, на які разьлічваў “Белтрансгаз”, — “Транснафтай”, пакуль не ўдалося. Ад “Транснафты” беларускі бок разьлічвае ў лютым атрымаць 1,2 мільярда кубамэтраў газу.

Асаблівую засакрэчанасьць газавай інфармацыі незалежны спэцыяліст у галіне энэргетыкі Валянцін Мацкевіч тлумачыць наступным чынам:

(Мацкевіч: ) “Ім няма аб чым казаць, шмат наабяцалі, а цяпер няма пра што гаварыць. Раней казалі, што і дагавор будзе, што і пытаньняў ніякіх ня будзе… Трэба было неяк больш рэалістычна падыходзіць. А то цьмяная нейкая сытуацыя атрымліваецца”.

Валянцін Мацкевіч таксама кажа, што газу ад “Ітэры” Беларусі хопіць максымум на 10 дзён. Пры спрыяльным надвор’і газу патрэбна будзе мінімум 1,7 мільярда кубамэтраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG